Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

К.Галавіна: “Беларускім турыстам горш за ўсіх”


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Менску адкрылася міжнародная выстава “Турбізнэс-2007”, у якой бяруць удзел 115 турыстычных фірмаў з адзінаццаці краінаў сьвету. Супрацоўнікі турагенцтваў занепакоеныя падвышэньнем коштаў на візы ў краіны, якія з 2008 году ўвойдуць у Шэнгенскую зону. Яны спадзяюцца на кампраміснае рашэньне ў гэтым пытаньні.

Большасьць турфірмаў, якія рэклямуюць свае паслугі, зарэгістраваныя ў Беларусі. На стэндах напісаныя назвы краінаў, якія турапэратары прапануюць наведаць у любы час году.

Палова з прадстаўленых фірмаў прапануе беларусам адпачываць ня толькі ў Турэччыне ці Эгіпце, але ў Аўстрыі, Славаччыне, Чэхіі, суседніх Польшчы, Літве й Латвіі.

У размовах пра пэрспэктыву такіх адпачынкаў усе выказвалі занепакоенасьць. Дырэктарка фірмы “Бі тур” Кацярына Галавіна лічыць, што пад пагрозай закрыцьця могуць апынуцца амаль усе невялікія турфірмы:

“Мы заклапочаныя гэтай абстаноўкай — і не адны мы. Для нас пераважнымі кірункамі былі Польшча і Літва, так што ўявіце, які гэта ўдар. Цяпер будзем адкрываць новы кірунак — прыём замежных турыстаў у Беларусі.

Канечне, мы адкрываем візы, але тых коштаў, што былі, мы ўжо абяцаць ня можам. Думаю, што хутка многія фірмы ня вытрымаюць удару і закрыюцца. Асабліва гэта тычыцца тых, хто рабіў візы й існаваў за камісію.

Ад новага году зьнізіцца й колькасьць турыстаў з-за новых коштаў. І цяпер ня кожны можа паехаць, а пазьней... Беларусам горш за ўсіх. Будуць выбіраць нешта таньнейшае — Кіеў, напрыклад, а мо і Турэччыну”.

Дырэктарка турфірмы “Кэтэліна” Натальля Кіеня лічыць, што аматараў сямейнага адпачынку ў Паланзе ці ў Юрмале ня стане меней, але пасьля падвышэньня коштаў на візы іх ня стане і болей.

Натальля з жалем канстатуе, што пра паездкі на ўік-энд у Літву і Латвію давядзецца забыцца:

“Вядома, колькасьць турыстаў зьнізіцца — і нашмат, але ўсё роўна турысты будуць. Той кантынгент, які адпачываў у Паланзе, у Юрмале, ён застанецца. Бо там людзі, як правіла, забясьпечаныя і таго адпачынку нічым не заменіш”.

Прадстаўнікі польскай турфірмы, якая спэцыялізуецца на адпачынку ў Белавескай пушчы, падвышэньне кошту на візы называюць зьнішчальным ударам па бізнэсе.

Гаворыць Моніка Хведарчук:

“Калі цяпер можна заплаціць некалькі даляраў і прыехаць у Польшчу, то потым будзе некалькі дзясяткаў эўра — гэта ўжо будзе цяжка. Нашы польскія турысты таксама ня будуць часта наведваць Беларусь.

На жаль, гэта моцна ўскладніць разьвіцьцё турызму ў нашым рэгіёне, Белавескай пушчы. Нават калі трэба будзе плаціць 35 эўра за візу — то ня ведаю, дзе знайсьці чалавека, які пажадае заплаціць такія грошы, каб толькі пераехаць на другі бок мяжы”.

Прадстаўнікі турапэратараў спадзяюцца, што для беларускіх турыстаў зробяць зьніжкі. Яны ківалі ў кут, дзе разьмясьціўся стэнд “Лінія Сталіна”, каля якога практычна не было наведнікаў, і казалі, што беларусам давядзецца шукаць альтэрнатывы ўнутры краіны.

Менск, 06.11.2007. Турыстычная выстава. Барысаўчане рэклямуюць свой край уніформай 19-га стагодзьдзя
На турыстычнай выставе барысаўчане рэклямуюць свой край уніформай 19-га стагодзьдзя

Менск, 06.11.2007. Турыстычная выстава. Рэкляма Рэкляма "Лініі Сталіна" на турыстычнай выставе ў Менску
XS
SM
MD
LG