Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Чаму тармозіцца стварэньне таварыстваў ўласьнікаў жытла


Радыё Свабода, Гомель Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Крыху больш за сорак таварыстваў уласьнікаў жытла існуе цяпер у Гомелі – другім па велічыні горадзе краіны. Утвараюцца яны, як правіла, на аснове тых шматкватэрных жылых дамоў, што ўзводзіліся на прыватныя сродкі дольшчыкаў. Прынамсі, вядомыя ў горадзе таварыствы “Рысь”, “Утульнасьць”, “Палац” ды некаторыя іншыя.

Першым найбольш удалым прыкладам можа служыць моладзевы жыльлёвы каапэратыў “Сонечны”, утвораны амаль трыццаць гадоў таму ініцыятыўнымі людзьмі, якія захацелі мець свой дах над галавой.

На шасьці гектарах тут пабудавана ўжо шэсьць дамоў, дзе жыве паўтары тысячы чалавек.

Распавядае жыхарка корпусу №6 спадарыня Людміла:

“Тут у нас чыста – абслугоўваньне сваё, свой сантэхнік, кансьерж у доме. Я вельмі задаволеная: чыста, прыемна, культурна. У нас тут лічыльнікі на ваду і на газ. Дай Бог кожнаму мець такую кватэру”.

У доме, дзе жыве спадарыня Людміла, аўтаномнае ацяпленьне, якое абыходзіцца амаль удвая таньней, чым цэнтралізаванае. Тут укараняюцца датчыкі руху – яны дазваляюць эканоміць электраэнэргію на асьвятленьне пад’ездаў. Людзі не шукаюць сантэхніка, электрыка, калі іншым разам узьнікаюць непаладкі.

І ўсё ж, нягледзячы на перавагі самакіраваньня жыльлёвым фондам, масавага руху таварыстваў уласьнікаў не назіраецца. І ня толькі ў Гомелі.

Як мяркуюць назіральнікі, састарэлы жыльлёвы фонд, дзе дзесяцігодзьдзямі не рамантаваліся дамы, нікога ня вабіць. Адбіваецца пакуль таксама інэрцыя.

Гаворыць спадар Міхаіл, які працуе ў сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі:

“У чалавека псыхалёгія такая: мой дом – мая крэпасьць. І яго задавальняюць паслугі, якія ёсьць. Існуюць ЖРЭСы, дзяржаўныя нашыя канторы, і гэта іх задавальняе. Хто пажыў у лепшых умовах, той будзе імкнуцца да такога калектыву, як таварыства ўласьнікаў, якое можа рэалізаваць усе свае задумкі. А ў большасьці людзей жыве яшчэ інэрцыя сацыялізму – хтосьці за іх павінен рабіць, прыбіраць, ахоўваць, рамантаваць і г.д. І галоўнае – рамантаваць бясплатна”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, таварыствы ўласьнікаў валодаюць усяго 1,5 працэнтамі ад наяўнага жытла. Найбольш такіх таварыстваў у Менску, ёсьць яны ў Віцебску, Салігорску. Асацыяцыя таварыстваў ствараецца ў Мазыры. Экспэрты лічаць: каб жыльлёвы фонд рамантаваўся, а ўжо пасьля гэтага перадаваўся таварыствам, справа з самакіраваньнем у жылым сэктары пайшла б нашмат шпарчэй.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня Валянціна Кудлацкая:

“Шмат старога жыльлёвага фонду, і на дзяржаву кладзецца вялікая нагрузка. Таму рэформа лягічна прадугледжвае розных формаў кіраваньне ім. Напрыклад, таварыствы ўласьнікаў.

Але зноў жа: выдаткі пакуль яшчэ існуючай сыстэмы на сёньня ў пэўным сэнсе тармозяць рэфармаваньне. Акрамя іншага, тут ёсьць праблемы кадравага рэсурсу. Хто возьме адказнасьць ускласьці на сябе абавязкі старшыні таварыства? Тым больш калі няма ведаў, вопыту і досьведу. Адсюль праблема запатрабаванасьці ў мэнэджэрах.

Зноў жа дае свае мінусы і фактар мінімальнай інфармаванасьці аб дзейнасьці такіх утварэньняў. Яшчэ накладвае адбітак спрадвечная асьцярожнасьць беларуса: хай нехта іншы, бо ня дай Бог ня так скажу – на практыцы такога хапае…

Менавіта ўлада павінна ісьці зараз насустрач тым грамадзкім ініцыятывам, якія распачалі працу ў гэтым рэчышчы.

Слова таксама за мясцовымі дэпутатамі. Дэпутацкі корпус нашага раёну таксама пакуль не зьвяртаўся да гэтай тэмы. А вось спроба аднаго са старшыняў ЖСК выступіць у раённай прэсе па гэтай праблеме скончылася няўдачай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG