Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзім Гарэцкі: “Ужо няведама, ці беларусы мы, ці не…”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Грамадзкі рэдактар тыдня акадэмік Радзім Гарэцкі двойчы запар абіраўся лідэрам Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету” “Бацькаўшчына”, зараз ён сябра Малой і Вялікай Радаў гэтай арганізацыі. Як мяняецца беларуская дыяспара? Хто ў ёй найбольш аўтарытэтны? Чым адрозныя беларусы ад замежнікаў?

Уліцёнак: “Як вы ацэньваеце працэсы, што адбываюцца цяпер у беларускай дыяспары?”

Гарэцкі: “Пасьляваенная – вельмі насычаная Беларушчынай, на жаль, адыходзіць. А новая, камэрцыйная, яна ну вельмі хутка забываецца пра Беларусь”.

Уліцёнак: “Аднак ёсьць жа ў замежжы беларусы, якіх можна назваць знакавымі?”

Гарэцкі: “Вельмі многа: Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Антон Шукелойць, Барыс Кіт… Яны ўплываюць ня толькі на замежную дыяспару, але й на нас”.

Уліцёнак: “Яшчэ адно прозьвішча назаву: Зянон Пазьняк…”

Гарэцкі: “Выдатнейшы наш палітык, да таго ж яшчэ й паэт, мастак, фатограф. Але мне не па душы ягоная амбіцыйнасьць. Каб не яна, не было б вось таго расколу БНФ. А як здарылася б ягонае вяртаньне на Радзіму, прынцыпова тут бы нічога не зьмянілася. Затое за мяжой уплыў Зянона зараз больш стабільны і моцны”.

Уліцёнак: “Як вы ставіцеся да праблемы адтоку навуковай моладзі за мяжу?”

Гарэцкі: “Мне вельмі сумна, што нашы ўлады не даюць ёй магчымасьці жыць і працаваць дома. Вось каб не туды зьяжджаць, а наадварот…”

Уліцёнак: “Ну а “праграмы Каліноўскага”? Гарэцкі: “Канечне, гэта дзікунства, што студэнты вымушаныя ехаць вучыцца некуды ў суседнія краіны.Аднак сапраўдныя "каліноўцы" навучацца там і вернуцца дадому”.

Уліцёнак: “Пра што беларускае найчасьцей пытаюцца ў вас замежнікі?”

Гарэцкі: “Пра Чарнобыль. А яшчэ да Беларусі адносіны там як да апошняй дыктатарскай краіны Эўропы, дык да нас не зусім прыхільна ставяцца: маўляў, неяк падтрымліваеце тое, раз ня можаце дэмакратыю ўсталяваць”.

Уліцёнак: “Чым яшчэ беларусы адрозьніваюцца?”

Гарэцкі: “Нідзе няма такой абыякавасьці да саміх сябе, як у нас. У астатніх заўсёды гонар за сваю нацыянальнасьць, за сваю краіну. Мы ж неяк вельмі лёгка адмаўляемся ад нацыянальнай самасьвядомасьці, мовы і – асіміліруемся. І ўжо няведама, ці беларусы мы, ці не…”

Вось якія матэрыялы назваў самымі для яго цікавымі Радзім Гарэцкі за мінулыя суткі

1. Праблема кампэнсацыі ўкладаў зьнікне са сьмерцю ўкладальнікаў? 2. Камуністы пераяжджаюць зь Менску ў Маскву 3. Канавальчык: “Калі Івашкевіч хоча абвінаваціць мяне ў тым, што я – супрацоўнік КДБ, хай ён гэта зробіць". 4. В.Івашкевіч даслаў ліст А.Лукашэнку 5. Сацыяльны марш: “Не атрымліваецца новага па-за межамі сцэнароў, адпрацаваных гадамі”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG