Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сьвяткаваньне Гэлаўіну будуць судзіць


Любоў Лунёва, Менск Чатырох затрыманых удзельнікаў сьвяткаваньня Гэлаўіну прывезьлі ў суд Савецкага раёну Менску. Юрася Шаліна, Андрэя Кіма, Валянціна Сакалоўскага і Тацяну Лашкарову затрымалі ўвечары ў Цэнтральным унівэрмагу Менску. Міліцыянты склалі пратаколы за дробнае хуліганства, патлумачыўшы, што затрыманыя абразілі грамадзкую мараль.

Адміністрацыйныя справы Юрася Шаліна, Тацяны Лашкаровай, Андрэя Кіма і Валянціна Сакалоўскага будзе разглядаць судзьдзя Савецкага раённага суду Аксана Ралява.

Міліцыянты доўгі час трымалі затрыманых у міліцэйскай машыне й не казалі сваякам і сябрам, калі пачнуцца суды. Толькі калі машына з затрыманымі зьехала з суду ў міліцыю, людзі даведаліся, што судзьдзя запатрабавала перарабіць пратаколы.

Высьветлілася, што міліцыянты ў пратаколах не ўказалі сьведак правапарушэньня. Новы Адміністрацыйны кодэкс патрабуе, каб міліцыянты падчас затрыманьня ўзялі паказаньні сьведак і пісьмова абгрунтавалі неабходнасьць затрыманьня і складаньня пратаколу.

Каб выканаць патрабаваньне судзьдзі, супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі знайсьці сьведак сярод прадавачак ЦУМу. Хто ж будзе сьведчыць на судзе, пакуль невядома.

Адвакатка затрыманых Мар’яна Сямешка паведаміла судзьдзі, што яна захварэла. Аксана Ралява, такім чынам, можа прызначыць дату судовага паседжаньня на наступны тыдзень.

Маці Валянціна Сакалоўскага абуралася дзеяньнямі міліцыянтаў, якія замест таго, каб адпусьціць яе сына, завезьлі яго зноў у міліцыю.

“Мне вельмі шкада, што ўжо сталі караць папросту за сьвята Гэлаўін, — гаворыць Алена Сакалоўская. — Нават не за само сьвята, а за падрыхтоўку да яго. Незразумелыя і матывы затрыманьня. Вельмі хочацца ведаць, якое ж абвінавачаньне ім прад’явяць.

Якое зь іх дзеяньняў падпадае пад артыкул хуліганства? Ужо нават папросту цікава даведацца. Можна было б пасьмяяцца, каб толькі гэта ня тычылася лёсу канкрэтных людзей, якіх ты ведаеш і любіш”.

Міліцыянты ў размовах са сваякамі казалі, што Гэлаўін “ня наша сьвята”, а таму яны ўсё зрабілі правільна. Яны доўга адмаўляліся прыняць ежу для затрыманых, але празь пяць гадзінаў пагадзіліся.

Тацяну Лажкарову, Андрэя Кіма, Валянціна Сакалоўскага і Юрася Шаліна напрыканцы працоўнага дня адвезьлі ў суд, дзе ўручылі позвы й адпусьцілі. Аднак, калі адпушчаныя паспрабавалі выйсьці з будынку суду, іх ізноў затрымалі міліцыянты. Міліцыянты патлумачылі, што выконваюць загад намесьніка кіраўніка міліцыі Савецкага раёну Менску Ўладзімера Сацюка, які патрабуе, каб усіх чацьвярых ізноў адвезьлі ў турму на Акрэсьціна.

На здымку: Алена Сакалоўская
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG