Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канавальчык: “Калі Івашкевіч хоча абвінаваціць мяне ў тым, што я – супрацоўнік КДБ, хай ён гэта зробіць".


Юры Дракахруст, Прага Учорашнія сутычкі анархістаў з правымі радыкаламі падчас Сацыяльнага маршу спарадзілі цікавасьць да гэтых палітычных груповак, якія да апошняга часу не былі заўважальныя ў палітычным полі краіны. Пра анархісцкі рух мы папрасілі распавесьці аднаго зь яго лідэраў, былога рэдактара газэты "Навінкі" Паўлюка Канавальчыка. Цяпер спадар Канавальчык кіруе прадусарскім цэнтрам "Navinki home video".

Канавальчык: “Цяжка казаць пра нейкую арганізацыю, бо анархісты – гэта рух. Гэты рух аформіўся ў 1992 годзе, калі была створаная Фэдэрацыя анархістаў Беларусі. Так што ўжо, фактычна, 15 гадоў у нашай краіне існуе не арганізацыя, але сетка супрацоўніцтва анархічнага кірунку, якая дзейнічае паводле прынцыпу network. Фіксаванага сяброўства ў анархістаў няма. Нехта кажа пра партыю анархістаў, што зьяўляецца нонсэнсам. Прынцып анархічнай арганізацыі – гэта анархістычная яўка, рух ствараюць актывісты, якія прыходзяць і нешта робяць. Таму цяжка казаць пра колькасьць, але пад тысячу чалавек анархістаў у нашай краіне набярэцца”.

Дракахруст: “А якія мэты мае гэты рух, гэтая сетка, да чаго вы імкняцеся?”

Канавальчык: “Гэта банальныя рэчы – свабода, роўнасьць і братэрства”.

“Учорашні інцыдэнт быў цалкам інсьпіраваны спэцслужбамі”

Дракахруст: “Ну за гэта ў Беларусі выступаюць хіба ня ўсе, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам”.

Канавальчык: “Магчыма, але ў гэты сьпіс не ўваходзяць правыя і ўльтраправыя арганізацыі, якія ад пачатку адмаўляюць гэтыя прынцыпы. Анархісты супрацьпастаўляюць дзяржаве самаарганізаванае грамадзтва. Калі ўявіць дзяржаву ў якасьці герархічнай піраміды, то анархісты пераварочваюць гэтую піраміду”.

Дракахруст: “Павал, а як анархісты ставяцца да ўлады і традыцыйнай апазыцыі ў Беларусі?”

Канавальчык: “Што тычыцца ўлады, то зразумела, што анархісты заўжды ў апазыцыі да кожнай улады, бо хаця ўлада і кажа, што яна дбае пра грамадзянаў, яна дбае толькі пра свае інтарэсы. Што тычыцца дэмакратычнай апазыцыі, то анархісты ўдзельнічаюць у антыаўтарытарым руху з 1996 году. З гэтага году чорныя і чорна-чырвоныя сьцягі заўжды луналі над калёнамі дэманстрантаў. Учорашні інцыдэнт быў цалкам інсьпіраваны спэцслужбамі”.

Дракахруст: “Павал, Вы сказалі, што ўчорашні інцыдэнт быў інсьпіраваны спэцслужбамі. Але ад арганізатараў Сацыяльнага маршу можна было пачуць, што правакатарамі зьявіліся як правыя радыкалы, гэтак і Вашы паплечнікі-анархісты. І з другога боку – чаму Вы лічыце "Белую волю" марыянэткамі спэцслужбаў, чаму Вы адмаўляеце ім ва ўласнай волі, хай, на Ваш погляд, і дурной?”

Канавальчык: “Калі Івашкевіч хоча абвінаваціць мяне ў тым, што я – супрацоўнік КДБ, хай ён гэта зробіць. Зараз ідзе дыскусія, ці варта працягваць супрацоўніцтва з гэтак званай "дэмакратычнай апазыцыяй", калі яна мірыцца з прысутнасьцю выразна фашыстоўскіх элемэнтаў на сваіх акцыях. Варта было глянуць, як выглядалі ўчора анархісты – палова зь іх былі хлопцы, палова – дзяўчыны, і як выглядала "Белая воля", дзе наўсьцяж былі хлапцы, ад пачатку падрыхтаваныя да таго, каб біць. Яны прыйшлі ўчыніць бойку і гэта было відно адразу”.

• Удзельнікі Сацыяльнага маршу – пра шэсьце і акцыю на Кастрычніцкім пляцы , 4.10.2007
XS
SM
MD
LG