Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуністы пераяжджаюць зь Менску ў Маскву


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску завяршаецца трохдзённая міжнародная сустрэча дэлегацыяў 83-х камуністычных і рабочых партыяў сьвету. Увечары ўдзельнікі камуністычнага форуму арганізавана ад’яжджаюць у Маскву, дзе яшчэ два дні будуць сьвяткаваць 90-я ўгодкі кастрычніцкай рэвалюцыі. А ў суботу ў Менску скончыўся антыкамуністычны форум “У будучыню – без камунізму”.

Антыкамуністам улады не далі магчымасьці арэндаваць вялікае памяшканьне. І таму яны зьбіраліся ў сядзібе БНФ, дзе абмежаваная плошча. Шмат каму давялося гадзінамі стаяць. Але людзі не разыходзіліся – настолькі пранікнёна прамаўлялі былыя палітычныя вязьні, удзельнікі антысавецкага супраціву, сьвятары, навукоўцы, палітыкі.

Самае галоўнае, пра што тут казалі – гэта пра пакаяньне, на якое камуністы дагэтуль так і не адважыліся. Яны не павініліся за кроў, за зьверствы ГУЛАГаў, за шматлікія злачынствы. Удзельнікі антыкамуністычнага форуму асудзілі камуністычную ідэалёгію як антыгуманную, злачынную і амаральную. Яны запатрабавалі заканадаўчай забароны прапаганды камунізму ў Беларусі

Галоўнае, пра што казалі на форуме камуністаў – што ідэі камунізму неўміручыя, што толькі камунізм гарантуе сацыяльную справядлівасьць, дае правы на працу і адпачынак. А Тацяна Голубева – першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, якая падтрымлівае ўладу, зазначыла, што антыкамунізм зьяўляецца “асноўным прыёмам імпэрыялізму”.

У сьвеце ўжо ня так шмат людзей, якія вераць у камуністычныя ідэалы. Хто ж яны, сучасныя прыхільнікі камунізму? Аналітык Уладзімер Мацкевіч аналізуе кніжкі, артыкулы, якія пішуць камуністы:
”Гэтыя людзі зь гіпэртрафаванай энэргетыкай часам здольныя да такіх “працоўных подзьвігаў!”
“І вось аднойчы я задумаўся: а што гэта за тып людзей? І што гэта за грамадзкая зьява – людзі, якія зьбіраюць зараз розныя Славянскія саборы, зьезды славянскіх народаў, камуністычныя зьезды і г.д.? Гэта людзі зь вельмі абмежаваным сьветапоглядам, кругаглядам. І зь вельмі перакошаным уяўленьнем, пра тое, што адбываецца на сьвеце.

Але ж менавіта гэтыя асаблівасьці надаюць такім людзям гіпэртрафаваную энэргетыку. Яны часам здольныя да такіх “працоўных подзьвігаў”! Прыкладам, каб сабраць рэшткі камуністаў па ўсяму сьвету”.

Арганізатары камуністычнага форуму, перадусім, акцэнтуюць увагу на тым, што ў Менску ўстаноўлены своеасаблівы рэкорд – у гэтым стагодзьдзі на такіх сустрэчах больш за 75 краінаў ніколі не былі прадстаўленыя. А тут – аж 83. А аглядальнікі зьвяртаюць увагу на іншы аспэкт – абсалютную бальшыню дэлегацыяў у Менску не ачольваюць першыя партыйныя асобы.

Аналітык Уладзімер Мацкевіч так камэнтуе гэты парадокс:

“Для бальшыні эўрапейскіх камуністаў, якія на сёньня зьяўляюцца ўжо хутчэй рэвізіяністамі (карыстаючыся тэрміналёгіяй камуністаў), відавочная адыёзнасьць беларускага рэжыму. Таму яны і не сьпяшаюцца ў Менск”.

• Лукашэнка накіраваў прывітаньне камуністам, Мілінкевіч – іх праціўнікам , 4.11.2007 • У Менску адбыўся форум “У будучыню без камунізму”, 4.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG