Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску згадалі пра місію ААН-ЮНРРА


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў менскім кінатэатры “Перамога” адбылася выстава “Місія ААН-ЮНРРА ў Беларусі 1946-1947 гады”, а таксама прэм’ера дакумэнтальнага фільму “Забытая місія”.

На адкрыцьці выставы і перад прэм’ерай фільма выступілі кіраўніца прадстаўніцтва ААН у Беларусі Джыхан Султанаглы і амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст''юарт.

Карэн Ст''юарт сказала:

“Як амбасадарка ЗША я асабліва ганаруся тым фактам, што з усіх супрацоўнікаў гэтага агенства ў Беларусі, практычна ўсе былі грамадзянамі ЗША. Тады яны дзейнічалі надзвычай плённа і дагэтуль жывуць глыбока ў памяці тых , каму дапамагла іх праца”.

У лістападазе 1943 года ў Вашынгтоне 44 дзяржавы, удзельніцы антыгітлераўскай кааліцыі, падпісалі дамову аб утварэньні ЮНРРА- Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных нацый. Гэта была першая буйная гуманітарная арганізацыя ў пасьляваеннай Эўропе. Яна дапамагала насельніцтву краінаў, пацярпелых падчас вайны і акупацыі. Сярод іх была і Беларусь, прынятая ў сябры ЮНРРА ў жніўні 1945 года.

У 1946 годзе ў Менск прыбыла місія ЮНРРА, якая каардынавала пастаўкі дапамогі. Ад другой паловы 1945 года і да канца 1948 на замову беларускага ўраду ў Беларусь паступалі грузы з ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Францыі й іншых краінаў. Міжнародныя пастаўкі складалі харчы, адзеньне, мэдыкамэнты, інструмэнты, трактары, насеньне і гэтак далей на 61 мільён даляраў.

Адна з атрымальніцаў такой дапамогі і гераіня фільма “Забытая місія” Яніна Савіцкая прыйшла на прэм’еру. Гутару зь ёй:

Савіцкая: “Фільм цудоўны. Дзякуй, хто зрабіў гэты фільм. Бо ўсё так, як было”.

Карэспандэнт: “Якія пачуцьці ў вас выклікае дзейнасьць гэтай арганізацыі?”

Савіцкая: “Нас кармілі і апранулі поўнасьцю. Такія рэчы былі, што толькі марыць пра гэта можна было. Там была вельмі смачная тушонка, сасіскі, каўбаска, галеты, усялякае жыле, арэшкі. На кожнай пушачцы быў ключык, які адчыняў пушкі”.

Карэспандэнт: А вось адносна адзеньня, што было?

Савіцкая: “Сукенкі – шоўк. Карычневая шуба з натуральнага футра. Зусім новая. І капялюш”.

Карэспандэнт: Вы відаць доўга шубу насілі?

Савіцкая: “Вельмі. А ў 54 годзе ў мяне нарадзіўся сын і я сына заварочвала яшчэ ў гэтую шубу”.

Сярод выступоўцаў не было прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

Пісьменьніца Вольга Іпатава, пасьля прэм''еры фільма сказала:

“Сорамна, калі амаль кожны тыдзень не абыходзіцца, каб не распавялі пра каварных амэрыканцаў па нашым тэлебачаньні. Мы бачым, як было насамрэч яшчэ ў тыя, пасьляваенныя часы. Улады па сутнасьці, як бы праігнаравалі гэта”.



Вольга Іпатава з мужам аглядаюць выставу пасьля паказу фільма “Забытая місія”

Карэнная жыхарка Менску Яніна Савіцкая у залі з амбасадаркай ЗША Карэн Ст''юарт
XS
SM
MD
LG