Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі згадалі 70-я ўгодкі сталінскіх рэпрэсіяў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: сустаршыня аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пісьменьнік Васіль Якавенка й актывістка гэтага аргкамітэту Ларыса Андросік.

Прайшло 70 гадоў з часу самых масавых рэпрэсіяў, якія адбываліся ў сталінскім СССР. Чаму ўлады адмовіліся згадаць пра сумную дату? Чаму яны імкнуцца прэзэнтаваць сябе палітычнымі нашчадкамі савецкага рэжыму?

Як беларуская грамадзкасьць адзначае жалобную дату?

Валер Карбалевіч: “Беларусь адзначыла Дзяды — дзень ушанаваньня продкаў. Сёлета ён праходзіць у гадавіну сумнага юбілею. Мінула 70 гадоў ад часу самых масавых рэпрэсіяў, якія адбываліся ў сталінскім СССР.

Зусім нядаўна, 29 кастрычніка, у Беларусі адзначаўся Дзень памяці. У гэты дзень у 1937 годзе ў турме НКВД у Менску расстралялі больш як сто чалавек, сярод іх шмат пісьменьнікаў. Як беларуская грамадзкасьць адзначае гэтую сумную дату?”

Васіль Якавенка: “Каб адзначыць гэтую трагічную дату, год таму быў створаны аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Мы зьвярнуліся да народу з адпаведнай адозвай. Кожны месяц 29-га чысла мы пачалі адзначаць гэтую дату. Хадзілі на месцы пахаваньняў парэшткаў ахвяраў рэпрэсіяў і ставілі сьвечкі.

У чэрвені мы правялі навуковую канфэрэнцыю “Камунізм — да міжнароднага трыбуналу”. Паводле яе рыхтуецца да выпуску зборнік дакладаў. Нядаўна правялі выставу твораў мастакоў да гэтай даты.

Зьбіраемся адкрыць мэмарыяльны музэй. Такі грамадзкі музэй да апошняга часу існаваў у Бабруйску. Але з-за таго, што ў арганізатараў не было грошай, каб аплачваць выдаткі, ён быў ліквідаваны. Наш аргкамітэт перавез экспанаты ў Старыя Дарогі на часовае захаваньне.

Мы рабілі выезды да месцаў рэпрэсіяў у Барысаў, Вялейку, дзе ставілі сьвечкі, правялі малебен.

Асобная гаворка пра Гомель. Там знайшлі гомельскія Курапаты. У Прыбыткоўскім лесе знайшлі парэшткі 70 чалавек, якія былі расстраляныя ў канцы 1930-х гадоў. Улады паспрабавалі павярнуць справу так, нібыта яны былі расстраляныя фашыстамі падчас вайны — як гэта спрабавалі зрабіць з Курапатамі.

Мы пісалі лісты да мясцовых уладаў, пратэставалі. Урэшце гэтыя парэшткі перазахавалі на грамадзкіх могілках, там быў пастаўлены крыж”.

Ларыса Андросік: “Адной з задачаў аргкамітэту было інфармаваньне грамадзкасьці пра падзеі 70-гадовай даўніны. Бо насельніцтва дрэнна ведае пра іх, а ўлады, карыстаючыся манаполіяй на мэдыі, замоўчваюць інфармацыю пра рэпрэсіі.

Мы пачалі выдаваць бюлетэнь “Рэха ГУЛАГу” і распаўсюджваем яго, колькі хапае нашых сілаў. Дасылаем нашы матэрыялы ў школы, газэты, творчыя саюзы. Да нас пайшлі лісты, дзе людзі дзяліліся сваімі ўспамінамі. Адгукнулася праваслаўная царква”.

Якая пазыцыя ўладаў?

Карбалевіч: “Чаму ўлады адмовіліся згадаць пра гэтую дату? Не было нічога на афіцыйным узроўні, у дзяржаўных мэдыях.

Вось прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін наведаў месца масавых расстрэлаў, публічна асудзіў сталінскія рэпрэсіі. А Лукашэнка не зрабіў гэтага. Чым можна патлумачыць такую пазыцыю?”

Якавенка: “Адказ просты й вядомы для дасьведчаных людзей. Бо тая спадчына мае працяг у сёньняшняй Беларусі. Тая палітыка й цяперашняя палітыка маюць паралелі.

Мы актыўна зьвярталіся да ўладаў з прапановай адзначыць гэтую дату. Накіравалі лісты прэзыдэнту, адміністрацыі прэзыдэнта, міністэрству ўнутраных справаў, КДБ.

Мы прасілі, каб нам дапамаглі высьветліць, дзе былі пахаваныя тыя беларускія дзеячы, якіх расстралялі ў ноч на 29 кастрычніка 1937 году ў турме НКВД.

КДБ адказала, што ня мае зьвестак пра гэта. Міністэрства ўнутраных справаў папрасіла даць прозьвішчы гэтых людзей на расейскай мове, каб накіраваць запыт у Маскву. Але нядаўна я зьвярнуўся на намесьніка міністра ўнутраных справаў, і высьветлілася, што наш ліст згублены”.

Андросік: “Рэч у тым, што тая трагедыя ў нас не была асэнсаваная грамадзтвам. Таталітарны рэжым не атрымаў маральнага й юрыдычнага асуджэньня.

Таму адбываецца адраджэньне аўтарытарных мэтадаў кіраваньня. Ліквідуюцца грамадзкія правы й свабоды. Таму, калі згадваць злачынствы сталінізму, то ўзьнікаюць паралелі.

Мне здаецца, што цяперашнюю ўладу падсьвядома вабіць у савецкім мінулым не сацыяльная абароненасьць насельніцтва, а бескантрольнасьць дзеяньняў улады.

30 верасьня расейскія тэлеканалы паказалі, як Пуцін наведаў разам зь сьвятарамі Бутаўскі палігон — месца масавых растрэлаў. Ён асудзіў сталінскія рэпрэсіі.

А ў нас адзін з тэлеканалаў, проста як выклік, паказаў сюжэт, як кадэты зь нейкай вечаровай школы цяжкіх падлеткаў прымаюць прысягу на “Лініі Сталіна”. Дырэктар школы называе гэта сьвятым месцам для беларусаў.

Падаецца, што грамадзкасьці трэба ствараць альтэрнатыўную “Лінію Сталіна” з тых месцаў, дзе былі масавыя расстрэлы нявінных людзей”.

Улада павінна быць пад кантролем грамадзтва

Карбалевіч: “Сапраўды, падаецца, што сёлетняе стаўленьне ўладаў да сталінскіх рэпрэсіяў не выпадковая зьява, а палітычная лінія.

Змаганьне з Курапатамі — адзіным у Беларусі помнікам ахвярам сталінізму; стварэньне новага мэмарыялу “Лінія Сталіна”, куды возяць на экскурсіі моладзь і гасьцей краіны; колішняя заява Лукашэнкі, што Ленін і Сталін — гэта сымбалі Беларусі; запрашэньне ў Менск дэлегацыяў замежных камуністычных партыяў, каб адзначыць 90-ю гадавіну бальшавіцкай рэвалюцыі — гэта ўсё зьвёны аднаго ланцугу.

Якавенка: “Сапраўды, гэта так. Існуе шмат фактаў, якія пацьвярджаюць гэтую выснову.

Хацеў бы дадаць пра вялікую ролю ў працы нашага аргкамітэта пісьменьніка Леаніда Маракова, які выдаў кнігі пра рэпрэсаваных у Беларусі людзей, а таксама пра карнікаў, якія чынілі гэтыя злачынствы. Мы правялі некалькі прэзэнтацыяў гэтых кніг.

Праца нашага аргкамітэту яшчэ ня скончаная, мы зьбіраемся яе разгортваць далей. Неўзабаве адкрыем сайт, дзе тэма рэпрэсіяў будзе падавацца шырока”.

Андросік: “Я б хацела заклікаць людзей далучацца да нашай працы. Ёсьць шмат інфармацыі пра рэпрэсіі, якая перадаецца вусна і яшчэ не зафіксаваная пісьмова.

Трэба супрацьстаяць палітычным рэпрэсіям, якія адбываюцца сёньня. Бескантрольнасьць улады ў мінулым прывяла да страшнай трагедыі. Калі не паставіць цяперашнюю ўладу пад кантроль грамадзтва, то наша будучыня будзе непрадказальная”.

Карбалевіч: “Такім чынам, мае суразмоўцы прыйшлі да наступных высноваў.

Па-першае, замоўчваньне беларускімі ўладамі гадавіны сталінскіх рэпрэсіяў сьведчыць пра палітычную блізкасьць сёньняшняга беларускага і савецкага рэжымаў.

Па-другое, тэма палітычных рэпрэсіяў вельмі балючая для беларускіх уладаў, бо дае нагоду праводзіць паралелі зь цяперашнімі рэпрэсіямі ў Беларусі.

Па-трэцяе, задачай грамадзкасьці зьяўляецца інфармаваньне насельніцтва пра сталінскія рэпрэсіі, каб прадухіліць іх цяпер і ў будучым”.
XS
SM
MD
LG