Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не аднавіў ва ўнівэрсытэце Зьмітра Жалезьнічэнку


Радыё Свабода Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Алена Цалкова адхіліла пазоў былога студэнта-выдатніка, моладзевага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі да ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны пра аднаўленьне на трэці курс матэматычнага факультэту. Студэнт павінен сплаціць і судовыя выдаткі.

Адмову судзьдзя патлумачыла тым, што Зміцер нібыта сыстэматычна парушаў Правілы ўнутранага распарадку. Гэта самае, дарэчы, казалі на судзе й прадстаўнікі ўнівэрсытэту.

Сам спадар Жалезьнічэнка лічыць рашэньне судзьдзі несправядлівым, але не таму не зьдзіўляецца:

“Я лічу, што быў несправядлівым гэты вырак, таму, што цягам паседжаньня было абсалютна відавочна, што ў абаронцаў з боку ўнівэрсытэту няма ніякіх доказаў маёй вінаватасьці. У незалежнай судовай сыстэме, калі б яна была, я моцна зьдзівіўся б такому рашэньню. Як мне дэкан кажа падчас нашых прафіляктычных гутарак, ты сам усё разумееш”.

Старшыня афіцыйнага студэнцкага прафкаму ўнівэрсытэту Надзея Колтышава, даючы паказаньні ў судзе, моцна зьдзіўлялася таму, што прафкам павінен абараняць студэнтаў.

Дарэчы, самі студэнты лічаць выключанага з унівэрсытэту Зьмітра лепшым сярод аднакурсьнікаў:

“Некаторыя вучацца нароўні са Зьміцерам, але лепш, мабыць, ніхто ня вучыцца. Я, прынамсі, ня ведаю такіх”, – сказала адна са студэнтак унівэрсытэту.

Моладзевы актывіст, які выступаў ва ўнівэрсытэце ў падтрымку Зьміцера Жалезьнічэнкі, мяркуе, што адмова суду аднавіць выдатніка на вучобе чарговы раз засьведчыла парушэньне правоў студэнтаў: “Я лічу, што вырак суду быў незаконным і яшчэ раз засьведчыў парушэньне правоў студэнтаў у нашай рэспубліцы”.

Дзяржаўны сьцяг у кабінэце судзьдзі – дагары нагамі

Дарэчы, на папярэднім судовым паседжаньні, якое праходзіла 2 лістапада, дэкан матэматычнага факультэту Сяргей Жогаль ня мог патлумачыць, у чым жа выявілася сыстэма парушэньняў студэнтам-выдатнікам Правілаў унутранага распарадку. Прадстаўніца ўнівэрсытэту Ірына Пухлякова раз-пораз уставала зь месца й папраўляла дэкана: “Вы пераблыталі! Думайце, што кажаце!”.

Тлумачэньні дэкан даваў напачатку ў кабінэце судзьдзі Цалковай, паколькі заля была занятай. Прысутныя заўважылі, што афіцыйны дзяржаўны сьцяг на дрэўку ў кабінэце вісеў дагары нагамі.

Унівэрсытэт вырашыў пазбавіцца ад студэнта-выдатніка матэматычнага факультэту пасьля таго, як у верасьні ва ўстанову паступіў ліст з падатковай інспэкцыі пра вынесены Жалезьнічэнку гаспадарчым судом за ўдзел у арганізацыі канцэрту беларускамоўных бардаў штраф – нібыта за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Рэктар унівэрсытэту Аляксандр Рагачоў адпісаў паперу прарэктару ў пытаньнях выхаваўчай работы й ідэалёгіі Сяргею Ханені й дэкану матэматычнага факультэту Сяргею Жогалю.

Спадар Ханеня ў судзе патлумачыў, што асабіста ён разьбіраньнем не займаўся. Дэкан у сваю чаргу напісаў дакладную запіску на імя рэктара, у якой выставіў выдатніка толькі з адмоўнага боку.

Сам Зьміцер Жалезьнічэнка наважаны абскардзіць у вышэйшай інстанцыі сёньняшнюю адмову раённага суду аднавіць яго ва ўнівэрсытэце.

Скаргу ён мяркуе падаць і ў Камітэт дзяржкантролю на адпіску з Міністэрства адукацыі разабрацца ў яго неабгрунтаваным адлічэньні.

“Ну аптыміст я ў жыцьці – што рабіць?!”, – кажа Зьміцер Жалезьнічэнка.

• Гомель: былы студэнт абскарджвае выключэньне, 25.010.2007
XS
SM
MD
LG