Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сугайр Бэльхасэн стварае камітэт у абарону Андрэя Клімава


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня завяршыўся візыт у Беларусь прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі яна заявіла, што “палітычны рэжым у Беларусі — самы рэпрэсіўны ў Эўропе”.

Сугайр Бэльхасэн заявіла, што “абвінавачаньні на адрас Дашкевіча і Фінькевіча зьяўляюцца сьмешнымі”.

Па вяртаньні ў Францыю спадарыня Бэльхасэн мае намер стварыць міжнародны камітэт у падтрымку Андрэя Клімава. Яна прапануе ўступіць у яго вядомым дзеячам.

“Клімава зьмясьцілі ў калёнію за 328 кілямэтраў ад Менску, і гэта абуральна. Ён не падпадае пад амністыю, як і іншыя. Пачынаеш задаваць пытаньне: навошта гэтая амністыя была задуманая? З-за дрэннага абыходжаньня Клімаў атрымаў хваробу сэрца.

І мы лічым, што афіцыйныя асобы адказныя за яго псыхалягічны й фізычны стан. Чалавек напісаў, што ён баіцца заставацца жывым, бо ўбачыць яшчэ горшае пекла, — гэта сьведчыць, што ён знаходзіцца ў невыносных умовах”, — сказала Сугайр Бэльхасэн.

Тэрміновыя захады закрануць і іншых палітвязьняў. Паводле спадарыні Бэльхасэн, усе эўрапейскія прадстаўнікі павінны прасіць, каб іх дапусьцілі на працэс Зьмітра Дашкевіча, інакш суд пройдзе за зачыненымі дзьвярыма.

Таксама фэдэрацыя падтрымае разгляд Камітэтам ААН у правах чалавека скаргі адносна Аляксандра Казуліна.

“У эўрапейскай краіне ёсьць чатыры вязьні сумленьня, — гэта абсалютна скандальны факт. Трэба мабілізаваць эўрапейскую супольнасьць, каб усіх вязьняў сумленьня вызвалілі”.

Сугайр Бэльхасэн сустрэлася ў Менску і Горадні з роднымі палітзьняволеных, прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў.

Міністэрствы юстыцыі, інфармацыі, замежных і ўнутраных справаў сустракацца не пажадалі.

Спадарыня Бэльхасэн сказала:

“Ім ёсьць што хаваць, таму яны й не сустрэліся. Я хацела гаварыць пра канкрэтныя выпадкі, а слухаць горкую праўду не зусім прыемна. Яны не хацелі апынуцца ў становішчы, калі трэба апраўдвацца і шукаць нейкія аргумэнты”.

Спадарыня Бэльхасэн назвала свой візыт знакам падтрымкі праваабаронцаў, апазыцыйных партыяў і няўрадавых аб’яднаньняў:

“Я хацела наведаць гэтую эўрапейскую краіну, у якой палітычны рэжым — самы рэпрэсіўны ў Эўропе. У Эўропе Беларусь чорная пляма, і гэтая сытуацыя не нармальная. Недастаткова проста забараніць уезд у Эўропу людзям, якія маюць дачыненьне да выкраданьняў.

Нам неабходна захоўваць пільнасьць. Працягваць працу і не забывацца пра справы зьніклых, каб адбылося правасудзьдзе і ахвяры атрымалі кампэнсацыю.

Мяне ўразіла, што ў Беларусі не застаецца ніякіх сфэраў для свабоды ў грамадзтве. Бо нават дробныя прадпрымальнікі зазнаюць ціск з боку дзяржавы.

Трэба быць пільнымі да 4 лістапада, да "Сацыяльнага маршу" — каб ня даць адбыцца рэпрэсіям”.

Спадарыня Бэльхасэн мела і добрыя ўражаньні ад візыту:

“Нягледзячы на рэпрэсіі, у Беларусі ёсьць маладыя людзі, палітычныя партыі й няўрадавыя арганізацыі, прафсаюзы, якія мабілізуюцца і стараюцца процістаяць рэпрэсіям. І на сёньня іх дэвіз — супраціў.

Я сустрэлася з маладымі людзьмі, якія актыўна працуюць, каб прывесьці гэтую краіну да дэмакратыі. Я хачу прызнаць іхную сьмеласьць”.

На выніковую прэсавую канфэрэнцыю Сугайр Бэльхасэн запрасіла жонку палітзьняволенага Андрэя Клімава Тацяну. У прэс-канфэрэнцыі браў удзел віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, лідэр ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі На выніковую прэсавую канфэрэнцыю Сугайр Бэльхасэн запрасіла жонку палітзьняволенага Андрэя Клімава Тацяну. У прэс-канфэрэнцыі браў удзел віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, лідэр ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

 На прэс-канфэрэнцыю прыйшлі прадстаўнікі менскага офісу АБСЭ На прэс-канфэрэнцыю прыйшлі прадстаўнікі менскага офісу АБСЭ

• Улады ня хочуць гаварыць аб правах чалавека?, 31.10.2007 • МЗС вывучае просьбу аб сустрэчы з С. Бэльхасэн, 31.10.2007 • Сугайр Бэльхасэн сустрэлася з гарадзенскімі актывістамі, 30.10.2007 • С.Бэльхасэн прыехала падтрымаць грамадзянскую супольнасьць, 29.10.2007
XS
SM
MD
LG