Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра пачнуць вырашаць, ці патаньнеюць візы для беларусаў


Уладзімір Глод, Менск Адразу тры камітэты Бундэстагу зьбіраюцца 7 лістапада абмеркаваць парлямэнцкі праект аб зьніжэньні кошту шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі. Парлямэнтары Нямеччыны прапануюць зрабіць бясплатнымі візы для моладзі да 25 гадоў, адмяніць візавы збор для ўдзельнікаў навуковых і культурных абменаў.

Аналітыкі прагназуюць, што Бундэстаг без праблемы прыме адпаведнае рашэньне, паколькі ўсе фракцыі нямецкага парлямэнту станоўча ставяцца да гэтай ініцыятывы.

Сустаршыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька гаворыць, што падчас сустрэчаў з замежнымі палітыкамі беларуская апазыцыя абавязкова гаворыць пра кошты візаў:

“Падчас нашага апошняга візыту ў Бэрлін, калі былі сустрэчы ў Бундэстагу, нам заявілі: гэтае рашэньне вось-вось будзе прынятае. І казалі, што яго падтрымліваюць ня толькі партыі з апазыцыі (левыя і зялёныя, прадстаўніца апошніх спадарыня Бэк зьяўляецца адным зь ініцыятараў гэтага), але і кіроўныя хрысьціянскія дэмакраты.

Таму я гляджу з аптымізмам на тое, што будзе створаны такі прэцэдэнт. А калі будзе створаны прэцэдэнт на ўзроўні такой краіны, як Нямеччына, дык у нас будзе пэрспэктыва дамагчыся падобнага рашэньня і ў іншых парлямэнтах. А потым, можа, выйсьці на агульнае рашэньне ў фармаце Эўразьвязу”.

Дэпутат Сэйму Літвы Вацлаў Станкевіч ініцыяваў спэцыяльную рэзалюцыю да парлямэнтаў краінаў Эўразьвязу — пра тое, што нелягічна падвышаць кошты візаў для жыхароў Беларусі:

“На аснове гэтай рэзалюцыі працуе літоўскі ўрад. І прэзыдэнтура таксама. Я не аднойчы чуў, як наш прэзыдэнт агітаваў прадстаўнікоў іншых краінаў не падымаць коштаў.

І куды б мы ні езьдзілі, альбо калі да нас прыяжджаюць замежнікі (а гэта бывае амаль штодня), мы заўжды кажам: дапамагайце, калі ласка, нам.

А мы такога меркаваньня, што ня трэба падвышаць кошты, асабліва для грамадзянаў Беларусі. Трэба, каб яны бачылі, як і чым жывуць дэмакратычныя краіны. Ня трэба адмяжоўвацца”.

У Польшчы ў гэтыя дні ўтвараецца новы ўрад, абіраюцца кіраўнікі парлямэнцкіх камітэтаў. Але аглядальнікі не сумняюцца — Беларусь будзе ў поле зроку выканаўчай і заканадаўчай уладаў.

А пакуль амбасада Польшчы выдае візы на ранейшых умовах, гаворыць прэсавая сакратарка дыпляматычнай місіі Моніка Садкоўская:

“У нас пакуль яшчэ няма канкрэтнай інфармацыі, калі мы пачнем працаваць паводле шэнгенскіх правілаў. Апошнім часам казалі, што гэта адбудзецца з 1 сьнежня. Але канчаткова гэтая інфармацыя яшчэ не пацьверджаная”.

• Горадня: А.Крэнтоўскі — пра шэнгенскія візы і пра затрыманьне А.Борыс, 11.10.2007
XS
SM
MD
LG