Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Зьніжэньне кошту візаў адказвае на пытаньне: “А што Эўразьвяз можа даць Беларусі?”


Віталь Цыганкоў, Менск Тры камітэты Бундэстагу зьбіраюцца 7 лістапада абмеркаваць парлямэнцкі праект аб зьніжэньні кошту шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі. Парлямэнтары Нямеччыны прапануюць зрабіць бясплатнымі візы для моладзі да 25 гадоў, адмяніць візавы збор для ўдзельнікаў навуковых і культурных абменаў. Наколькі важнае візавае пытаньне ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўразьвязам? Чаму дагэтуль не было ніякіх станоўчых зрухаў у вырашэньні візавай праблемы? Віталь Цыганкоў гутарыць з палітолягам, галоўным рэдактарам газэты “Новы час” Аляксеям Каралём.

Цыганкоў: “Наколькі cур’ёзнай і важнай зьяўляецца візавая тэма і для беларусаў, і для дачыненьняў паміж беларускай грамадзянскай супольнасьцю і Эўразьвязам?” Кароль: “Вельмі важнай. Бо з набору тых свабодаў, якія складаюць сутнасьць чалавечага існаваньня, свабода перасоўваньня, свабода быць там, дзе ты хочаш – самая адчувальная непасрэдна кожным чалавекам. Яна самая пажаданая і бачная.

Гэтая праблема зараз найбольш лёгка і даходліва адказвае на вельмі распаўсюджанае зараз пытаньне: “А што Эўразьвяз можа даць Беларусі?” Вось ён, канкрэтны адказ. Таму, я думаю, ён будзе пачуты, і найперш пачуты тымі, каму ён адрасаваны. А адрасная група для гэтай прэфэрэнцыі вызначана вельмі дакладна – гэта моладзь да 25 гадоў і ўдзельнікі навуковых і культурных абменаў. Тыя людзі, для якіх паездкі за мяжу зьвязаныя якраз з прафэсійнай дзейнасьцю і самарэалізацыяй, чаго не хапае ў Беларусі”.

Цыганкоў: “Пра неабходнасьць лібэралізацыі візавай праблемы беларускія апазыцыйныя палітыкі, якія сустракаюцца на Захадзе з сваімі калегамі, гавораць ужо даўно – але дасюль ніякіх станоўчых крокаў не было зроблена. Можа большасьць беларусаў не зусім разумее мэханізму прыняцьця такіх рашэньняў, у чым там узьнікаюць складанасьці?”

Кароль: “Мне здаецца, тут найперш дамоўленасьць гуляць паводле адных правілаў Эўразьвязу, якія ўжо прынятыя і зацьверджаныя. І тут Нямеччына дае прыклад, які паказвае, што калі ёсьць добрая воля, тады знаходзяцца і магчымасьці і спосабы, не парушаючы агульных шэнгенскіх правілаў Эўразьвязу, станоўча вырашыць гэтую праблему.

Гэта можа стаць прыкладам для іншых краінаў Эўразьвязу і для зьвязу ў цэлым. Мне падаецца, што Нямеччына робіць той крок, які ў той ці іншай ступені можа быць паўтораны іншымі краінамі, якія,дарэчы, таксама заяўлялі пра сваё жаданьне зьменшыць альбо адмяніць аплату за візы для беларусаў”

• Заўтра пачнуць вырашаць, ці патаньнеюць візы для беларусаў, 6.11.2007
XS
SM
MD
LG