Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Memento mori – напішы тастамэнт


Радыё Свабода Memento mori – “памятай пра сьмерць” – цьвердзіць вядомы старажытны афарызм. У розных сытуацыях крылаты лацінскі выраз набывае розныя сэнсы. На сёньняшні дзень юрысты і натарыюсы раяць памятаць пра сьмерць у юрыдычным сэнсе. Тэма досьледу “Начной Свабоды” – тастамэнты.

У грамадзянскім працэсе судова-псыхіятрычных падразьдзяленьняў у 2002 годзе было праведзена 2634 экспэртызы, а ў 2005 – ажно 4855. Гэта – экспэртызы псыхіятрычнай адэкватнасьці нябожчыкаў, якія замаўляюць нашчадкі, не задаволеныя тастамэнтамі сваіх памерлых продкаў. Каб дамагчыся справядлівасьці, яны зьвяртаюцца ў суд і заяўляюць, што на момант напісаньня тастамэнту памерлы быў “не ў сабе”. Засьцерагчыся ад гэткіх сытуацыяў можна, як сьлед пракансультаваўшыся з адмыслоўцамі.

Тастамэнты – справа спрэчная

Распавядае натарыюс адной зь менскіх натарыяльных кантор Сяргей Шчупак:

“Людзі часта прыходзяць кансультавацца, калі канфліктная сытуацыя ўжо існуе. Да гэтага лепей не даводзіць. Калі ў вас ёсьць бабуля, дзядуля ў сталым веку, у іх ёсьць нейкая нерухомасьць і вы ведаеце, што яны зьбіраюцца вам пакінуць яе, лепей аформіць на яе дарчую, а не тастамэнт. Бо тастамэнт можна аспрэчыць у судзе – і невядома, чым той суд скончыцца і калі”.

Сяргей Шчупак сьведчыць, што, нягледзячы на рост папулярнасьці гэткіх далікатных юрыдычных працэдур, у большасьці людзі пачуваюць сябе вельмі няёмка, абмяркоўваючы тэму тастамэнтаў. На ягоны погляд, гэта сфармаваны яшчэ савецкай ідэалёгіяй сацыяльна няўхвальны стэрэатып. Маўляў, сорамна паказваць, што цябе цікавяць грошы.

“Маёмасныя адносіны ў Савецкім саюзе былі пачварна скажоныя”...

Сытуацыю камэнтуе сацыёляг Уладзімір Мацкевіч:

“Маёмасныя адносіны ў дачыненьні да зямлі падпарадкаваныя грамадзкаму праву, а не традыцыям. Шляхецкая маёмасьць рэглямэнтавалася адпаведнымі часткамі статуту, пакуль ён існаваў. Потым некалькі дзясяткаў гадоў была поўная блытаніна. А ўжо пасьля скасаваньня прыгону пачалося распаўсюджваньне прававых адносінаў і на сялянаў. І прававое выхаваньне, папулярызацыя прававой пісьменнасьці пачалося яшчэ ў тыя гады. Сяляне Заходняй Беларусі шмат чаго навучыліся ў гэтым сэнсе – і для іх складаньне тастамэнтаў не было праблемай. А вось за савецкім часам гэтыя пытаньні сталіся гэткімі сарамлівымі, гэткімі інтымнымі, што пра іх не прынята было казаць. Дый маёмасьці, шчыра кажучы, не было. Калі ў кватэры не было прапісаных, яна адыходзіла дзяржаве. І ў гэтым сэнсе маёмасныя адносіны ў Савецкім Саюзе былі ня проста заблытаныя, а пачварным чынам скажоныя”.

Братэрская любоў разьбілася аб кватэру

У Міхаіла Чысьцякова, дробнага прадпрымальніка зь Берасьця, суд паміж ім і братам пакуль не пачаўся. Але заяву ў суд ён ужо падаў.

Чысьцякоў: “Пасьля сьмерці бацькоў нам засталася кватэра ў Берасьці. Паводле тастамэнту. Мы з братам абодва мелі дзе жыць, таму гэтую кватэру здавалі. Але прайшло колькі гадоў. У мяне ёсьць невялічкі бізнэс: мне цяпер вельмі патрэбныя грошы на яго разьвіцьцё, і я прапанаваў кватэру прадаць. Брат катэгарычна супраць. І што рабіць? Прыйдзецца вырашаць гэта праз суд. Пры ўсім тым, што ў нас заўсёды былі нармальныя сяброўскія адносіны, і гэтая кватэра стала раптам як сьцяной. Я спадзяюся, вядома, што да суду ня дойдзе, можа, мы неяк дамовімся, але ў суд я ўжо падаў”.

Вы ўяўляеце сабе, што такое кватэра ў Варшаве?

Яшчэ аднаму майму суразмоўцу пашанцавала болей – у яго цудоўныя стасункі зь сястрой. І для таго, каб атрымаць паводле тастамэнту кватэру бацькі ў Варшаве, ён адмовіўся ад сваёй часткі спадчыны. Распавядае Яўген Мішураў:

Мішураў : “Рэч у тым, што заканадаўства Польшчы, мякка кажучы, вельмі ўедлівае. Мой бацька жыў і памёр у Польшчы. Ён пісаў тастамэнт у лякарні. У яго было мала сьведкаў, бо паводле польскіх законаў, калі тастамэнт пішацца не натарыюсам, сьведкі мусіць быць тры. Таму насамрэч польскі суд не меў права задаволіць жаданьне памерлага паводле ягонага тастамэнту. Таму мы з сястрой пайшлі фармальным шляхам атрыманьня спадчыны, каб пасьля ўжо выканаць волю бацькі. Але тут атрымалася новая праблема. Уладальнікам кватэры юрыдычна мог быць толькі адзін дарослы чалавек. У нас з сястрой цудоўныя стасункі – таму для мяне не склала праблемы адмовіцца ад кватэры. Але каб гэткіх стасункаў не было – цяжка ўявіць, ува што б гэта магло выліцца – уяўляеце сабе наагул, што такое кватэра ў Варшаве”?

Каб ня толькі забясьпечыць сваіх нашчадкаў пэўнай маёмасьцю, але быць спакойным за іхнія стасункі, на думку адмыслоўцаў, варта перагледзець савецкія стэрэатыпы сарамлівасьці адносна паняткаў сьмерці і тастамэнтаў. І нават засьцерагчыся, добраахвотна прайшоўшы псыхіятрычную экспэртызу перад напісаньнем тастамэнту. Юрыдычная інфармаванасьць і адкрытасьць у размовах паміж блізкімі людзьмі, раяць адмыслоўцы – найлепшая гарантыя паразуменьня.

• Праблема кампэнсацыі ўкладаў зьнікне са сьмерцю ўкладальнікаў? ”, 05.11.07
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG