Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вясковыя дзеці ня вучацца, а капаюць бульбу на калгаснай паншчыне”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Беларусь — адзіная ў сьвеце краіна, у якой на дзяржаўным узроўні, як агульнанацыянальнае сьвята, адзначаецца кожная гадавіна расейскай кастрычніцкай рэвалюцыі — бальшавіцкага перавароту, зьдзейсьненага ў Петраградзе ў 1917 годзе.

Менавіта Менск сёлета камуністы абралі месцам правядзеньня сваёй канфэрэнцыі, прымеркаванай да 90-годзьдзя рэвалюцыі. Хоць раней такія ўрачыстасьці праводзіліся звычайна ў Маскве.

Наш слухач Мікалай Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну разважае пра тое, чаму так адбываецца. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Не магу ўявіць, як можна сьвяткаваць падзею, зь якой пачаўся страшэнны зьдзек з народу. З усталяваньнем дыктатуры бальшавікоў пачалося вынішчэньне самых заможных, ініцыятыўных, адукаваных слаёў народу.

У Беларусі кожны шосты селянін быў раскулачаны і вывезены за межы бацькаўшчыны ў Сібір, дзе многія загінулі. А замест фэрмэрства ў Беларусі была ўведзеная калгасная паншчына.

Кроў стыне ў жылах ад жаху, калі даведваесься, што ў 1937 годзе на кожны раён Беларусі спускаліся пляны расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей.

Калі ўдумацца і ўважліва зірнуць на наша цяперашняе жыцьцё, то няма нічога дзіўнага, што ўлада адзначае крывавы дзень 7 лістапада як сьвяточны. Бо і цяпер бясьсьледна зьнікаюць вядомыя палітыкі. Некаторыя апазыцыянэры пакутуюць у турмах альбо ў ссылцы.

А моладзевыя актывісты раптам перад кожнай масавай акцыяй амаль пагалоўна пачынаюць нецэнзурна лаяцца — і іх за гэта арыштоўваюць альбо абкладаюць вялізнымі штрафамі.

Як і пры бальшавіках, сельскія і местачковыя школьнікі ўвесь верасень ня вучацца, а капаюць бульбу на калгаснай паншчыне. Рабочыя і служачыя ж паводле разнарадкі пасьля бульбы капаюць яшчэ і буракі. Працуюць у полі амаль да Калядаў, бо вёска ўжо практычна вымерла, працаваць няма каму.

А ў аграгарадках, дзе даюць кватэры, калгасныя заробкі — мізэрныя, і людзі працуюць паводле прымаўкі: “Якая плата, такая і праца”.

Улада ж упарта рэклямуе дэмантаваную яшчэ да вайны “Лінію Сталіна”. А ў Курапатах у гэты ж час ледзь ня кожны месяц ламаюць “Лаву Клінтана”, руйнуюць крыжы па ахвярах сталіншчыны. А вінаватых улада чамусьці ніяк ня можа знайсьці. Дык якое ж гэта сьвята, 7 лістапада?”

Пасьля таго, як гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі перастала лічыць дзяржаўным сьвятам сама Расея, у якой бальшавіцкі пераварот уласна рыхтаваўся і адбываўся, думаю, спадар Куксо, што рана ці позна гэта дата будзе выкрасьлена і зь беларускага сьвяточнага календара.

Вядома, у гісторыі яна застанецца яшчэ доўга: надта шмат лёсаў пакалечана і жыцьцяў загублена ў выніку грандыёзнага і бясплённага сацыяльнага экспэрымэнту, які пачаўся 7 лістапада 1917 году.

Але нашым нашчадкам наўрад ці прыйдзе ў галаву наладжваць у гэты дзень урачыстасьці й рассылаць віншаваньні адзін аднаму.

Пра тое, зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца арганізатары масавых апазыцыйных акцыяў, піша ў сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Юрась Навіцкі зь Менску:

“Ну, ня можа наша цудоўная ўлада ніводнага дня абысьціся без правакацыяў. Які давер могуць выклікаць амонаўцы, якія зьбіваюць дзяўчатак-падлеткаў, жанчын ці састарэлых людзей?

І як можна дайсьці да такой нізасьці, як суд над інтэлігентнымі людзьмі паводле абсурдных абвінавачаньняў у нецэнзурнай лаянцы ці спраўленьні патрэбы на прыпынках грамадзкага транспарту?

А ўспомніце, як падчас Кангрэсу дэмсілаў яны прывозілі на аўтобусе дзеля карцінкі на БТ артыстаў-гомасэксуалістаў, на плошчу Каліноўскага — “правільных” пэнсіянэраў, ветэранаў і п’яных, на маршы — пераапранутых правакатараў, якія кідалі палкі ды бутэлькі ў сваіх калегаў.

А чаго каштавалі спробы сарваць выступы дэмакратычных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта?

Міжволі напрошваецца думка: неабходна тэрмінова вярнуцца да практыкі ахоўных дружынаў на такіх акцыях ды імпрэзах. Я сам некалькі разоў удзельнічаў у дружыне Вольнага прафсаюзу — прыкладам, у другім Маршы Свабоды, які прайшоў даволі спакойна”.

Маеце рацыю, спадар Навіцкі. Арганізатары масавых акцыяў павінны думаць пра тое, каб засьцерагчыся ад такіх правакацыяў. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што зыходзіць яны могуць ня толькі ад улады. У палітычнай барацьбе супернікі й канкурэнты ёсьць часам ня толькі на іншым баку барыкадаў, але і сярод тых, каго лічаць хаўрусьнікамі й нават аднадумцамі.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў ставіць пад сумнеў высновы тых беларускіх палітыкаў ды палітолягаў, якія прадказвалі надыход гэтай восеньню нейкага часу Ікс — паваротнага пункту, створанага сацыяльнай нестабільнасьцю ў дзяржаве.

Спадар Марціновіч лічыць, што, прагназуючы магчымае разьвіцьцё палітычных падзеяў у Беларусі, найперш варта ўлічваць досьвед Расеі і Ўкраіны:

“Масавая сьвядомасьць насельніцтва гэтых дзьвюх краінаў найбліжэйшая беларусам. І што ж мы назіраем у суседзяў? У Расеі — суцэльнае крамлёўскае бізантыйства новага “памазаньніка Божага”, а ва Ўкраіне — бойка алігархічных кланаў, дзе празаходнім блёкам у чыста пасіянарна-эўразійскім стылі кіруе Юлія Цімашэнка — сама ў мінулым алігарх.

Іншымі словамі, украінская дэмакратыя нейкая зусім ня чыста ідэалягічная, не эўрапейская. Тым больш, што супрацьвага першай сіле там — антыэўразьвязаўскі блёк прарасейскіх рэгіёнаў, дзе люмпэна вядзе за сабой алігархія Данбасу.

Ці можна гэтай восеньню з гэтым беларускім абываталем ажыцьцявіць нейкі карэнны зрух туды, на ўзровень новых сяброў Эўразьвязу? Як патрабаваньні больш высокіх заробкаў і захаваньня льготаў ператварыць у жаданьне і патрабаваньне дэмакратыі, шырокіх рэформаў і сяброўства ў Эўразьвязе?

Адказу няма. Як не было яго і пятнаццаць гадоў таму, калі намэнклятура ў Вярхоўным Савеце лёгка адмяніла рэфэрэндум, за які БНФ сабраў 350 тысяч подпісаў.

І як можна пасьля трынаццаці гадоў добраахвотна-сьвядомай турмы адразу ўвайсьці ў ролю ўсходнеэўрапейцаў восені 1989-га, якія імкліва ірванулі з клеткі, у якой камуністычная Масква трымала іх сорак пяць гадоў?”

Тады, напярэдадні 1989-га, многія таксама лічылі немагчымым, каб грамадзтвы, якія на працягу паўстагодзьдзя цярпелі камуністычную сыстэму і, здаецца зусім прызвычаіліся жыць за жалезнай заслонай, раптам у адно імгненьне ўзбунтаваліся, і як вы, спадар Марціновіч, пішаце, “ірванулі з клеткі”.

А вось жа ірванулі... І ніякай папярэдняй падрыхтоўкі для гэтага не запатрабавалася. Фактычна нідзе ва Ўсходняй Эўропе, акрамя хіба што Польшчы, да гэтага не было нават арганізаванай палітычнай апазыцыі. Проста вялікім масам людзей надакучыла цярпець, а сыстэма ўлады зусім не была разьлічаная на магчымасьць такіх масавых пратэстаў.

Ці настаў такі крытычны момант у Беларусі? Мяркуючы паводле апошніх апазыцыйных маршаў — пакуль не. Тут з вамі, спадар Марціновіч, не пагадзіцца нельга.

Наш слухач Алесь Застарынскі са Слуцку ў сваім лісьце на “Свабоду” нагадвае пра тое, што напрыканцы лістапада дэмакратычныя сілы звычайна адзначаюць гадавіну Слуцкага збройнага чыну — антыбальшавіцкага паўстаньня 1920 году, якое ставіла на мэце аднаўленьне незалежнай дэмакратычнай Беларусі.

Але ня ўсё ў гэтым адзначэньні задавальняе спадара Застарынскага:

“У 1990-я гады да нас у Слуцк зь Менску прыяжджалі лідэры апазыцыйных партыяў — Вячорка, Статкевіч, Лябедзька, а разам зь імі многія іншыя актывісты (звычайна двума-трыма аўтобусамі). На гарадзкім стадыёне з дазволу ўладаў ладзілі мітынг.

Але вось ужо гадоў сем-восем у Слуцк з гэтай нагоды прыяжджаюць толькі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ на чале зь Беленькім — гэта чалавек трыццаць-сорак, ня болей. І мітынг яны ладзяць ля гарадзкога гістарычнага музэю. На яго зьбіраюцца з большага чалавек пятнаццаць-дваццаць пэнсіянэраў.

Болей ніхто ад АГП, Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай Грамады), БНФ ня лічыць патрэбным прыехаць. Няхай яны ўспомняць, што на сьцягу дзесяці тысяч слуцкіх ваяроў было напісана: “Мы ідзем на сьмерць, каб жыла Беларусь!”

Можа, спадар Застарынскі, гэтак адбываецца з прычыны такога стаўленьня да гістарычнай падзеі саміх случакоў? Калі на мітынг зьбіраюцца, як вы паведамляеце, пятнаццаць пэнсіянэраў зь ліку мясцовых жыхароў, дык кім тады запаўняць гарадзкі стадыён?

Стадыёны апазыцыя цяпер не зьбірае і ў Менску. І наўрад ці вам выпадае разьлічваць на тое, што такія імпрэзы ў Слуцак будуць прывозіць і ствараць масавасьць сталічныя актывісты. Зрэшты, многае тут тлумачыцца стаўленьнем да такіх датаў і такіх падзеяў з боку мясцовай улады. І адбываецца гэтак ня толькі ў Слуцку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG