Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы рэкорд падзеньня курсу даляра і “скачок дохлага ката”


Юры Дракахруст, Прага Учора курс амэрыканскага даляра адносна ўсясьветных валют дасягнуў рэкордна нізкага ўзроўню – адзін даляр 45 цэнтаў за 1 эўра. Брытанскі фунт цяпер каштуе 2 даляры 8 цэнтаў – гэта найніжэйшы курс даляра адносна брытанскай валюты за апошнія 26 гадоў. Паводле экспэртаў, прычынай чарговага падзеньня курсу амэрыканскай валюты стала рашэньне Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША зьнізіць уліковую стаўку на чвэрць працэнтнага пункту – з 4,75% да 4,5%.

Цяперашняе зьніжэньне ўліковай стаўкі ў ЗША не было для экспэртаў нечаканасьцю: у верасьні Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма – цэнтральны банк Злучаных Штатаў – панізіла ўліковую стаўку яшчэ больш рашуча – на палову адсоткавага пункта.

Уліковая стаўка – гэта гадавы працэнт, пад які цэнтральны банк краіны крэдытуе камэрцыйныя банкі. Гэта базавы паказчык, які ўплывае на ўсю сыстэму нацыянальнага крэдыту – чым стаўка ніжэйшая, тым таньнейшы ў цэлым крэдыт.

Чым таньнейшы крэдыт, тым больш яго будуць браць прадпрыемствы для пашырэньня вытворчасьці, а звычайныя людзі для набыцьця ў крэдыт тавараў, у прыватнасьці нерухомасьці.

Менавіта для гэтага Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма і зьніжае ўліковую стаўку: па-першае, каб падтрымаць рост у эканоміцы, па-другое, каб дапамагчы вырашэньню сур’ёзнага крызісу на рынку нерухомасьці.

З прычыны высокай крэдытнай стаўкі многім амэрыканцам вельмі цяжка аплачваць крэдыты, узятыя на куплю жыльля. Паводле зьвестак камісіі Кангрэсу, каля двух мільёнаў амэрыканцаў у цяперашняй сытуацыі будуць вымушаныя набыць больш таннае жытло. Таму Фэдэральная рэзэрвовая служба празь зьніжэньне ўліковай стаўкі і робіць больш танным крэдыт – каб спрыяць вырашэньню праблемы.

Меншы попыт на даляр – ніжэйшая яго цана, выражаная ў замежнай валюце

Але ў гэтага кроку ёсьць і іншы бок. Чым таньнейшы нацыянальны крэдыт, тым меншы даход тых, хто крэдытуе. Гэта значыць, што амэрыканскія актывы, каштоўныя паперы, аблігацыі робяцца менш цікавымі для інвэстараў, у тым ліку й замежных. А раз менш купляюць амэрыканскія каштоўныя паперы, меншы попыт на даляр. А меншы попыт – ніжэйшая цана даляра, выражаная ў замежнай валюце. Менавіта таму рашэньне Фэдэральнай службы бясьпекі імгненна выклікала чарговае падзеньне курсу даляра адносна эўра, фунта і ены.

Цяпер і экспэрты, і звычайныя людзі чакаюць, што будзе далей. Вось прагноз брытанскага фінансавага аналітыка Джэймза Г’юза:

“Гэтае зьніжэньне на чвэрць працэнтнага пункта паказвае, што да канца году можа адбыцца яшчэ адно зьніжэньне ўліковай стаўкі, але тут трэба будзе сачыць за ключавымі паказчыкамі амэрыканскай эканомікі ў наступным месяцы. Ёсьць шмат такіх паказчыкаў, якія могуць зьмяніць карціну, аднак пакуль выглядае, што яшчэ адно зьніжэньне ўліковай стаўкі да канца году можа адбыцца”.

"Cкачок дохлага ката" – даляр можа крыху ўмацавацца

Такім чынам, паводле Джэймза Г’юза, варта чакаць чарговага падзеньня курсу даляра. Аднак іншыя экспэрты ня згодныя з такім прагнозам. Яны адзначаюць, што, па-першае, у трэцім квартале гэтага году амэрыканская эканоміка вырасла на 4%, а гэта самы высокі тэмп за апошняга паўтара году. І Фэдэральнай рэзэрвовай службе няма чаго зьніжаць далей уліковую стаўку, каб “разаграваць” эканоміку, якая й бяз гэтага някепска разьвіваецца.

Па-другое, за апошні час скараціўся дэфіцыт амэрыканскага гандлёвага балянсу, а гэта таксама фактар, які спрыяе ўмацаваньню валюты.

Некаторыя аналітыкі кажуць, што даляр зараз можа нават крыху ўмацавацца, спасылаючыся на эфэкт са сьмешнай назвай “скачок дохлага ката́”. Сэнс у тым, што нават дохлы кот, які ўпаў зь вялікай вышыні, крыху падскоквае. Тое ж адбываецца і з курсам валюты, які рэзка абрынаецца.

Экспэрты таксама зважаюць на тое, што Цэнтральны банк Эўропы, у адрозьненьне ад амэрыканскіх калегаў, якраз павялічвае ўліковую стаўку эўра. І гэта, нават калі Фэдэральная рэзэрвовая служба ЗША абмяжуецца ўчорашнім паніжэньнем стаўкі, можа прывесьці да далейшага падзеньня даляра.
XS
SM
MD
LG