Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “У прынцыпе, на БТ можа выступіць чалавек ад апазыцыі”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 2 лістапада ў розныя гады мінулага.

“Nowe Zycie”, год 1927. Газэта піша: “Штогадовыя конкурсы вайсковых аркестраў маюць на мэце паказаць на публіцы рух наперад, які адбыўся ў гэтых аркестрах за год. Дзякуючы моцнай канкурэнцыі, якая ўласьцівая для такіх конкурсаў, капэльмайстры маральна змушаныя напружана працаваць — як вынік, мастацкі ўзровень вайсковых аркестраў няўхільна расьце штогоду... У нядзелю, 6 лістапада г.г., тыя аркестры ў гарадзкім тэатры Горадні пачнуць змагацца на званьне чэмпіёну трэцяга корпусу”.

У 1957 годзе ў “ЛіМе” выступае Максім Лужанін, пішучы наступнае: “Нажаль, некаторыя нашы таварышы па творчай рабоце, мастакі, артысты, кампазітары, людзі, чыё ўсё жыццё звязана з беларускай культурай, вельмі часта не ўжываюць мову народа. А ці можна ствараць нацыянальную культуру, не валодаючы ў дасканаласці мовай народа?.. Хочацца, каб мова чулася не толькі ў творчых арганізацыях, але і ва ўстановах, школах сярэдняй, вышэйшай, каб яна была і на папяроснай каробцы, і на трактары, і на станку”.

На старонках “Свободных новостей” на гэтым тыдні 1997 году старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель гэтак тлумачыць адсутнасьць у эфіры палітдэбатаў: “Як толькі палітыкі зьбіраюцца, іх пачынае кідаць у крайнасьці, і выглядае гэта далёка не найлепшым чынам. Навошта такое гледачу? Будзе магчымасьць зрабіць гэта культурна, прыгожа — будзем тады ствараць адпаведныя перадачы. У прынцыпе, на БТ можа выступіць чалавек ад апазыцыі, але ці зможа, напрыклад, у газэце “Свабода” выступіць чалавек з адміністрацыі прэзыдэнта?”
XS
SM
MD
LG