Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуністы й антыкамуністы зьбіраюцца ў Менску


Уладзімер Глод, Менск Адразу дзьве падзеі, зьвязаныя з гадавінай бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году, адбудуцца 3 лістапада ў Менску. Гэта грамадзянскі форум “У будучыню — без камунізму” і сустрэча прадстаўнікоў 83 камуністычных партыяў сьвету.

Антыкамуністычны форум пройдзе на сядзібе Партыі БНФ

У грамадзянскім форуме “Ў будучыню — без камунізму” возьмуць удзел навукоўцы, асобы, пацярпелыя ад рэпрэсіяў камуністычнага рэжыму, палітыкі, грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі духавенства, а таксама замежныя госьці, паведаміў Радыё Свабода адзін з арганізатараў акцыі, намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч.

Ён, аднак, шкадуе, што колькасьць удзельнікаў антыкамуністычнага форуму давядзецца абмежаваць і тлумачыць, чаму так атрымалася:

“Мы плянавалі дастаткова вялікае мерапрыемства. Але нам адмовілі ў памяшканьні Палацу культуры МАЗу, дзе мы зьбіраліся праводзіць свой форум. Таму ён пройдзе на сядзібе Партыі БНФ, дзе мы дэ-факта абмежаваныя толькі сотняй людзей. Бо больш гэтае памяшканьне ня вытрымае.

Але будуць вельмі цікавыя выступоўцы. Прыедуць замежныя госьці з Украіны ды Расеі. Карацей, сапраўды цікава будзе”.

Камуністы зьбяруцца ў гатэлі “Беларусь”

А вось арганізатары камуністычнага форуму з Камуністычнай партыі Беларусі, якую ачольвае дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Тацяна Голубева, зь месцам правядзеньня акцыі праблемы ня маюць.

Дэлегацыі камуністычных і рабочых партыяў 83 краінаў сьвету будуць працаваць у канфэрэнц-залі гатэлю “Беларусь”. У гэтым гатэлі яны будуць і жыць.

Цікаўлюся ў сакратара ЦК КПБ Георгія Атаманава, дзе партыя ўзяла грошы, каб аплаціць выдаткі:

“Хлопцы, ну няма ў нас забесьпячэньня з Захаду. Вы ўжо паверце нам на слова. Мы скарысталі частку партыйных унёскаў, паколькі яшчэ зь лютага ведалі, што гэты форум будзе ў Менску.

Усе дэлегацыі прылятаюць коштам сваіх уласных сродкаў. А тут мы ім аплацім гэтыя тры дні. А 5 лістапада яны ўсе ад’яжджаюць у Расею”.

Чаму камуністы абралі менавіта Менск і Маскву?

Міжнародная сустрэча, якая прысьвячаецца 90-й гадавіне кастрычніцкай рэвалюцыі, падзяляецца на дзьве часткі — менскую і маскоўскую.

Арганізацыю форуму ў Менску Георгі Атаманаў тлумачыць гістарычнымі падзеямі, паколькі менавіта тут праходзіў першы зьезд Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі.

Арганізатары антыкамуністычнага форуму лічаць, што гісторыя — гэта толькі падстава.

“Камуністы ўсяго сьвету выбралі Беларусь для правядзеньня свайго мерапрыемства, паколькі ў нашай краіне злачынствы камунізму дагэтуль не асуджаныя”, — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні пра правядзеньне форуму “Ў будучыню — без камунізму”.

А.Скрыган: “Удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве мы ня будзем”

У Беларусі, як вядома, дзьве камуністычныя партыі: КПБ, якая займае праўладную пазыцыю, і ПКБ, якая ўваходзіць у склад аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Цікаўлюся, у сакратара ЦК ПКБ Алены Скрыган: ці запрошаныя на камуністычны форум апазыцыйныя камуністы?

“Наша становішча вызначана тым, што дзейнасьць партыі прыпыненая на паўгоду. І таму ніякага афіцыйнага запрашэньня мы атрымаць не маглі. Удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве мы ня будзем”.

“У сёньняшнім сьвеце камуніст і дыктатура — рэчы несумяшчальныя”, 2.10.2007 У Менск зьедуцца галоўныя камуністы плянэты, 6.09.2007 Міхась Чарняўскі: Іх аб’ядноўваў антыкамунізм, 20.05.2007
XS
SM
MD
LG