Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія мастакі малявалі Нёман і Каложу


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні сёньня ўвечары адкрылася выстава па выніках міжнароднага пленэра “Горадня — дарогаў скрыжаваньне”. У ім удзельнічалі мастакі зь пяці краінаў: апроч беларускіх, яшчэ — з Польшчы, Украіны, Расеі і Літвы, усяго пятнаццаць чалавек. Працягваўся ён дзесяць дзён. Мастакі намалявалі па тры-чатыры карціны: гарадзенская архітэктура, навакольныя краявіды. Арганізавалі мерапрыемства гарадзкія ўлады, а таксама генэральныя консульствы Літвы і Польшчы.

Карэспандэнт: “На пленэрнай выставе, што адкрылася ў Горадні, я сустрэў Сяргея Грыневіча. Дарэчы, на Радыё Свабода толькі што выйшлі календары на наступны год, на іх якраз выявы трох карцінаў гэтага мастака. Што канкрэтна, ты паказваеш на гэтай выставе?”

Грыневіч: “Адно вялікае палатно — трактар МТЗ “Беларусь”.

Карэспандэнт: “Давай паглядзім, дзе яно знаходзіцца… Трактар займае галоўнае месца, тут будуць адкрываць выставу. Што тут напісана?”

Грыневіч: “Райаграсэрвіс”. Ён знаходзіцца у вёсачцы Панямунь побач з горадам”.

Карэспандэнт: “Там была сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай”.

Грыневіч: “І там стаяць гэтыя трактары. Па-першае, трактар “Беларусь” намаляваны, можна сказаць, у натуральную велічыню. І гэта такі сымбаль нашай краіны, ён вязе прычэп бульбы. Я думаю, што ён досыць яскрава адлюстроўвае менавіта нашую краіну, таму што трактар з такой назвай можа быць толькі ў Беларусі”.

Карэспандэнт: “А зараз гаворыць дырэктарка выставачнай залі Ірына Сільвановіч”.

Сільвановіч: “У нас нарадзілася думка назваць гэты пленэр “Горадня —дарогаў скрыжаваньне”, і прысьвяцілі мы яго 880-годзьдзю нашага гораду”.

Карэспандэнт: “На выставе прысутнічае новы генэральны консул Польшчы Адам Бернатовіч”.

Бернатовіч: “Гэта мае першыя дні ў Горадні, я заступіў на пасаду консула некалькі дзён таму і вельмі рады пазнаёміцца з горадам праз гэтыя карціны, праз мастакоў”.

Карэспандэнт: “У пленэры ўдзельнічала мастачка з Львова Ульляна Нішчук-Барысяк”.

Нішчук-Барысяк: “Я хацела перадаць у карціне восеньскі настрой каля вады, каля Нёману, гэта найбольш мяне ўразіла. У нас у Львове няма такой ракі”.

Карэспандэнт: “Другі львоўскі мастак Аляксандар Брындзікаў. Што ў Горадні выбралі вы, каб намаляваць?”

Брындзікаў: “Я вучуся у Львове ў акадэміі мастацтваў. А маляваў я Калоскую царкву: такая вельмі цікавая архітэктура, тым больш яна ХІІ стагодзьдзя. Цікавы сам дух архітэктуры. Гэтая пабудова прастаяла ўжо васемсот год, і яна ўразіла мяне сваёй таямнічасьцю, тым, што яна — сакральная і абарончая”.

На здымках:

Сяргей Грыневіч



Украінскія мастакі — Аляксандар Брындзікаў, справа ад яго Ульляна Нішчук-Барысяк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG