Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: зьявілася беларуская група ў дзіцячым садку


Вячаслаў Кулік, Менск Ад сёньня ў магілёўскім дзіцячым садку №81 працуе першая ў горадзе беларускамоўная група. Загад аб яе адкрыцьці падпісаў начальнік аддзелу адукацыі Ленінскага раёну Магілёва Аляксандар Гапееў.

Загадчыца садка Элеанора Куляшова паведаміла “Свабодзе”, што ў Ленінскім раёне абласнога цэнтру цяпер 53 дашкольныя ўстановы, дзе выхоўваюцца больш як шэсьць тысяч дзяцей.

“Наша беларускамоўная група — першая і пакуль што адзіная ў горадзе, на сёньня ў яе складзе чацьвёра дзяўчатак і хлопчыкаў”, — адзначае загадчыца Куляшова.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзячкоў кажа, што вяртаньне ў дашкольныя ўстановы Магілёва беларускай мовы ініцыявалі бацькі:

“Ужо, напэўна, гады чатыры-пяць, як у Магілёве няма ніводнай беларускамоўнай групы ў дзіцячых садках. Гадамі гэтым ніхто не займаўся. А ўлічваючы, што гэта лякальны раён, не зусім зручны, то я мяркую, што мы атрымалі неблагі паказчык. Адукацыйная база ў гэтым садку ёсьць. Раней там былі беларускія групы. Напрацоўкі ў іх засталіся”.

Алег Дзячкоў таксама паведаміў, што цяпер для стварэньня ў дзіцячым садку беларускамоўнай групы патрэбна хаця б дзесяць заяваў ад бацькоў, якія хочуць запісаць дзяцей у такую групу.

“Улады саступілі ў гэтым патрабаваньні, бо ахвотных навучаць сваіх дзяцей па-беларуску ў Магілёве значна больш”, — канстатуе Алег Дзячкоў.

• У Магілёве няма беларускамоўных клясаў, 29.08.2007
XS
SM
MD
LG