Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандра Рыгоравіча абяруць ганаровым акадэмікам усіх навук”


Радыё Свабода Агляд вашых тэлефанаваньняў — 1 лістапада, серада.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

У Менску распачаўся І зьезд навукоўцаў Беларусі. З гэтай нагоды тэлефануюць слухачы:

Спадар: “На маю думку, на вучоным зьезьдзе Аляксандра Рыгоравіча абяруць ганаровым акадэмікам ці якім іншым — мусіць, усіх навук. Мабыць, зьезд таму і зьбіраецца”.

Спадар: “Галоўным ідэолягам адукацыі Беларусі Радзькову, Стражаву, Князеву трэба ўважліва дапамагчы скласьці выступ перад навукоўцамі Беларусі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, каб не дапусьціць ляпсусу, як было раней, асабліва падчас выступу перад журналістамі Расеі на прэсавай канфэрэнцыі”.

Андрэй, Пінск: “Добры дзень. На мінулым тыдні адбылося дзьве падзеі, якія мелі шырокі рэзананс. Гэта выказваньне нашага прэзыдэнта на адрас габрэяў і сустрэча прадстаўнікоў розных канфэсіяў і веравызнаньняў у Менску, на якім таксама наш прэзыдэнт выступаў.

Калі ён выступаў на сустрэчах з прадстаўнікамі розных канфэсіяў, ён гаварыў, што ў нашай рэспубліцы людзі розных веравызнаньняў могуць канфліктаваць паміж сабой, толькі калі гэтага хочуць нейкія ворагі.

Але ён зусім забыў пра такую мудрасьць: “Язык мой — мой вораг”. Пра гэта яму трэба памятаць. Калі ён ужо выказаўся так. То трэба было гэта сьмела і адкрыта прызнаць, папрасіць прабачэньня. Гэта яшчэ раз пацьвярджае, што, маючы неабмежаваную ўладу ў нашай дзяржаве, прэзыдэнт часта не кантралюе сябе.

Між тым, іншым людзям у нас забаронена мець сваю думку і тым больш выказвацца. Шмат людзей сядзіць за кратамі за сваё іншадумства. А прэзыдэнту гэта дарма прайшло, як кажуць. Дзякуй за ўвагу”.

Апазыцыйныя палітычныя партыі працягваюць падрыхтоўку да Сацыяльнага маршу, які адбудзецца ў Менску 4 лістапада. Выказваньне слухача:

Валеры, беларус-патрыёт, Барысаў: “Буду званіць, пісаць і прасіць нашага бацьку-прэзыдэнта, каб ён уручыў Ордэн Пашаны альбо Героя Беларусі галоўнаму тэлевізійніку краіны — невыязному спадару Зімоўскаму.

А таксама коштам народнага бюджэту павысіць яшчэ раз удвая яму заробкі за тое, што ён так моцна трымае пад замком сакрэты нашай улады.

Рабіў апытаньне сярод знаёмых суседзяў: “Што вы ведаеце пра Эўрапейскі ды Сацыяльны маршы?” Аднолькавы адказ: “Нічога ня ведаем”. Сам жа сачыў за тэлеэкранам, чакаў даведак аб народных акцыях. А ў адказ з боку ўлады было ўпартае маўчаньне. Мая адзнака Беларускаму тэлебачаньню за яго антынародны і варожы кірунак”.

У Беларусі адбыўся шэраг жалобных імпрэзаў да 70-х угодаў кульмінацыі бальшавіцкага тэрору 1937 году. Пытаньне слухача:

Пэнсіянэр, Менск: “Вы цяпер расказваеце аб шматлікіх палітычных рэпрэсіях у 1930-я гады. Многія рэпрэсаваныя былі зьнішчаныя бальшавікамі. Многім вядома, што быў рэпрэсаваны і бацька Пятра Міронавіча Машэрава Мірон Машэраў у 1937 годзе. Яго арыштавалі, і пасьля ён зьнік бясьсьледна.

І вось што зьдзіўляе. Многія сем’і так званых “ворагаў народу” былі таксама асуджаныя, адпраўленыя на поўнач або ў Сібір. А вось Пётар Міронавіч зрабіў бліскучую кар’еру. Чаму так атрымалася?

Да таго ж, расказваюць, ён люта ненавідзеў так званых антысаветчыкаў. Можа, вы растлумачыце, чаму так здарылася?”

Адказвае гісторык Валянцін Мазец:

“Сапраўды, бацька Машэрава быў арыштаваны ў 1937 годзе. Але калі пачалася вайна, Пётар Міронавіч актыўна ўдзельнічаў у змаганьні зь нямецкімі захопнікамі. І на той час ён стаў самым маладым героем Савецкага Саюзу. Таму і далейшая ягоная кар’ера пайшла вельмі добра”.

Як працяг тэмы — вершаванае прысьвячэньне.

Мікалай, Валожыншчына: “У памін пра трыццаць сёмы, Год жахлівы і шалёны. У жахлівым трыццаць сёмым Адны сьлёзы і праклёны. Цэлы год і енк, і плач, Хапаў “воран”, як крумкач. Кожную ноч машыны гудзелі, Нявінныя людзі ад страху дрыжэлі. Чорны “воран” людзей без разбору хапаў. І хто ў лапы папаў, то навекі прапаў. “Воран” наводзіў жудасны страх, Бо кожны баяўся патрапіць у ГУЛАГ. ГУЛАГ — такую ўстанову бальшавікі зрабілі, Дзе рабства аднавілі. Жахлівей там было, чым лад прыгонны. Праз той ГУЛАГ прайшлі мільёны. У “ворагі народу” як запішуць, То ў ГУЛАГу цябе зьнішчаць. Сатруць у лягерны пыл, Як быццам і на сьвеце ты ня быў. Каб ніхто ня знаў пра гэта, Усё трымалі ў сакрэце. А хто вельмі многа знаў Або голас падаваў, Тых людзей тады зьнішчалі, Каб навекі замаўчалі”.

Наступныя тэлефанаваньні ад нашых слухачоў:

Спадарыня: “Добры дзень, Радыё Свабода. Вось ідзе размова Паўла Шарамета зь вядучай Радыё Свабода. Памятаю, як Шарамету зьбіралі грошы, як ён быў у турме, усе за яго былі.

І мяне зьдзіўляе ня тое, што ён паехаў у Расею, а тое, што ён вельмі хутка забыў сваю родную мову і дае інтэрвію на расейскай. Вельмі я падманулася, вельмі. Гэта маё меркаваньне”.

Спадар: “Наконт падвышэньня шалёных цэнаў у Беларусі, нават на хлеб. Сёньня хоць раз пачуў трапную рэпліку ад дыктара Беларускага тэлебачаньня. Ён сказаў: “У Беларусі трэба піць, а ў суседніх краінах, нават Расеі, трэба закусваць”. Поўнасьцю з дыктарам згодны, бо там улады нешта робяць і клапоцяцца пра спажыўца і кампэнсуюць яго страты”.

І на завяршэньне СМС-паведамленьні:

Франак: “Паважаная “Свабода”. Дзякую за кнігу. Таксама шчырая падзяка Вінцэсю Мудрову за цікавы расповед пра мінулае”.

Слухач: “Дзякуй, шаноўнае Радыё Свабода і паважаны Ўладзімер Арлоў, за кнігу “Імёны Свабоды”. Дзякую, што вы ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG