Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Якімі энэргазьберагальнымі тэхналёгіямі карыстаюцца ў Скідалі?


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. У апошнія гады заўважна абвастрылася патрэба ў энэргазьберагальных тэхналёгіях. Каб даведацца, як яны ўкараняюцца ў рэгіёнах, наш гарадзенскі карэспандэнт паехаў у горад Скідаль.

Паводле галоўнага інжынэра прадпрыемства раённых электрычных сетак Алега Скарабагата, такія праграмы рэалізуюцца ўжо цягам некалькіх гадоў.

Гэта датычыць пераводу кацельняў на мясцовае паліва, замены новага электроннага абсталяваньня для кантроля за адключэньнем асьвятленьня, уводу новых прагрэсіўных тарыфікайцыйных коштаў й іншае.

Начальнік аддзелу збыту электраэнэргіі Сяргей Аўчыньнікаў нават распавядаў пра новыя электронныя лічыльнікі сьвятла, якія зараз праходзяць праверку ў некаторых дамах.

Аўчыньнікаў: “Яны запраграмаваныя, і аплата праводзіцца па картках. Калі, да прыкладу, чалавек заплаціў за 200 кіляват, а аплата пазьней не папоўнілася, то лічыльнік адключае сьвятло аўтаматычна”.

“Пра інтэнсіўнасьць гаварыць не выпадае”

Галоўны інжынэр Скідальскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандар Карповіч паведаміў: згодна з дырэктыўнымі дакумэнтамі адбываецца замена цеплавых трубаў, усталёўваюцца катлы замежнай вытворчасьці для мясцовых відаў паліва, лічыльнікі вады, газа, са згоды гаспадароў кватэры пераводзяцца на індывідуальнае ацяпленьне.

Спадар Карповіч лічыць – такія тэхналёгіі даюць добры плён. Адзіная праблема, што гэта не набывае масавага характару.

Карповіч: “Не хапае на ўсё матэрыяльных сродкаў. Цяпер такія мэрапрыемствы праводзяцца за кошт толькі тых сродкаў, якія мы маем на рахунку. Таму пра інтэнсіўнасьць у гэтым накірунку гаварыць не выпадае”.

“Яны нешта ў Менску ўводзяць, а вакол невядома што робіцца”

А зараз я на вуліцах Скідаля й пытаюся ў людзей, якімі энэргазьберагальнымі тэхналёгіямі яны карыстаюцца?

Спадарыня: “Вось паставілі лічыльнікі вады халоднай і гарачай, то плаціць менш даводзіцца”.

Спадарыня: “Канечне, аб нас турбуюцца – нават прэзыдэнт! Службы ходзяць правяраюць, каб сьвятло днём дарэмна не гарэла: уключаюць, выключаюць...”

Спадар: “Не, гэтага я нічога не адчуваю на сабе й гэтым наагул не займаюся”.

Спадар: “Калі сам ня будзеш энэргазьберагаць, то ніхто табе не зьберажэ. Павышэньне коштаў ідзе, а пэнсію й заробкі не павялічваюць. Вось я іду са спальні на кухню, хоць на хвілінку, а сьвятло ўжо выключаю, каб не гарэла”.

Карэспандэнт: “А няўжо вам не прапануюць уводзіць новыя лічыльнікі, прыборы, каб, напрыклад, тая ж лямпачка сама выключалася, калі няма патрэбы?”

Спадар: “Ды нічога гэтага ў глыбінку не даходзіць. Вось як я быў у войску, служыў звыштэрміновую службу, там салдат прапаршчыку насы на ботах начысьціць, а заднікі – брудныя. Так і тут: яны нешта ў Менску ўводзяць, а вакол невядома што робіцца”.

Спадар: “Я бачыў па Эўраньюс перадачу са Швэцыі. Жанчына распавядала пра свой кацёл, казала, што зімой дастаткова два разы на дзень падкінуць дроў, а ўлетку наагул раз у тыдзень. Вось нам бы такі кацёл!”

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня Валянціна Кудлацкая:

– У кантэксьце жыльлёва-камунальнай рэформы ёсьць месца і энэргазьберагаючым тэхналёгіям, і матэрыялам. Аднак тут хапае недапрацовак. Як уладаў, спэцыялістаў ЖКГ, так і грамадзянаў.

Калі ж давядзецца расплачвацца за ўсё з уласнай кішэні, то ўласьнікі жытла больш сур’ёзна зоймуцца падлікам расходаў на яго ўтрыманьне.

А вось з боку ўладаў… Яшчэ раз хачу падкрэсьліць: трэба больш актыўна далучаць людзей, кіраўнікоў тых жа таварыстваў уладальнікаў жытла ці моладзевых жыльлёвых каапэратываў да праграмаў па новых тэхналёгіях. Кшталту тых, якія прапаноўвае сёньня Эўразьвяз.

Трэба вучыцца ў нашых суседзяў, якія маюць доступ і да тэхналёгіяў, і да фінансавых сродкаў эўрапейскіх фондаў. Дарэчы, гэта і аргумэнт на карысьць таго, чаму Беларусь павінна далучацца да Эўропы. Яе тэхналёгіяў, інавацыйных шляхоў рэфармаваньня ня толькі ЖКГ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG