Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка накіраваў прывітаньне камуністам, Мілінкевіч – іх праціўнікам


Паводле БелаПАН Сёньня ў Менску пачалася міжнародная сустрэча камуністычных і рабочых партый, прысьвечаная 90-годзьдзю сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расеі, дата якой у Беларусі зьяўляецца дзяржаўным сьвятам. Прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка накіраваў удзельнікам сустрэчы прывітаньне, у якім назваў кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 году "эпахальнай гістарычнай падзеяй", паведамляе БелаПАН. Адначасова ў Менску ўдзельнікі антыкамуністычнага форуму "Ў будучыню без камунізму" асудзілі камуністычную ідэалёгію як антыгуманную, злачынную і амаральную, якая супярэчыць агульнапрынятым прынцыпам і каштоўнасьцям чалавечага грамадзтва, і запатрабавалі заканадаўчай забароны прапаганды камунізму ў Беларусі.

Як зазначыў сябра аргкамітэту форуму, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Павал Севярынец, прадстаўнікі камуністычных і рабочых партый, якія праводзяць сваю сустрэчу ў сталічным гатэлі "Беларусь", могуць сабрацца толькі для пакаяньня за грахі і злачынствы камунізму. Паводле яго слоў, грамадзтву трэба будзе шмат зрабіць для таго, каб вярнуць у душы і справы людзей веру і свабоду замест бязьвер''я і рабства, народжаных камунізмам.

Гісторык Ірына Кашталян у сваім выступе адзначыла, што камунізм як тэорыя застанецца толькі ў гісторыі філязофіі, а на практыцы ён ніколі не павінен паўтарыцца. Паводле яе слоў, цяперашнія беларускія ўлады імкнукцца дзейнічаць савецкімі метадамі эпохі дыктатуры пралетарыяту.

Кіраўнік дыпляматычнай місіі Чэхіі ў Беларусі Ўладзімір Румл назваў антыкамуністычны форум "важнай гістарычнай зьявай, што адбываецца адначасова з падзеяй мінулага стагодзьдзя ў гатэлі "Беларусь". Паводле яго слоў, "самая галоўная праўда" пра камунізм заключаецца ў тым, што ён скіраваны "супраць чалавека".

Тым часам на форуме камуністаў гучалі заклікі да кіраўніцтва Расеі перастаць шантажаваць Беларусь і выканаць абавязацельствы па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы (Г.Зюганаў), а таксама да ЗША з патрабаваньнем перастаць "нахабна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі пад прыкрыцьцём абароны правоў чалавека, дэмакратычных каштоўнасьцяў і барацьбы з тэрарызмам" (Т.Голубева).

Камэнтуючы форум праціўнікаў камуністычных поглядаў, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Тацяна Голубева зазначыла, што антыкамунізм зьяўляецца “асноўным прыёмам імпэрыялізму”. Яна назвала беларускую апазыцыю "пятай калёнай", што маскіруецца пад дэмакратычныя ідэі і расхіствае сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне.

Камуністы й антыкамуністы зьбіраюцца ў Менску 2.11.2007
XS
SM
MD
LG