Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сацыяльным маршы ўзялі ўдзел людзі розных узростаў і поглядаў


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску адбыўся Сацыяльны марш – акцыя, скіраваная на зьмену сацыяльнай палітыкі ў краіне. Паводле арганізатараў у ёй узялі удзел да дзьвюх тысячаў чалавек, паводле міліцыі – каля тысячы. У часе акцыі адбыліся сутычкі анархістаў з нацыянал-радыкаламі, якія арганізатары назвалі правакацыяй з боку ўладаў. Разам з удзельнікамі акцыі шэсьцем ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор прайшла наша карэспандэнтка.

Апоўдні на пляцоўцы ля Акадэміі навук луналі пераважна чырвоныя сьцягі СССР і БССР, гучэлі мэлёдыі савецкіх часоў. Потым дадаліся нацыянальныя сьцягі і сьцягі палітычных партый. Людзі трымалі плякаты з сацыяльнымі лёзунгамі, патрабаваньнямі вярнуць ільготы і спыніць рост цэнаў. Спадар Міхаіл – інвалід трэцяй групы.

“Я інвалід з дзяцінства. Мне адмянілі ўсе ільготы. Я супраць. Няхай яму і ўсім, хто галасаваў за скасаваньне льготаў, будзе такі лёс, як у мяне”.

Паміж удзельнікамі акцыі камуністамі і прыхільнікамі Партыі БНФ пэрыядычна ўзьнікалі спрэчкі ў гістарычных пытаньнях.

Спадар сталага веку: “Сталін тут зрабіў шмат дрэннага”.

Спадарныя: “Вельмі шмат”.

Спадар сталага веку: “Тым ня менш, Сталін шмат зрабіў для калектывізацыі. Без калгасаў мы вайну б ня выйгралі”.

Спадар: “Дзівак Вы...”

Спадарыня: “Сёньняшняе мерапрыемства супраць адмены ільготаў мне зусім не падабаецца. Камуністы-бальшавікі пераварылі яго ў свой форум”.

Сацыяльны марш, 4.11.2007, Менск

Сацыяльны марш, 4.11.2007, Менск

Спэктар удзельнікаў – ад “Белай волі” да анархістаў

Асобнай групай стаялі маладыя людзі ў чорным, якія прадставіліся сябрамі нефармальнага руху “Белая воля”. Яе кіраўнік назваўся Андрэем.

“Мы падтрымліваем ідэі сацыяльнай роўнасьці, і прыйшлі сюды выказаць свой пункт гледжаньня на гэты конт. Мы выступаем супраць кантрактнай сыстэмы, вырашэньня энэргетычнага крызісу коштам скасаваньня сацыяльных ільготаў”, – кажа прадстаўнік “Белай волі”.

Некалькі дзесяткаў анархістаў прыйшлі на Сацыяльны марш пад чорна-чырвонымі сьцягамі.

Хлопец скандуе: “Вышэй чорны сьцяг! Дзяржава – галоўны вораг. Мы – анархісты, мы прайшлі на Сацыяльны марш, таму што мы ўвогуле супраць дзяржавы”.

Напачатку акцыі супрацоўнікі міліцыі затрымалі старшыню аргкамітэту Сацыяльнага маршу Валера Ўхналёва, і таму ролю арганізатара ўзяў на сябе лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін. Ён павеў калёну дазволены уладамі маршрутам ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

А.Ваўчанін: “Гэта прыходзіць фашызм у Беларусі”

У часе руху калёны адбыліся сутыкненьні нацянал-радыкалаў з “Белай волі” і анархістаў. Сяргей Калякін зьвярнуўся да міліцыі з просьбай затрымаць правакатараў. Адразу ж зьявіліся байцы спэцназу і аўтазакі, пасьля чаго маладыя людзі ў чорным адразу ж пакінулі калёну. Ніхто зь іх ня быў затрыманы.

Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Аляксандар Ваўчанін лічыць правакацыяй спэцслужбаў удзел радыкальных груповак у Сацыяльным маршы:

“Гэта прыходзіць фашызм у Беларусі, і мы, чарнобыльцы, вельмі абураныя гэтым”.

Сярод удзельнікаў Сацыяльнага маршу было шмат ліквідатараў, адзін з іх Васіль Сіліверст з Калінкавічаў:

“Сёньня прыйшоў на акцыю, каб падтрымаць сваіх калегаў-ліквідатараў, якія таксама абураныя дзеяньнямі ўладаў. Нам скасавалі ільготы абыякавыя чыноўнікі”.

Калі ўдзельнікі шэсьця дайшлі да парку Дружбы народаў, там загучэў “Інтэрнацыянал”. Потым яго зьмяніла кампазыцыя “Радыё Свабода” гурту “Ўліс”.

С.Калякін: сацыяльны пратэст у краіне будзе павялічвацца

На мітынгу выступоўцы патрабавалі зьмяніць сацыяльную палітыку ў краіне. Старшыня Аргкамітэту Сацыяльнага маршу Валер Ухналёў:

“Мы кажам, што яе трэба мяняць. А зьмяніць тую сацыяльную палітыку, якую праводзіць наша дзяржава, можна толькі зьмяніўшы сёньняшнюю ўладу”, – лічыць Валеры Ўхналёў.

Лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін гаварыў пра тое, што ў Сацыяльным маршы ўзялі ўдзел людзі розных узростаў, прафэсій і поглядаў, і ўсе яны выступаюць супраць сацыяльная палітыкі, якую праводзяць дзейныя ўлады.

“Яны вядуць беспрэцэдэнтны наступ на ўсе катэгорыі грамадзянаў. Фактычна, няма тых катэгорый, якім бы дзяржава не запусьціла валасатую руку ў кішэню”, – кажа Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін лічыць, што сацыяльны пратэст у краіне будзе павялічвацца і надалей.

Сацыяльны марш, 4.11.2007, Менск; Сяргей Калякін

Рэзалюцыя мітынгу: адмяніць Закон аб ільготах

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец запатрабаваў вызваліць палітвязьняў.

“І ўсіх бязьвінных людзей, якія пакутуюць у беларускіх канцлягерах. Свабоду Казуліну! Свабоду палітвязьням! Жыве Беларусь!”

Па завяршэньні мітынгу была прынятая рэзалюцыя, у якой удзельнікі Сацыяльнага маршу запатрабавалі адмяніць Закон аб ільготах і запатрабавалі вярнуць людзям адабраныя ў іх сацыяльныя гарантыі. Яны таксама заклікалі спыніць рост цэнаў, адмяніць кароткатэрміновыя кантракты і прадставіць свабоду для разьвіцьця індывідуальнага прадпрымальніцтва. Удзельнікі Сацыяльнага маршу сярод іншага запатрабавалі справаздачы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў перад выбаршчыкамі наконт сацыяльнай палітыкі, якую яны праводзяць.

Удзельнікі Сацыяльнага маршу – пра шэсьце і акцыю на Кастрычніцкім пляцы 4.11.2007 Сацыяльны марш. Онлайн-рэпартаж 4.11.2007 Сацыяльны марш. Фотарэпартажы 4.11.2007 Сацыяльны марш. Відэа 4.11.2007
XS
SM
MD
LG