Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзіцячых паліклініках не хапае спэцыялістаў


Іна Студзінская, Менск Дзіцячыя паліклінікі не ўкамплектаваныя ўчастковымі пэдыятрамі. Што да вузкіх спэцыялістаў, то іх наагул не хапае ня толькі ў райцэнтрах, але і ў сталіцы. У той жа час у Беларусі чатыры мэдычныя ўнівэрсытэты.

У Салігорску наагул няма дзіцячага траўматоляга. Прыём вядзе траўматоляг з так званай дарослай паліклінікі. Эндакрыноляг – адзін на ўвесь Салігорскі раён, на 26 тысяч дзетак. Таму каб трапіць да спэцыяліста, чакаць даводзіцца па паўтара месяца. Загадчыца Салігорскай дзіцячай паліклінікі Ірына Далінчук кажа:

“Кадравая праблема вельмі вострая. У нас не хапае і пэдыятраў, і хірургаў, і траўматолягаў, і нэанатолягаў. Іх разьмяркоўваюць, яны адпрацоўваюць два гады і зьяжджаюць”.

Праблема з пэдыятрамі і вузкімі спэцыялістамі вострая ня толькі для сельскай мясцовасьці і рэгіёнаў. Дэфіцыт кадраў і ў сталічных паліклініках, кажа галоўны пэдыятар Міністэрства аховы здароўя Алена Нявера:

“У нас не хапае фізычных асобаў, каб ўкамплектаваць асабліва паліклінікі. І спэцыялістаў у тым ліку. Няма іх, лекараў. Шмат проста сыходзяць з мэдыцыны. З-за вялікай нагрузкі, з-за высокай адказнасьці і нізкай аплаты працы. Асабліва моладзь, на жаль”.

У лепшым выпадку маладыя лекары адпрацоўваць у дзіцячых паліклініках два гады па разьмеркаваньні, у горшым яны наагул не даяжджаюць да месца разьмеркаваньня. Пэдыятар Ганна Асмалоўская, да прыкладу, добрасумленна адпрацавала ўвесь вызначаны тэрмін у сталічнай паліклініцы ўчастковым лекарам. Потым сышла ў спэцыялізаваную клініку:

“Увогуле лічыцца, што паліклінічная ўстанова – гэта ніжэйшая прыступка ў разьвіцьці кар’еры. Хто імкнецца пабудаваць кар’еру, дасягнуць пэўных прафэсійных посьпехаў, не затрымліваюцца, а ўспрымаюць гэта як прыступку да імкненьня наперад. Заробак мізэрны, праца, прабачце за выраз, сабачая. Нават каму праца падабаецца, вымушаныя сыходзіць, таму што не хапае грошай. Я, прынамсі, сыходзіла больш з-за жаданьня разьвівацца далей. Мне было цікава, і працаваць, у прынцыпе, можна, калі ты будзеш добра атрымліваць. Але зараз ніхто не затрымліваецца”.

Безумоўна, кіраўнікі паліклінік, чыноўнікі шукаюць выйсьце, калі тэрмінова трэба накіраваць дзіця на абсьледаваньне, агледзець вузкім спэцыялістам. У той жа Салігорскай дзіцячай паліклініцы няма апарата УГД, каб абсьледаваць, да прыкладу сэрца. Дзяцей накіроўваюць ў спэцпаліклініку “Беларуськалія”.

Загадчыца Салігорскай дзіцячай паліклінікі Ірына Далінчук распавядае:

“Вырашаем усе пытаньні індывідуальна. Калі трэба, і па дзьве нормы прымаем, і накіроўваем у вобласьць, і куды неабходна. Без увагі ніхто не застаецца. Але трэба разумець, што дактары працуюць зь вялікай нагрузкай, ня кожны вытрымлівае”.

Выпускнік мэдычнага ўнівэрсытэту, у якога няма яшчэ стажу, катэгорыі, атрымлівае каля 300 тысяч. Праўда, з верасьня ўказам прэзыдэнта заробкі маладым спэцыялістам – лекарам падвысілі. Прыкладна на 60 тысяч рублёў...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG