Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

• Рэформа не праваліцца, калі яе падтрымае народ


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Які замежны досьвед рэфармаваньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі? Што з гэтага досьведу можна скарыстаць у Беларусі?

На рэформу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў Англіі патрацілі 15 год. У выніку якасьць паслугаў у галіне сталася не філязофскім паняткам, а вызначаным у часовых і фінансавых вымярэньнях. Прыкладам, час, цягам якога можна дазваніцца да дыспэтчарскай службы, мусіць быць ня большым за 30 сэкундаў. Рэглямэнтаваны і тэрмін для выпраўленьня непаладкаў.

«Абмяркоўвалі ўсенародна...»

У большасьці краін, што правялі рэформу ЖКГ, вялікае значэньне надавалася шырокаму грамадзкаму абмеркаваньню тэмы. На думку экспэрта ў пытаньнях мясцовага самакіраваньня Аляксандра Жучкова, пільная ўвага СМІ да гэтага пытаньня, адмысловыя тэледэбаты забясьпечылі посьпех.

Жучкоў: «Я думаю, у Польшчы быў самы збалянсаваны падыход – новыя этапы рэформаў абмяркоўваліся ўсенародна. Экспэрты прапаноўвалі розныя варыянты, а людзі, нават ня маючы пэўных ведаў у гэтай галіне, усё ж такі ацэньвалі, як ім будзе лягчэй, лепей у новых умовах. А ў нас на сёньняшні дзень мала таго, што толькі размовы ідуць пра гэтыя рэформы, дык гэта нават спэцыялістамі нідзе не абмяркоўваецца.

Тая ж адміністрацыйная рэформа ў Польшчы: паўтары гады былі на падрыхтоўку. На тэлебачаньні, у іншых СМІ вяліся дэбаты, маляваліся карты, тлумачылася, як гэта будзе працаваць, што трэба перарабіць. Таму людзі ня толькі былі «ў тэме» – яны спрычынііся да гэтага працэсу і пачувалі сябе нармальна, калі гэтыя зьмены пачаліся».

Дзе ёсьць манаполія – там няма канкурэнтаў у коштах

На думку сп.Жучкова, лепшае ў замежным досьведзе рэформаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі – гэта скасаваньне манапалізму.

Жучкоў: «Жыльлёва-камунальная гаспадарка – гэта частка агульных паслуг, якія аказвае мясцовае самакіраваньне. Там жа і гандаль, – калі ён прыватны, то сам мадэлюе кошты. У Польшчы, прыкладам, быў прыватызаваны грамадзкі транспарт. Мясцовыя органы ўлады выступаюць заказчыкам і, адпаведна, могуць выбіраць, хто гэтую паслугу насельніцтву акажа найтаньней. Паглядзіце ў Менску, – транспарт у нас значна даражэй за кіеўскі. І маршруткі ў тым выпадку. Гэта з-за таго, што іх органы мясцовага самкіраваньня атрымалі большыя паўнамоцтвы, чым у нас. І само рэгулюе кошты, карыстаючыся паслугамі прыватнікаў. Калі б у нас адбылася прыватызацыя ў жыльлёва-камунальным сэктары, мы б самі выбіралі, які сантэхнік лепей, хутчэй ды таньней зробіць рамонт цеплатрасаў. У Польшчы нават энергазабеспячэньне таксама прыватнае – яны самі выбіраюць, якая кацельная таньней прадасьць ім цяпло».

Галіна Скараход, былая кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Фонд падтрымкі лякальнага разьвіцьця», шмат вывучала досьвед замежнікаў у справе таварыстваў кватэраўладальнікаў – так званых кандамініюмаў. На думку спн. Скараход, гэтая сыстэма прагрэсіўная, бо робіць чалавека вельмі адказным ў сфэры карыстаньня жыльлём.

Дзяржаўная падтрымка – істотны чыньнік посьпеху

Скараход: «Мы вывучалі вопыт Польшчы ў стварэньні гэтых таварыстваў уласьнікаў – сапраўды ёсьць чаму павучыцца, бо там іх каля 20 тысячаў, а ў нас на ўсю краіну добра калі 500 будзе. Гэтая форма дае магчымасьць людзям самім кіраваць сваім жыльлём, сваёй гаспадаркай, быць адказнымі за гэта. Людзі, якія жывуць побач з дамамі, што існуць у форме таварыстваў, бачаць на ўласныя вочы – дамы там у лепшым стане, дагледжаныя больш і гэтак далей.

Што можна было б узяць за прыклад? Удзел у гэтым дзяржавы, дзяржаўную падтрымку, у тым ліку субсыдыяваньне, кансультацыйная дапамога. Калі ў Польшчы пачаліся рэформы, найперш увага была жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. І дзяржава спрыяла сама стварэньню кандамініюмаў. А ў нас, нягледзячы на тое, што прапісана ў рэформе стварэньне кандамініюмаў, на справе пра гэта больш размаўляюць. Дзяржава не выконвае свае ж пляны. Трэба, каб гэта абмяркоўвалася, каб праца экспэртаў была. А інакш грамадзтва ня можа падрыхтавацца да рэформаў і зьменаў».

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня Валянціна Кудлацкая:

«Паводле зьвестак на ліпень у Беларусі створана больш за 500 структураў па кіраваньні маёмасьцю. Калі ўлічыць тэрміны пачатку рэформы, то гэтага мала.

Улада, якая найперш адказвае за посьпех рэфармаваньня, не абцяжарыла сябе працай зь людзьмі, каб перайсьці на новыя формы кіраваньня жыльлёвым сэктарам і тым самым паскорыць працэс. Тут яна спрацавала якраз па прынцыпу сёньняшняга фармату практыкі ЖКГ: не на апярэджаньне, а на працу па ходзе маршу, як кажуць. Зразумела, акі падыход пацягне выдаткі.

Грунтоўны досьвед рэфармаваньня ёсьць у тых жа суседзяў – літоўцаў, палякаў, у Нямеччыне.

Патрабавалася крышку загадзя паклапаціцца пра даступнасьць і як мага больш поўны распаўсюд адпаведнай інфармацыі. Магчыма, гэта сайт, магчыма, буклеты, СМІ. Пакуль жа актыўнага і жывога абмеркаваньня маючай адбыцца рэформы – няма.

А вось жаданьне грамадзкіх структураў паўдзельнічаць у гэтай працы, на жаль, асабліва не вітаецца».
XS
SM
MD
LG