Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Зьмітром Дашкевічам будзе без грамадзкасьці?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня у Шклоўскай калёніі пачнецца суд над лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам, які ўжо адбывае паўтарагадовае зьняволеньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Зараз яго будуць судзіць за адмову сьведчыць супраць сваіх сяброў.

Суд мусіць пачацца а 10-й раніцы. На працэс зьбіраюцца прыехаць актывісты “Маладога фронту”, журналісты, бацька Зьмітра спадар Вячаслаў. Ці пусьцяць іх на працэс, які пройдзе на тэрыторыі калёніі?

Напярэдадні судзьдзя Тацяна Кашкіна запэўніла: сваякам прысутнічаць дазволяць абавязкова.

“Бацькоў пускаюць. Выпісваюць пропуск і пускаюць”.

Што да журналістаў ды прадстаўнікоў грамадзкасьці, судзьдзя параіла зьвярнуцца да начальніка калёніі, бо толькі ён прымае падобныя рашэньні. Аднак 5-га лістапада да начальніка Шклоўскай калёніі спадара Ільлюшэнкі дазваніцца на атрымалася – ягоны тэлефон увесь дзень быў заняты.

Сёньня на працэс прыедуць сябры Зьмітра з “Маладога фронту”. Колькі і адкуль – ня кажуць. Маладзёны запэўніваюць, што нават калі іх ня пусьцяць на суд, голас у падтрымку Дашкевіча людзі пачуюць.

Абавязкова прыедзе са Старых Дарог бацька, Вячаслаў Уладзімеравіч. Вось што ён сказаў напярэдадні:
”Сёньня імя Дашкевіча для многіх людзей асацыюецца з маральнасьцю, справядлівасьцю і мужнасьцю, а калі Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай краінай, ягонае імя будзе вядомым кожнаму школьніку.”
“Сёньня а 21-ай дызэль да Асіповіч. Там мне 5 гадзін сядзець. А чацьвёртай цягнік да Магілёву і адразу да Шклову. А наконт суду – ня ведаю, на што і спадзявацца. Хопіць сумленьня ў судзі ці ня хопіць, будзе загад зьверху ці ня будзе? Ня ведаю.”

Абараняе Зьмітра Дашкевіча адвакат Аляксандр Галіеў, які ужо дапамагаў актывісту падчас першага працэсу над ім у 2006-м годзе. Тады лідэра маладафронтаўцаў пакаралі на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Сёлета ў жніўні завялі новую справу за адмову сьведчыць ў справе супраць салігорца Івана Шылы. Гэтым разам Зьмітру Дашкевічу пагражае яшчэ 6 месяцаў зьняволеньня.

У Беларусі створаны аргкамітэт у абарону Зьмітра Дашкевіча. На адрас судзьдзі Тацяны Кашкінай, якая сёньня на выязным паседжаньні ў шклоўскай калёніі будзе весьці працэс, дасланы ліст у падтрымку Зьмітра. Аўтары ліста пішуць, што "сёньня імя Дашкевіча для многіх людзей асацыюецца з маральнасьцю, справядлівасьцю і мужнасьцю, а калі Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай краінай, ягонае імя будзе вядомым кожнаму школьніку". «Ад вашага грамадзянскага выбару залежыць, наколькі хутка наша краіна зможа ў поўнай ступені стаць прававой эўрапейскай дзяржавай», – зьвяртаюцца аўтары ліста да судзьдзі, заклікаючы яе прыняць рашэньне згодна з сумленьнем і дапамагчы спыніць перасьлед Зьмітра Дашкевіча. Пад лістом дзясяткі подпісаў – паплечнікаў Дашкевіча, палітыкаў, былых палітвязьняў і іх сваякоў, журналістаў, праваабаронцаў, прадпрымальнікаў, навукоўцаў.

У інтэрнэце адыкрыўся сайт Свабоду Дашкевічу!

• Зьмітра Дашкевіча будзе судзіць судзьдзя Кашкіна, 18.10.2007 • Завяршылася сьледзтва ў другой крымінальнай справе З.Дашкевіча, 12.10.2007
XS
SM
MD
LG