Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паслы ЗША і краінаў Эўразьвязу ўшануюць памяць ахвяраў у Курапатах


Ганна Соўсь, Менск 2 лістапада кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, іхныя сем’і ды іншыя прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу ўскладуць кветкі ва ўрочышчы Курапаты — адным зь месцаў масавага пахаваньня ахвяраў рэпрэсіяў.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні амбасады Славацкай Рэспублікі ў Беларусі, якое выконвае функцыю мясцовага прадстаўніцтва Эўразьвязу.

“Гэтым ціхім успамінам дыпляматы ўшануюць 70-я ўгодкі піку рэпрэсіяў супраць бязьвінных беларусаў, палякаў, расейцаў, габрэяў ды людзей іншых нацыянальнасьцяў Беларусі, якія згубілі свае жыцьці альбо спазналі перасьлед у трывожным ХХ стагодзьдзі”, — гаворыцца ў паведамленьні славацкай дыпмісіі.

Ушанаваць памяць ахвяраў рэпрэсіяў 2 лістапада ў Курапаты прыйдзе і амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт.

Як паведаміла “Свабодзе” напярэдадні сама амбасадарка, яна ўскладзе кветкі ля адрэстаўраванага мэмарыяльнага знаку “Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці”, гэтак званай “Лавы Клінтана”. У студзені 1994 году яе ўсталяваў у Курапатах прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Пасьля 31 кастрычніка пасьля чарговага акту вандалізму мэмарыяльны знак аднавіў скульптар Алесь Шатэрнік пры дапамозе актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Рэпартаж з Курапатаў — заўтра на сайце і ў вечаровым эфіры 2 лістапада.

• У Курапатах нанава ўсталявалі “Лаву Клінтана” (фотарэпартаж), 31.10.2007
XS
SM
MD
LG