Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: “Для будаўніцтва новага газаправоду празь Беларусь няма падставаў”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня адразу ў Менску й Маскве прагучалі выказваньні наконт пабудовы другой часткі газаправоду “Ямал — Эўропа”. Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў паведаміў, што “Расея зрабіла свой выбар, пачаўшы будаваць газаправод “Nord Stream” праз Балтыйскае мора на Захад”. А міністар прамысловасьці й энэргетыкі Расеі Віктар Хрысьценка адзначыў, што “для будаўніцтва “Ямалу — Эўропы-2” няма ніякіх падставаў”.

Амбасадар Сурыкаў адзначае: паўночны праект мае для яго краіны вялікую перавагу, паколькі Расея пазбаўляецца ад усіх транзытных пасярэднікаў.

Дыплямат цьвердзіць, што Расея свой выбар ужо зрабіла:

“А Расея вызначалася, пачаўшы будаваць “Nord Stream”. Яна ж ужо пачала яго будаваць”.

Карэспандэнт: “Можа, адразу два будаваць?”

“А дзеля чаго? Каб грошы закапаць, ці што?” — адказвае расейскі амбасадар.

Беларускія ўлады некалькі разоў зьвярталіся да расейцаў з прапановай адмовіцца ад будаўніцтва паўночнага газаправоду на карысьць другой галіны газаправоду “Ямал — Эўропа”, якая б прайшла празь беларускую тэрыторыю.

Калі б Масква на гэта пагадзілася, дык Беларусь гатовая на пяць гадоў вызваліць “Газпром” ад аплаты транзыту газу празь Беларусь на Захад. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка сказаў на сустрэчы з рэгіянальнымі расейскімі журналістамі.

З гэтай жа просьбай зьвярнуліся і да расейскага прэм’ера Віктара Зубкова, калі ён прыяжджаў у Менск. Той на разьвітаньне паабяцаў падумаць.

І вось сёньня Віктар Хрысьценка даў ясна зразумець, што “для будаўніцтва “Ямалу — Эўропы-2” няма ніякіх падставаў”.

Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак гаворыць, што Беларусь шмат траціць ад таго, што расейцы выбралі з двух праектаў паўночны:

“Беларусь губляе вельмі выдатны козыр для перамоваў пра кошты газу ўжо ў хуткай пэрспэктыве. Бо калі б вырашылі будаваць другую ветку “Ямалу — Эўропы”, дык беларускі ўрад мог увесьці льготы для “Газпрому”, як гэта ўжо было. І тады б “Газпром” уздымаў плянку коштаў на газ павольней.

Надзвычай вялікіх грошай ад транзыту праз другую ветку Беларусь бы не атрымала. Але разам з тым гэта й даволі вялікія грошы, асабліва калі лічыць, што мы губляем іх назаўсёды. І да таго ж экспэрты мяркуюць, што кошт транзыту будзе ўзрастаць з кожным годам”.

Амбасадар Сурыкаў падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі шмат казаў пра тое, што і Расея, і Беларусь мусяць пераходзіць на рынкавыя дачыненьні:

“Без прывядзеньня коштаў на газ як у Расеі, так і ў Беларусі на сярэднеэўрапейскі ўзровень наша прамысловасьць ніколі ня будзе канкурэнтаздольнай на беларускіх рынках. Ніколі!

І гэтае разуменьне павінна быць. Інакш мы ва ўсясьветнай эканоміцы нішы ніколі не знойдзем. Вывалімся зь яе канчаткова празь нейкі час”.

А на пытаньне некаторых журналістаў, чаму Расея ня робіць паслабленьня свайму партнэру ў так званай саюзнай дзяржаве, амбасадар Сурыкаў зноў спаслаўся на рынак і сказаў, што “мы ж ня просім прадаць нам аўтамабіль МАЗ за два рублі, а трактар МТЗ за тры”.

Нагадаем, што першае адгалінаваньне газаправоду “Ямал — Эўропа” даўжынёй 575 кілямэтраў запрацавала напрыканцы 1990-х гадоў. Яго ёмістасьць 33 мільярды кубамэтраў газу на год.

• А.Лукашэнка выступіў перад расейскімі журналістамі. 12.10.2007 • Прапанова А.Лукашэнкі “Газпрому” бессэнсоўная бяз згоды Польшчы. 15.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG