Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Крэймэр: у бліжэйшы час чакайце новых крокаў ЗША адносна Беларусі


Радыё Свабода Пра гэта намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах Дэйвід Крэймэр паведаміў у часе прэсавай канфэрэнцыі для нашага радыё. Крыху болей за 3 гады таму, у кастрычніку 2004 году ў Злучаных Штатах быў прыняты закон – “Акт аб дэмакратыі для Беларусі”. “Наколькі за гэтыя тры гады атрымалася дасягнуць мэтаў, дасягненьня якіх прадугледжваў гэты закон, наколькі ён паўплываў на сытуацыю ў Беларусі?” – спыталі мы Дэйвіда Крэймэра.

Крэймэр: “Я быў у Беларусі сёлета ў красавіку, сустракаўся з намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч. Сустрэча адбылася на яе просьбу, не на маю. Я лічыў, што гэта добрая нагода, і я сказаў ёй у ясных тэрмінах, як мы можам палепшыць адносіны паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі. Галоўнай умовай было вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, ня двух ці трох, хаця мы віталі і гэта, а ўсіх. Мы ім далі сьпіс гэтых вязьняў, каб яны ведалі, пра каго мы гаворым, каб не было няяснасьці.

Я шкадую, што вязьні не былі вызваленыя, наадварот, мы бачылі , што рэжым узмацніў ціск на апазыцыю і актывістаў няўрадавых арганізацый. У выніку пасьля майго візыту ў красавіку мы вырашылі ўвесьці дадатковыя санкцыі адносна Беларусі, што мы зрабілі зь вялікім шкадаваньнем.

Мне было б больш прыемна распавесьці вам, што адносіны паміж Вашынгтонам і Менскам паляпшаюцца, а я вымушаны распавядаць вам пра дадатковы ціск, які нам даводзіцца рабіць на беларускі рэжым. Мы значна пашырылі сьпіс візавых санкцыяў і прыблізна на працягу наступнага тыдня вы пачуеце пра дадатковыя крокі, якія мы зробім. Я ня буду зараз удакладняць, пачакайце да наступнага тыдня.

Мы таксама хочам больш супрацоўнічаць зь сіламі апазыцыі і з грамадзянскай супольнасьцю, мы хочам працягваць падтрымліваць тых, хто імкнецца прасунуць дэмакратыю ў Беларусі, каб яны не пачувалі сябе самотнымі. Гэты двайны падыход, ціснуць на рэжым і падтрымліваць дэмакратычныя сілы, гэтую палітыку мы праводзілі раней, гэтую палітыку мы будзем праводзіць і далей. Я спадзяюся, што яна прынясе плён. Мы мусім быць цярплівымі.

Лукашэнкаўскі рэжым знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным ціскам з усіх бакоў – з боку ЗША, з боку Эўразьвязу, і, як ня дзіўна, з боку Расеі ў сувязі з падвышанымі коштамі на энэрганосьбіты. Трэба будзе яшчэ паглядзець, якой будзе сытуацыя напачатку наступнага году, калі ізноў пойдуць угару цэны, якое ўзьдзеяньне гэта зробіць на рэжым”.
XS
SM
MD
LG