Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Камоцкі прэзэнтуе зборнік лірыкі


Севярын Квяткоўскі, Менск Новая кніга Алеся Камоцкага “Глыбіня дажджу” выйшла ў сьвет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Яна прэзэнтуе лепшыя паэтычныя творы аўтара ад канца 1970-х да нашых дзён: вершы, тэксты песень, пераклады розных аўтараў. Алесь Камоцкі адзначае, што ўпершыню за час творчай дзейнасьці да яго зьвярнуліся з прапановай выдаць ягоную кнігу – звычайна ўсё рабіў сам. Сёньня адбылася прэзэнтацыя зборніка.

Карэспандэнт: “Гэта ваша аўтарская зборка “The Best”?

Камоцкі: “Рэдактар рабіў”.

Карэспандэнт: “Спадабалася ягонае бачаньне вашага лепшага?”

Камоцкі: “Ён раіўся са мною”.

Карэспандэнт: “Што вы будзеце сьпяваць сёньня?”

Камоцкі: “У мяне звычайна ёсьць некалькі тэчак, якія я цягаю з сабою. Я магу з раніцы рыхтавацца да аднаго, а прыйсьці, і рабіць зусім іншае. У мяне падрыхтавана 30-40 песень звычайна, і зь іх выконваецца 15.

Празь які месяц мусіць выйсьці мой новы альбом – “З бацькоўскай кружэлкі”. Выданьне зацягнулася, бо высьветлілася, што я ня ўмею правільна сьпяваць гэты альбом. Я ня ўпэўнены, што навучыўся яго сьпяваць. У ліпені сеў пісаць, і сталася, што не адпавядае… Давялося ўсё выкінуць, што запісаў. Два месяцы займаўся з выкладчыцай. Што гэта дало – пакажа час. Мяркую, за месяц я яго скончу”.

Карэспандэнт: “Гэта любімыя песьні савецкага часу ў беларускіх перакладах?”

Камоцкі: “Паколькі гэты савецкі час супаў з маім дзяцінствам, то гэта песьні дзяцінства. Ужо гатовая вокладка”.
XS
SM
MD
LG