Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З выгнаньня былы міністар абароны Грузіі натхняе апазыцыю


Тацяна Поклад, Прага Сёньня – пяты дзень дэманстрацыяў у Грузіі. Частка апазыцыйных лідэраў распачалі галадоўку пратэсту. Апазыцыя заяўляе, што дэманстрацыі будуць працягвацца.

Апазыцыя патрабуе датэрміновых парлямэнцкіх выбараў і адстаўкі прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі.

Сёньня на плошчу перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі ізноў прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Некалькі парлямэнтароў, якія далучыліся да акцыі, распачалі галадоўку.

Былы міністар абароны Грузіі Іраклі Акруашвілі, які стаў радыкальным лідэрам апазыцыі ў Грузіі, у панядзелак увечары выступіў у жывым эфіры на грузінскім тэлеканале Imedi TV з сур’ёзнымі абвінавачаньнямі на адрас прэзыдэнта Саакашвілі і абяцаньнем неўзабаве вярнуцца.

Выступ Акруашвілі трансьляваўся для дэманстрантаў на вуліцах Тбілісі. Акруашвілі сказаў, што народ Грузіі ўжо выказаў свой вэрдыкт Саакашвілі, якога ён абвінавачвае ў аўтарытарызьме і карупцыі:

“Усе абвінавачаньні, усе факты, якія я прадставіў супраць Саакашвілі, - усё, што я сказаў аб ім – чыстая праўда. Але, натуральна, я ня маю магчымасьці даказаць гэта пры існуючай цяпер юрыдычнай сыстэме ў Грузіі”.

Былы міністар абароны, які цяпер знаходзіцца ў Мюнхэне, цьвердзіць, што яго прымусілі адмовіцца ад сваіх заяваў і пакінуць Грузію. У верасьні тысячы чалавек выходзілі з акцыяй пратэсту супраць арышту Акруашвілі, які публічна зьвінаваціў Саакашвілі ў карупцыі і забойстве палітычных апанэнтаў.

Пасьля адмовы ад выказаных абвінавачаньняў на адрас прэзыдэнта Іраклій Акруашвілі на нейкі час адышоў у цень, але цяпер ён паўтарыў свае заявы ўжо з выгнаньня і гэты выступ ў жывым эфіры на апазыцыйным тэлеканале з трансьляцыяй на вуліцы Тбілісі, як адзначаюць аналітыкі, натхніў дэманстрантаў.

У пракуратуры Грузіі падкрэсьліваюць, што адносна Акруашвілі працягваецца расьсьледаваньне, і калі ён ня вернецца ў Грузію паводле першага патрабаваньня, то будзе абвешчаны ў вышук.

Прыхільнікі Саакашвілі абвяргаюць усе абвінавачваньні супраць прэзыдэнта.

У часу супрацьстаяньня ўлады і апазыцыі абодва бакі папракаюць адзін аднаго ў сувязях з Расеяй.

У часе свайго выступу ў нядзелю Міхаіл Саакашвілі заявіў, што за акцыямі пратэсту ў Тбілісі – “канкрэтная сіла расейскіх алігархаў”.

Тым часам апазыцыйная моладзь пікетавала будынак расейскай амбасады ў Тбілісі з заклікамі “забраць Саакашвілі ў Расею” і “Масква, забяры з Грузіі сваіх агентаў!” Пікет арганізавалі партыя “Рух за адзіную Грузію” і няўрадавая арганізацыя “Інстытут роўных правоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG