Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Чаму сацыяльныя маршы бываюць так рэдка?”


Радыё Свабода Сацыяльны марш пачнецца апоўдні 4 лістапада каля Акадэміі навук. Менгарвыканкам не дазволіў арганізатарам шэсьця прайсьці ад Кастрычніцкай плошчы да будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Гарадзкія ўлады прапанавалі іншы маршрут: ад пляцоўкі перад прэзыдыюмам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі да плошчы Бангалор.

Акцыя скіраваная супраць скасаваньня льготаў і мае на мэце зьмену сацыяльнай палітыкі ў краіне.

Ільля Копыл, Менск: “Два дні таму на хвалях “Свабоды” прагучала інфармацыя, што міліцыя затрымала сябра БНФ і сканфіскавала 5 тысяч улётак з інфармацыяй пра Сацыяльны марш.

Пяць тысяч грамадзянаў не даведаюцца пра гэта мерапрыемства апазыцыі. Я не разумею, чаму гэтыя 5 тысяч улётак нагрузілі на аднаго чалавека?

Чаму нельга было да гэтай справы прыцягнуць пяцёх чалавек? На кожнага тысяча ўлётак, а лепш пяцьдзясят чалавек — гэта сто ўлётак, якія можна схаваць у кішэні. Кіраўнікі апазыцыі ў рэгіёнах скардзяцца, што няма пра Марш ніякай інфармацыі. Дык хто павінен яе распаўсюджваць, калі не яны?!

Але прашу прабачэньня ў кіраўнікоў апазыцыі. Даваць парады з боку заўсёды прасьцей і лягчэй, чым займацца гэтай справай самаму. Дзякуй за ўвагу”.

Слухачу адказвае грамадзкі актывіст Вацлаў Арэшка, якога днямі затрымалі з улёткамі, у якіх быў заклік прыйсьці на Сацыяльны марш.

Арэшка: “Сапраўды, даваць парады збоку значна прасьцей. Я скажу так: каб гэтыя матэрыялы даходзілі да пяцідзесяці, ста, пяцісот чалавек, патрэбны адзін чалавек, які павінен узяць гэтыя тысячы ўлётак і кудысьці іх даставіць.

Сытуацыя з Сацыяльным маршам такая, што ўлада вельмі жорстка адсочвае ўсе спробы распаўсюдзіць адэкватную інфармацыю пра акцыю. Нам не далі распаўсюдзіць некалькі дзясяткаў тысяч асобнікаў. І гэта гаворыць пра тое, што ўлада вельмі не зацікаўленая, каб акцыя прайшла нармалёва”.

Наступнае тэлефанаваньне таксама прысьвечанае Сацыяльнаму маршу:

Спадарыня: “Скажыце, чаму сацыяльныя маршы бываюць так рэдка і чаму яны не праводзяцца ў іншых, малых гарадах? Людзі пойдуць абараняць бедных. Калі ласка, зрабіце так — скажыце нашым палітыкам, што трэба іх праводзіць часьцей і рабіць іх у малых гарадах — усюды, нават у вёсках”.

Слухачцы адказвае кіраўнік арганізацыйнага камітэту ў справе правядзеньня Сацыяльнага маршу Валеры Ўхналёў:

Ухналёў: “Слухачка падняла вельмі слушнае пытаньне. Мы разглядаем такі варыянт, каб акцыі Сацыяльнага маршу праходзілі ня толькі ў Менску, але таксама ў абласных цэнтрах і малых гарадах. Мы падавалі заяўкі на пікеты ў больш як шасьцідзесяці гарадах — гэта малая форма пратэсту. Праўда, пікетаў не дазволілі.

Калі мы правядзем Сацыяльны марш, сплянуем правядзеньне такіх сацыяльных акцыяў у маладых гарадах. Мы плянуем гэта зрабіць за дзень да таго, як пачне дзейнічаць прыняты закон “Аб сацыяльных гарантыях і льготах” — 16 сьнежня”.

Сёньня ў Менску праходзіць Першы зьезд навукоўцаў Беларусі. На гэтую тэму наступнае тэлефанаваньне:

Спадар: “Базісам камунізму зьяўляецца так званая “грамадзкая ўласнасьць на сродкі вытворчасьці”. Калі навукоўцы на зьезьдзе не паставяць пытаньня аб яе ліквідацыі, дык ня можа быць і гаворкі аб разьвіцьці навукі, грамадзтва й краіны ў цэлым”.

Меркаваньне акадэміка Аляксандра Вайтовіча:

Вайтовіч: “Ад Савецкага Саюзу паводле ўласнасьці мы крыху розьнімся, бо ў СССР не было недзяржаўнай уласнасьці. А ў мэтадах кіраваньня мы цалкам капіюем Савецкі Саюз. Я згодны з гэтым выказваньнем, але думаю, што такое пытаньне ня будзе пастаўленае.

Зьезд вельмі зарэглямэнтаваны. Усе, хто павінен выступаць на зьезьдзе, здавалі свае выступы на кантроль. Такога нават пры савецкай уладзе не было. На зьезьдзе ніякіх такіх надзённых пытаньняў разьвіцьця навукі й эканомікі ўзьнята ня будзе”.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG