Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры КХП БНФ ушанавалі памяць рэпрэсаваных у Лошыцкім яры


Галіна Абакунчык, Менск У менскім мікрараёне Лошыца адбыліся шэсьце і мітынг з нагоды дня памяці продкаў “Дзяды”. Жалобную імпрэзу арганізавалі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Са сьцягамі і транспарантамі людзі прайшлі да крыжа “Ахвярам бальшавіцкага тэрору” ў Лошыцкім яры, дзе ўсклалі кветкі і запалілі сьвечкі.

Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на пляцы каля Камвольнага камбінату – традыцыйнага месца збору на Дзяды ў Лошыцы. Многія трымалі ў руках кветкі, бел-чырвона-белыя сьцягі. На пачатку шэсьця гутару з выканаўцам абавязкаў старшыні партыі Юрасём Беленькім:

“Сёньня шэсьце ў Лошыцкі яр, бо Дзяды. Кожны год мы ходзім у Курапаты, кожны год мы ходзім у Лошыцу”.

Карэспандэнтка: “Сёньня таксама адбываецца Сацыяльны марш. Гэтак выпадкова здарылася, ці шэсьце было прызначанае адмыслова?”

“Супадзеньне, мне падаецца, упершыню. Чаму камуністы разам з псэўдаапазыцыяй прызначылі марш на сёньня – мне цяжка казаць. Мы – беларусы, якія адчуваюць больш сваёй зямлі. Мы ведаем пра трагедыю свайго народа пад акупацыяй расейскай імпэрыі. І мы глядзім у будучыню”.

Удзел у акцыі памяці ў Лошыцы прынялі такія вядомыя людзі, як палітык Вячаслаў Сіўчык, навуковец Мікола Крывальцэвіч, прадпрымальнік Аляксандар Макаеў, іншыя людзі, а таксама моладзь, і сярод іх – Франак Вячорка:

“Частка “Моладзі БНФ” пайшла на “Сацыяльны марш”, частка прыйшла сюды, на Дзяды. Я лічу, што найперш трэба быць тут, бо гэтыя дні – гэта “дзядоўскія дні”, і трэба ўшаноўваць памяць тых, хто пацярпеў за палітычныя погляды”.

Карэспандэнтка: “Скажыце, а чаму вы сёньня прыйшлі сюды?”

Спадарыня: “Я прыйшла, каб ушанаваць памяць рэпрэсаваных людзей, беларусаў, якія пацярпелі ад савецкай сыстэмы, ад камуністаў. Цяпер – тыдзень “дзядоў”. Яны нашы дзяды. Мы іх памятаем, шануем і кожны год ходзім”.

Спадар: “Я зараз тут, каб і, я і іншыя людзі памяталі пра тое, што зрабіў сталінскі рэжым у Беларусі”.

Шэсьце і мітынг каля крыжа “Ахвярам бальшавіцкага тэрору” Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ ладзіць ад пачатку 1990-х, калі адкрылася праўда пра масавыя расстрэлы ў яры каля Лошыцкага парку. Гаворыць актывіст партыі Ўладзімер Юхо:

“Гэтае месца адметнае тым, што блізка адсюль да вайны працавала НКВД. Чаму тут расстрэльвалі? Бо адсюль нават будынкі старыя НКВД відаць. І мясцовыя людзі пра гэта ведалі”.

Напачатку мітынгу баў зачытаны ліст старшыні партыі Зянона Пазьняка ў якім гаварылася, што ў лошыцкім яры закатаваныя і пахаваныя ад 7 да 10 тысяч бязьвінных ахвяраў сталінскага тэрору. Затым выступілі іншыя лідэры партыі, а завяршыў мітынг Валеры Буйвал:

“Мы прыйшлі, каб пакланіцца памяці ахвяраў. Яны вечна жывыя, яны заўсёды з намі. І менавіта гэтым адзінствам – вялікай мінуўшчынай, драматычнай сучаснасьцю і будучыняй – ёсьць моцны і магутны беларускі народ. Жыве Беларусь!”

Перад тым, як разысьціся, ўдзельнікі акцыі памяці ў Лошыцы прасьпявалі гімн “Магутны Божа”, а таксама ўсклалі кветкі і запалілі сьвечкі каля крыжа “Ахвярам бальшавіцкага тэрору”.

Ушанаваньне памяці ахвяраў у Лошыцкім яры, 4.11.2007
Перад пачаткам шэсьця

Ушанаваньне памяці ахвяраў у Лошыцкім яры, 4.11.2007
Шэсьце на Дзяды ў Лошыцы

Ушанаваньне памяці ахвяраў у Лошыцкім яры, 4.11.2007
Падчас мітынгу ў яры каля Лошыцы

Ушанаваньне памяці ахвяраў у Лошыцкім яры, 4.11.2007
Падчас мітынгу

Ушанаваньне памяці ахвяраў у Лошыцкім яры, 4.11.2007
Каля крыжа “Ахвярам бальшавіцкага тэрору”

Ушанаваньне памяці ахвяраў у Лошыцкім яры, 4.11.2007
Кветкі і сьвечкі каля крыжа
XS
SM
MD
LG