Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Падвышэньне заробку лёгка “забіраецца” назад у бюджэт</B>


Віталь Цыганкоў, Менск Урад Беларусі з 1 лістапада падвысіў тарыфную стаўку першага разраду аплаты працаўнікоў бюджэтнай сфэры на 7,7 %. Цяпер яна складае 70 тысяч рублёў, апошняя падвышэньне тарыфнай стаўкі было роўна год таму. Ці азначае гэта, што заробак бюджэтнікаў падвысіцца на гэткую ж суму? Ці абгоніць падвышэньне заработнай платы рост інфляцыі? Віталь Цыганкоў гаворыць з эканамістам Міхалам Залескім.

Цыганкоў: “Падвышэньне тарыфнай стаўкі на 7,7 працэнта – ці азначае, што заробак бюджэтнікаў падвысіцца на такую ж суму? Ці мэханізмы працуюць трошкі па-іншаму?” Залескі: “Можа быць і меней, і крыху болей. Гэта залежыць ад палітыкі прэміраваньня, налічэньня, ці будуць людзі працаваць на поўную ці палову стаўкі, ці дапушчальна сумяшчальніцтва. Наколькі мне вядома, рост на 7 працэнтаў стаўкі першага разраду дае падвышэньне сярэдняга заробку бюджэтнікаў на 3-5 працэнтаў”.

Цыганкоў: “Ці ня будзе гэта падвышэньне тарыфнай стаўкі проста кампэнсаваць тую інфляцыю, якая асабліва павялічваецца апошнія тыдні?”

Залескі: “Калі браць афіцыйныя дадзеныя, то яно складзецца “так на так”. Старшыня Нацыянальнага Банку Пётар Пракаповіч казаў, што раскруткі інфляцыі ня будзе, і мы павінны ўкласьціся ў 8 працэнтаў гадавых. Так што ўсё сыдзецца, як і хацелі, паводле дзяржаўнай бугальтэрыі”.

Цыганкоў: “У беларускай эканоміцы застаецца праблема: дзе ўзяць грошы для аплаты павелічэньня кошту на расейскі газ. Але разам з тым улада павялічвае заробкі. Ці азначае гэта, што ўрад глядзіць у будучыню з аптымізмам і не прадбачыць нейкіх сур’ёзных эканамічных праблем?”

Залескі: “Мне здаецца, што ўрад глядзіць у будучыню з прагматызмам. Бо гэтае падвышэньне можна лёгка “забраць” назад у бюджэт праз жыльлёва-камунальныя паслугі, якія павінны расьці, бо даражэе газ. Хаця мы, спажыўцы, і так плацім за газ больш, чым плаціць дзяржава пры атрыманьні газу з Расеі. І палітыка дзяржавы і надалей будзе грунтавацца на тым, што канечныя спажыўцы будуць плаціць больш, чым цана “на ўваходзе”. І гэтае падвышэньне будзе зьядацца праз тую частку камунальных паслугаў, якія ідуць у аплату за энэрганосьбіты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG