Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адзначылі 120-я ўгодкі з дня нараджэньня Цішкі Гартнага


Радыё Свабода, Магілёў У Пячэрскі лесапарк Магілёва да памятнага знаку беларускаму пісьменьніку, першаму старшыні савецкага ўраду Беларусі прыйшлі два дзясяткі чалавек. На сымбалічным месцы пахаваньня Зьмітра Жылуновіча адбыўся непрацяглы мітынг.

На мітынгу магілёўскія палітыкі, актывісты няўрадавых арганізацыяў узгадалі пісьменьніка ды ягоныя творы. Прамаўлялі пра Беларускую народную рэспубліку, БССР ды сёньняшнюю незалежную Беларусь.

Зьміцер Жылуновіч нарадзіўся 4 лістападу 1887 году. У кастрычніку 1918 году беларускі пісьменьнік прыняты ў камуністычную партыі. 1 студзеня 1919 году ён ачоліў першы савецкі ўрад Беларусі. У 1930 годзе Зьмітра Жылуновіча выключылі з партыі. У 1936 годзе арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым. 7 красавіка 1937 году яго зьмясьцілі ў магілёўскую лякарню. 12 кастрычніка гэтага ж году Цішка Гартны памёр.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, пісьменьнік памёр ад гангрэны лёгкіх. Гісторыкі ж спасылаюцца на відавочцаў трагедыі: паводле аповедаў, даведзены ўтрыманьнем у лякарні да псыхічнага зрыву, Жылуновіч скончыў жыцьцё самагубствам.

Прыкладнае месца пахаваньня знайшоў кіраўнік магілёўскага аддзяленьня “Мартыралёгу Беларусі” Валянцін Ермаловіч. У 1989 годзе на гэтым месцы паставілі памятны знак.

Сёлета ўлетку актывісты гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы зьвярнуліся да магілёўскай улады з просьбай упарадкаваць тэрыторыю вакол памятнага знаку Цішку Гартнаму. Паводле старшыні суполкі Алега Дзячкова, у гарвыканкаме нібыта ўхвалілі ініцыятыву і пачалі распрацоўваць праект упарадкаваньня.


Лідэр магілёўскай кааліцыі аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандар Сілкоў ускладае кветкі да памятнага знаку Цішку Гартнаму


Старшыня гарадзкой суполкі ТБМ Алег Дзячкоў каля памятнага знаку прамаўляе пра Зьмітра Жылуновіча

Магілёў: ТБМ ушануе памяць Валянціна Ермаловіча і Зьмітра Жылуновіча 1.08.2007 Магілёў: ушанавалі памяць Цішкі Гартнага 11.04.2007
XS
SM
MD
LG