Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму невядомыя прозьвішчы абвінавачаных у зьбіцьці Зянона Ломаця?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачнецца працэс па гучнай справе аб зьбіцьці старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця. Адметнасьць справы яшчэ і ў тым, што яна закрытая для публікі, прычым дагэтуль не названыя прозьвішчы абвінавачаных.

Пра абвінавачаных вядома, што іх чацьвёра: тры супрацоўнікі КДБ і адзін – дзяржсакратарыяту Рады Бясьпекі. Пра гэта днямі паведаміў журналістам Генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч. Паводле ягоных словаў, двое з абвінавачаных чакаюць суду пад вартай, астатнія – пад падпіскай пра нявыязд. Але гэтыя зьвесткі вядомыя публіцы. Нават прозьвішчы абвінавачаных генэральны пракурор не назваў:

“Не. Правіла такое, што дзейнічае прэзумпцыя невінаватасьці, таму іх не называюць. Пазьней усё стане вядома”.

У Вярхоўным судзе, дзе будзе праходзіць працэс, таксама прозьвішчаў абвінавачаных не назвалі. У пятніцу прэсавая служба толькі запэўніла, што “нейкая інфармацыя будзе апоўдні 5-га лістапада”.

Пра тое, што адбылося 12-га ліпеня ў Магілёве зь Зянонам Ломацем, зьвестак таксама вельмі мала. Пракуратура праз тыдзень пасьля інцыдэнту паведаміла толькі: старшыню Дзяржкантролю сапраўды зьбілі. Пазьней стала вядома пра затрыманьні супрацоўнікаў КДБ, якія падчас інцыдэнту нібыта былі пераапранутыя ў міліцыянтаў. Неўзабаве мусілі пакінуць пасады старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка і ягоны намесьнік Васіль Дземянцей, аднак пра сувязь гэтых адставак зь інцыдэнтам у Магілёве афіцыйна не казалі. Між тым на нарадзе з чэкістамі Аляксандр Лукашэнка асабіста загадаў расьсьледаваць зьбіцьцё Зянона Ломаця. Расьсьледаваньне праводзілася пад грыфам “сакрэтна”. Гэтаксама ў закрытым рэжыме бузе праходзіць і суд.

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка ня верыць, што нехта ў КДБ самастойна рызыкнуў напасьці на Зянона Ломаця. Спадар Костка не выключае правакацыі звонку з мэтай пасварыць сілавікоў:

“Тады прасьцей. Калі ўсе сварацца паміж сабой, а ёсьць пэўны цэнтар, куды ўсе ідуць скардзіцца, то лёгка кіраваць”.

Праваабаронца Гары Паганяйла зьвяртае ўвагу на тое, што ўсё часьцей справы вышэйшых асобаў закрытыя ад грамадзтва. Гары Паганяйла нагадаў суд над былым старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым, справу намесьніка кіраўніка ідэалягічнай ўправы адміністрацыі Ўладзімера Холада, абвінавачанага ў хабарніцтве, ды іншыя:

“Гэта не адпавядае інтарэсам дзяржавы, інтарэсам грамадзтва, парушае прынцыпы нашага правасудзьдзя, законы і працэдуры. Тым ня меней, гэта адбываецца. Амаль усе справы, дзе фігуруюць вышэйшыя кіраўнікі, праходзяць закрытымі. Улада ня хоча выносіць бруд на вуліцу. Не выключаю, што ў гэтай гісторыі былі і нейкія моманты, якія кампрамэтуюць спадара Ломаця”.

Справу будзе разглядаць вайсковая калегія Вярхоўнага суду.

• Напад на Зянона Ломаця: прычына адстаўкі Сухарэнкі ці банальная бойка? , 18.07.2007
XS
SM
MD
LG