Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як прадстаўленыя ў беларускім сеціве дзяржаўныя структуры?


Іна Студзінская, Менск Як прадстаўленыя ў беларускім сеціве дзяржаўныя структуры, палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі? Наколькі зьмястоўныя і цікавыя іх сайты?

Летась Савет Міністраў года прыняў пастанову і зацьвердзіў “Палажэньне аб суправаджэньні інтэрнэт-сайтаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, дзяржаўных арганізацый”. Ім было загадана ў трохмесячны тэрмін стварыць інтэрнэт-сайты. Фармальна пастанова Саўміну выкананая. Усе міністэрствы, ведамствы, навучальныя ўстановы маюць сайты. На іх зьмешчаная ў лепшым выпадку агульная інфармацыя, структура арганізацыі. На сайце Міністэрства архітэктуры, да прыкладу, 7 навінаў (4 за 2006 год і 3 сёлетніх). Адзін са стваральнікаў інтэрнэт-рэсурсу naviny.by Аляксандар Класкоўскі па роду сваёй дзейнасьці праглядае амаль усе:

“За рэдкім выключэньнем, яны даволі сумныя, аднастайныя. Да прыкладу, як ні парадаксальна, сайт Міністэрства інфармацыі – вельмі неапэратыўны, малаінфарматыўны. Колькі разоў даводзілася ў пошуках інфармацыі туды заходзіць – нуль, так бы мовіць. Што тычыцца эканамічнай інфармацыі, статыстыкі, усё гэта так завуалявана, што разабрацца ў нейкіх лічбах немагчыма. Такое адчуваньне, што выстаўляюцца толькі выгадныя для дзяржавы лічбы. Напрыклад, з чаго складаецца той самы спажывецкі кошык, па якім разьлічваецца інфляцыя, нашы экспэрты і эканамісты ня могуць ніяк дамагчыся, каб ім выдалі такую “дзяржаўную тайну”.

Ёсьць і прыемныя выключэньні. На Нацыянальным прававым партале можна знайсьці практычна ўсе неабходныя заканадаўчыя акты, дакумэнты. Вельмі карысны сайт Міністэрства транспарту – можна вызначыць найбольш зручны маршрут, даведацца пра расклад руху. Надзвычай зьмястоўны сайт БДУ, асабліва для абітурыентаў.

Недзяржаўныя структуры – палітычныя партыі, грамадзкія рухі, моладзевыя ініцыятывы, актывісты ў рэгіёнах ствараюць свае інтэрнэт-рэсурсы. Тут варта адзначыць сайты палітычнай, сацыяльнай накіраванасьці – Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага народнага фронту, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Беларускай асацыяцыі журналістаў, “Праваабарончага альянсу”, іншых. Шмат сайтаў зьвялася ў рэгіёнах (у Лідзе, Горадні, Полацку, Маладэчне, Барысаве). Многія зь іх вельмі зьмястоўныя і цікавыя, лічыць Аляксандар Класкоўскі:

“Калі параўноўваць тое, што за кошт сьціплых вельмі рэсурсаў робіцца грамадзкімі энтузіястамі, то эфэктыўнасьць працы непараўнальна на карысьць другой катэгорыі. Там ёсьць імпэт, жаданьне неяк творча самарэалізавацца – тое, чаго немагчыма дамагчыся ніякім цыркулярам ад чыноўніка”.

Адмыслоўца ў web-тэхналёгіях Міхась Волчак ацэньвае рэгіянальныя і партыйныя сайты крытычна:

“Пра якасьць звычайна цяжка там казаць. Бо гэта аматарскі падыход. Нават на тых жа партыйных сайтах непрафэсійны падыход”.

Апошнія дасьледаваньні разьвіцьця Байнэту паказваюць, што 32% працаздольнага насельніцтва Беларусі пэрыядычна карыстаюцца сецівам, зь іх ва ўзросьце да 30 гадоў – 50%. (it-belarus.net/news/read/730). Гэта азначае, што задумваючы сур’ёзны інтэрнэт-праект, трэба ўлічваць дэмаграфічны аспэкт. Дый ствараюць інтэрнэт-сайты ў асноўныя маладыя людзі. Дарэчы, вельмі шмат менавіта моладзевых Інтэрнэт-рэсурсаў: сайт “Маладога фронту” (mfront.net), moladz.pbnf.org, jeans-by.com saligorsk.org”.

Да прыкладу, берасьцейскі сайт “Дзедзіч” зьявіўся ў 2003 годзе як прэзэнтацыйная старонка аднайменнай моладзевай арганізацыі . Потым на старонцы сталі зьяўляцца навіны аб жыцьці моладзевых, грамадзкіх арганізацыяў. Распавядае адзін са стваральнікаў сайту Зьміцер Шыманскі:

“Пазьней мы адчулі патрэбу насельніцтва ўвогуле ў аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што робіцца ў краіне, і таму крыху пераарыентавалі сайт на тое, каб даваць навіны ня толькі аб дзейнасьці грамадзкіх арганізацый, палітычных партый, а і звычайныя навіны аб жыцьці Берасьцейскай вобласьці. Сайт разьлічаны на моладзь. Зараз рыхтуецца новая вэрсія сайту, якая будзе больш дынамічнай, часьцей абнаўляцца”.

З-за таго, што ў Беларусі засталіся лічаныя незалежныя СМІ. Таму ў беларускім сеціве шмат перадруковак, кампіляцыяў, кажа Міхась Волчак:

“Вядома, што кожная арганізацыя свой нейкі фрэйм успрыманьня рэчаіснасьці робіць, і падбірае інфармацыю пад вось гэтую сваю ідэалёгію. Ёсьць сайт “moladz.org”. Там навіны тэматычна проста падбіваюцца зь іншых сайтаў. Да прыкладу, я спачатку чытаю “Нашу ніву”, naviny.by і svaboda.org, то мне ўжо нецікава будзе чытаць“moladz.org”, таму што вельмі няшмат кантэнту, унікальнай інфармацыі, якія можна назваць якаснымі. Якасны кантэнт – гэта праблема”.
XS
SM
MD
LG