Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская Атлянтыда: Надбужанская краіна


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Алег Трусаў Эфір 1 лістапада 2007 году

“Тыя самыя прыметы, якімі адзначаецца між краінамі Беларусі Горадзеншчына, яшчэ мацней выяўлены ў суседняй зь ёю Надбужанскай краіне, да якой належаць паветы Бельскі, Беластоцкі ды Берасьцейскі. Гэта самая заходняя з краінаў Беларусі; мае найгусьцейшае ў ёй насяленьне і наймацней разьвітая з прамысловага боку. Клімат яе яшчэ мягчэйшы, чым у Горадзеншчыне, расьсліннасьць яшчэ багацейшая. Ляжыць яна ўся ў вадазборніку Бугу, над самай гэтай ракою ды яе прытокамі: Нарвяй, Нурцом, Бабром, Мухаўцом ды інш., за што мы яе й назвалі Надбужанскай краінаю”.

Аркадзь Смоліч. “Геаграфія Беларусі”, Вільня, 1923 год.

Вячаслаў Ракіцкі: “І ў менскай студыі без бар’ераў мы гутарым зь гісторыкам Алегам Трусавым. Сёньня тая тэрыторыя, якую Аркадзь Смоліч назваў Надбужанскай краінай Беларусі, зьяўляецца Падляскім ваяводзтвам Польшчы. Раней яе называлі Беластоцкім ваяводзтвам. Дык на падставе чаго Аркадзь Смоліч называе гэтыя землі беларускімі?”

Алег Трусаў: “Тут нашы далёкія продкі дрыгавічы зьявіліся яшчэ ў 10 – 11 стагодзьдзях. Разам з валынянамі яны трапілі ў склад Галіцка-Валынскай Русі і заставаліся там аж да пачатку 14 стагодзьдзя. Этнічныя палякі там не жылі”.

Ракіцкі: “Аркадзь Смоліч вызначыў гэту зямлю як надзвычай прамыслова разьвітую”.

Трусаў: “Справа ў тым, што пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Беласточчына ў 1795 годзе трапіла часова ў склад Прусіі. У 1802 годзе ўладальнікі Беластоку графы Патоцкія прадалі горад каралю Прусіі Фрыдрыху Вільгельму за велізарныя на той час грошы – 270 тысяч 970 талераў. Прусакі забудавалі цэнтральныя вуліцы гораду – Баярскую і Варшаўскую – двухпавярховымі сялянскімі дамамі, забрукавалі іх. У горадзе паўстаў новы прамысловы квартал, зьявіліся першыя фабрыкі. Але, паводле Тыльзіцкага замірэньня 1807 году, горад і прылеглыя тэрыторыі перайшлі да Расейскай імпэрыі”.

Ракіцкі: “І ў складзе Расейскай імпэрыі гэтак званая Надбужанская краіна гэтак жа імкліва разьвівалася?”

Трусаў: “Так, таму што ў 30-х гадох 19 стагодзьдзя царызм зрабіў мытную мяжу паміж расейскай часткай былой Польшчы і беларускімі землямі. Шмат польскіх фабрыкантаў перавезьлі ў Бельск свае фабрыкі, каб не плаціць мыта. Насельніцтва, якое ў 1857 годзе складала толькі 14 тысяч чалавек, да 1914 году павялічылася ў 6 разоў. Тут было каля 300 прадпрыемстваў, на якіх працавалі 6 тысяч чалавек. У асноўным выраблялі тканіны, мыла, шылі гатовую вопратку”.

Ракіцкі: “Найперш паводле якой этнічнай прыкметы той жа Аркадзь Смоліч вызначыў гэты край як беларускі?”

Трусаў: “Па-першае, гэты край належаў Вялікаму Княству Літоўскаму з пары Гедыміна, з 1316 году. Менавіта тады князь Гедымін і заснаваў мястэчка Беласток. У 1426 годзе Вітаўт падарыў яго Мацею з Тыкоціна. Мясцовае насельніцтва спрэс было праваслаўным, і праваслаўныя тут мелі агульнанацыянальныя сьвятыні”.

Ракіцкі: “Праваслаўе стала вызначальным у самаідэнтыфікацыі тамтэйшага насельніцтва?”

Трусаў: “Так, дастаткова прыгадаць славуты Супраскі манастыр, заснаваны гетманам Хадкевічам на пачатку 16 стагодзьдзя сярод Блудаўскай пушчы. Неўзабаве тут паўстаў шматвежавы абарончы храм, у якім творча пераасэнсаваныя полацкія архітэктурныя традыцыі 12 стагодзьдзя і які быў вядомы сваім фрэскавым росьпісам”.

Ракіцкі: “Калі Польшча ўпершыню забрала гэтыя землі сабе?”

Трусаў: “Напярэдадні Люблінскай уніі 5 сакавіка 1569 году кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст адабраў у Вялікага Княства Літоўскага Падляшша і далучыў яго да Кароны. Неўзабаве ў 1584 годзе новы гаспадар Беластоку Пётр Весялоўскі будуе ў мястэчку каменны касьцёл Сьвятой Тройцы. Але мясцовыя сяляне заставаліся праваслаўнымі, а пазьней далучыліся да ўніі. Пасьля ліквідацыі ўніі насельніцтва Беластоцкага і Бельскага паветаў засталіся праваслаўнымі, а вось значная частка беларусаў Аўгустоўскага павету перайшлі ў каталіцтва і хутка апалячыліся з дапамогай польскага касьцёлу”.

Ракіцкі: “І як прачнулася ў мясцовага насельніцтва беларушчына? Праз праваслаўную царкву?”

Трусаў: “Беларушчына тут, як і на бальшыні беларускіх зямель, абудзілася дзякуючы дзеячам “Нашай нівы”. У 1915 годзе шмат жыхароў было прымусова выселена ў Расею, калі ішоў наступ нямецкіх войскаў. Уцекачы здолелі вярнуцца толькі пасьля 1921 году, калі гэтыя землі адышлі да Польшчы. Аднак менавіта тут за нямецкай акупацыяй нарадзілася беларускае школьніцтва. У сьнежні 1917 году ў беластоцка-гарадзенскай навучальнай акрузе было 46 беларускіх школаў, вясной 1918-га – 79, а ў 1919 годзе перад прыходам сюды Пілсудзкага – ужо 153”.

Ракіцкі: “Палітычныя абставіны, безумоўна, уплывалі на росквіт ці заняпад нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беластоцкіх беларусаў. Як пачувалі сябе беларусы Беласточчыны, калі край быў у складзе БССР?”

Трусаў: “Першы раз савецкія войскі прайшлі праз Беласточчыну, калі ў 1919 годзе ішлі здабываць Варшаву. Тады міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Керзан прапанаваў Леніну спыніць свае войскі на мяжы з этнічнай Польшчай і абазначыў яе на геаграфічнай мапе. У 1920 годзе Антанта пацьвердзіла гэту лінію. Гэта лінія ўвесь час усплывала, калі вялася гаворка пра польска-савецкія межы”.

Ракіцкі: “Які быў статус гэтых зямель у гады Другой усясьветнай вайны?

Трусаў: “Лінію Керзана Сталін успомніў у 1939 годзе, калі зь Гітлерам дзяліў Польшчу. Менавіта па гэтай лініі і была праведзена мяжа. Савецкія войскі ў верасьні 1939 году занялі Беласточчыну. Наступны раз да гэтай лініі зьвярнуліся ў 1944-1945 гадох. Быў пэрыяд першых саветаў, калі Беласточчына ўвайшла ў склад СССР. Менавіта ў Беластоку 28-30 кастрычніка 1939 году адбыўся гэтак званы Народны сход Заходняй Беларусі, на якім 929 дэлегатаў папрасілі аб далучэньні да СССР і аб’яднаньні з БССР. Такім чынам узьнікла Беластоцкая вобласьць у складзе Савецкай Беларусі”.

Ракіцкі: “Як зноў апынулася Беласточчына ў складзе Польшчы?”

Трусаў: “Камуністычная Польшча пачала ўсталёўваць мяжу з Савецкім Саюзам. Канчаткова мяжу зацьвердзілі ў Ялце ў 1945 годзе. Аднак раней польская дэлегацыя на Маскоўскай канфэрэнцыі ў кастрычніку 1944 году афіцыйна прызнала лінію Керзана як усходнюю мяжу Польшчы, але папрасіла Сталіна крыху пасунуць яе на ўсход, захапіўшы кавалак Белавескай пушчы для адбудовы разбуранай Варшавы. Сталін пагадзіўся. Так і ўзьнікла апошняя мяжа Беласточчыны ў складзе Польшчы”.

Ракіцкі: “А з гледзішча звычайных людзей? Яны выйгралі ці прайгралі?”

Трусаў: “Яны, мабыць, выйгралі найболей за астатніх беларусаў, якія засталіся па-за межамі БССР. Калі ўсталявалася мяжа, у палякаў узьнікла праблема, кім засяліць тыя тэрыторыі, якія забралі ў немцаў. Польскія камуністы зьвярнуліся да Сталіна з просьбай, і ён яе задаволіў, засяляць наноў “адзысканыя” землі былымі жыхарамі Польшчы. Да 1947 году ў Польшчу з БССР зьехалі аж 469 тысяч беларусаў. У сваю чаргу зь Беласточчыны выехалі толькі 30 тысяч беларусаў. Астатнія ж добра памяталі першых саветаў зь іх турмамі і лягерамі. Неўзабаве на Гарадзеншчыне пачалі паўставаць калгасы. Беларусы Беласточчыны бачылі, як станавіліся жабракамі сяляне па ўсходні бок мяжы. А ў іх зямля заставалася ў прыватнай ўласнасьці, карміла іх, і яны пачувалі сябе нашмат лепей, чым іхнія браты на савецкай тэрыторыі. Да таго ж беларусы Беласточчыны атрымалі беларускамоўныя школы, два ліцэі, газэту “Ніва”.

Ракіцкі: “ Палякі – нацыя вельмі магутная, разьвітая. Дык што дазволіла беларусам захаваць сябе ў гэтым бязьмежным польскім акіяне?”

Трусаў: “Як ні дзіўна, але праваслаўная царква. У часы Пілсудзкага праваслаўная царква атрымала аўтакефалію, стала незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату. Гэта аўтаномія захоўвалася і ў пару камуністычнай Польшчы. Амаль кожнае мястэчка альбо пабудавала новы праваслаўны храм, альбо аднавіла стары. Была створана агульнапольская праваслаўная сьвятыня – гара Грабарка”.

Ракіцкі: “А што беларусы далі Польшчы?”

Трусаў: “Па-першае, засялілі тыя землі, якія былі пустымі. Каля 30 адсоткаў насельніцтва Гданьску і ваколіцаў мае беларускае паходжаньне. Дарэчы, туды шмат пераехала і беларусаў зь Беласточчыны, бо вёска была перанаселеная і цяжка было з працай. Яны ў Гданьску стварылі і беларускія суполкі. Па-другое, беларусы далі Польшчы шмат выбітных асобаў. Так, прыкладам, сёлета спаўняецца 150 гадоў ад нараджэньня Лазара Заменгофа – стваральніка мовы эспэранта. Ва ўсім сьвеце вядомы беластоцкі мастак Лёнік Тарасевіч. Добра вядомыя ў Польшчы пісьменьнік Сакрат Яновіч і палітык Ян Чыквін”.

Ракіцкі: “Пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу ці зьмяніўся лёс беларусаў у Польшчы?”

Трусаў: “Зьмяніўся істотна. І да лепшага. Беларусы Падляшша атрымалі дадатковыя палітычныя і культурныя правы і дабрабыт. Беластоцкія сяляне атрымалі вялікія датацыі ад Эўразьвязу на вытворчасьць экалягічна чыстай прадукцыі. Таксама Эўразьвяз вельмі актыўна бароніць правы нацыянальных мяншыняў, таму ў апошнія гады істотна павялічыўся ўплыў беларушчыны. Прыкладам, дазволена ўводзіць у грамадзкае жыцьцё беларускую мову як дадатковую ў месцах кампактнага пражываньня беларусаў. Нават шыльды ў некаторых мясцовасьцях дазволена пісаць, як па-польску, гэтак і па-беларуску. І самае галоўнае – беларусы Беласточчыны маюць магчымасьць бязь візаў падарожнічаць і працаваць па ўсёй Эўропе, вучыцца ў любым эўрапейскім унівэрсытэце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG