Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Шарамет: "Кампанія выбараў у Дзярждуму Расеі – кампанія асуджаных"


Вольга Караткевіч, Прага Госьць ранішняга эфіру – вядомы журналіст і грамадзкі дзяяч Павел Шарамет.

Слухаць:



“Народ асуджана за ўсім гэтым назірае”

Караткевіч: “Расея напярэдадні выбараў у Дзяржаўную думу. Незалежныя мэдыі азначаюць памацненьне аўтарытарызму ў краіне, паступовы наступ на свабодныя мэдыі. Аналітычны цэнтар Юр’я Лявады распаўсюдзіў інфармацыю, што 37% расейцаў лічаць, што Дзяржаўная дума не патрэбная. Як бы вы гэта пракамэнтавалі?”

Шарамет: “Цяперашняя выбарчая кампанія ў парлямэнт Расеі – гэта кампанія асуджаных. З аднаго боку, партыі ўлады наканаваная перамога. І таму яна асабліва не абцяжарвае сябе нейкімі дзеяньнямі. З другога боку, апазыцыя загадзя прадчувае сваю паразу і таму таксама ніякіх яскравых дзеяньняў ня робіць. А народ асуджана за ўсім гэтым назірае, бо цэны на нафту растуць, заробкі растуць, праўда, цэны на прадукты таксама растуць, але нікога нічога не хвалюе”.

Караткевіч: “11 партыяў трапілі ў сьпісы для галасаваньня. Але назіраецца асаблівая ўвага да сілаў і структураў, якія адкрыта ставяцца да цяперашніх палітычных працэсаў у Расеі. Дэпутат Маргелаў ініцыяваў праверку фінансавай дзейнасьці, прыкладам, дэпутата Барыса Нямцова. Таксама я згадала б факт фінансаваньня “Саюзу правых сілаў” “Энэргетычнымі сыстэмамі”. Скажыце, гэта супадзеньне ці проста звычайны працэс?”

Шарамет: “Не супадзеньне, вядома. Любыя працэсы супраць апазыцыі ў Расеі, любыя наезды на апазыцыю невыпадковыя цяпер. Нямцова наагул апошнім часам актыўна перасьледуюць актывісты руху “Нашы”, “Маладая гвардыя” ды іншыя недарэкі. Яны перасьледуюць яго ў кнігарнях, спальваюць ягоныя кнігі. 2 дні таму ў Краснадарскім краі яны пры уваходзе ў кнігарню абсыпалі яго мукою, закідвалі нейкімі кактусамі. Цяпер да ініцыятывы маладых зьбіраюцца падключыцца старэйшыя таварышы з “Адзінай Расеі”, такія як Маргелаў.

У парлямэнт маюць прайсьці максымум 4 партыі: “Адзіная Расея”, камуністы, ЛДПР і, магчыма, “Справядлівая Расея”. Ніякая іншая, пятая, партыя прайсьці ў парлямэнт катэгарычна ня можа, бо тады “Адзіная Расея” страціць канстытуцыйную большасьць, якая дазваляе зьмяніць канстытуцыю. Вось таму робіцца ўсё магчымае, каб былі толькі 4 партыі”.

“Такой колькасьці перасьледаў, як у Беларусі, у Расеі пакуль што няма. Але тэндэнцыя насьцярожвае”

Караткевіч: “Ці можна параўнаць палітычныя сытуацыі ў Беларусі і Расеі?”

Шарамет: “Безумоўна, за апошнія некалькі гадоў сытуацыя ў Расеі стала нашмат больш складаная. Але ўсё ж такі катэгарычна нельга параўноўваць тое, што адбываецца ў Расеі, з тым, што адбываецца ў Беларусі. Прычым, калі ў Расеі ўскладненьне сытуацыі адбываецца ў апошнія гады, то ў Беларусі цягнецца ўжо 12 гадоў таталітарызм, дыктатура...

Такой колькасьці перасьледаў, судовых справаў, арыштаў за “хуліганства”, як у Беларусі, у Расеі пакуль што няма. Але тэндэнцыя насьцярожвае”.

“Паводле нашых зьвестак, Расея выдзеліць Лукашэнку стабілізацыйны крэдыт на 1,5 мільярда даляраў”

Караткевіч: “Павел, вы часта выступаеце камэнтатарам сытуацыі ў Беларусі. Апошняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі расейскіх сродкаў масавай інфармацыі – гэта ўсё яшчэ ягоны спадзеў застацца там папулярным? Наколькі гэта рэальна?”

Шарамет: “Папулярнасьць Лукашэнкі ў Расеі вельмі і вельмі вялікая. Недаацэньваць гэтага нельга. Ён траціць вельмі шмат сілаў і часу на раскручваньне гэтай папулярнасьці, на падтрыманьне гэтай папулярнасьці. Ён канвэртуе гэтую папулярнасьць у грошы і ў дапамогу. Таму ён гэтым і займаецца.

Я думаў, што не ў апошнюю чаргу вось усе гэтыя піяр-акцыі прывялі да таго, што, паводле нашых зьвестак, Расея выдзеліць Лукашэнку стабілізацыйны крэдыт на 1,5 мільярда даляраў. Ніякіх іншых мэтаў, апроч атрыманьня грошай і магчымага атрыманьня ў будучыні ўлады, усе гэтыя піяр-акцыі і звароты Лукашэнкі да расейцаў ня маюць”.

“Мне нічога невядома пра альтэрнатыўны расейскі праект у Беларусі”

Караткевіч: “Я ня раз (і вам у тым ліку) у нашых перадачах задавала пытаньне пра магчымы альтэрнатыўны расейскі праект у Беларусі. Якая сытуацыя цяпер з гэтым праектам? Ці ёсьць ён увогуле?”

Шарамет: “Мне нічога невядома пра альтэрнатыўны расейскі праект у Беларусі. Шчыра кажучы, я нават да канца не разумею, пра што ідзе гаворка. Тое, што апошнім часам зьявіліся Сініцына, мне падаецца, гэта ягоная спроба прадацца расейскім інвэстарам ці спроба выправіць сваё фінансавае становішча. Ніякага іншага сур''ёзнага сэнсу я ў гэтым ня бачу. А пра нейкія праекты, ініцыятарамі якіх выступала б Масква, мне нічога невядома”.

“Калі мне здаецца, што лідэр апазыцыі паводзіць сябе не зусім адэкватна, я дастаткова жорстка яго крытыкую”

Караткевіч: “Павел, вы часта публікуецеся ў інтэрнэце, у тым ліку й на сайце , і вельмі крытычна ацэньваеце асобу , альбо вельмі аналітычна. Ці можаце вы нешта сказаць наконт гэтага?”

Шарамет: “Так, я сапраўды часам крытыкую Мілінкевіча. Нельга сказаць, што я гэта рабіў часта. Але, калі адбываюцца нейкія важныя падзеі і мне здаецца, што лідэр апазыцыі паводзіць сябе не зусім адэкватна, а дастаткова жорстка яго крытыкую. І раблю гэта цяпер наўмысна жорстка, бо ўсё ж такі ён – лідэр апазыцыі. І для аб’яднанай Эўропы, прыкладам, ён застаецца фармальным лідэрам апазыцыі.

Калі мы цяпер ня будзем зьвяртаць увагу на памылкі Мілінкевіча, калі ня будзем папраўляць некаторых дзеяньняў, калі мы разам ня будзем ацэньваць ягоных баязьлівых і памылковых крокаў так, як павінны ацэньваць, то праз год, як будуць парлямэнцкія выбары, як будзе чарговы ўздым рэвалюцыйнай актыўнасьці, будзе позна. І тады, праз год, Мілінкевіч у крытычны для ўсіх нас момант схаваецца і падставіць пад удар АМАПу тых маладых хлопцаў, якія цяпер у яго вераць, якія цяпер ідуць за ім. Вось таму я й займаю сёньня такую цьвёрдую пазыцыю.

Праз паўгоду, калі ўжо абвесьцяць пра парлямэнцкія выбары, усе дыскусіі, спрэчкі і ўзаемная крытыка павінны будуць скончыцца. Апазыцыя павінна будзе зноў аб''яднацца дзеля агульнай мэты. А пакуль ёсьць такая магчымасьць, мы павінны паказваць людзям на іхныя памылкі”.

“Гэта была такая агідная правакацыя ў вясковыя стылі”

Караткевіч: “У мінулую суботу ў цэнтры Менску здарыўся інцыдэнт з вамі і вашым аўтамабілем. Ці можаце расказаць пра гэта нашым слухачам?”.

Шарамет: “Так, гэта была такая непрыемная гісторыя. Раніцаю я сеў у машыну. Хацеў паехаць па сваіх справах, а высьветлілася, што мантажнай пенаю мне залілі глушнік. Празь нейкі час я выявіў, што ў баку для бэнзіну – цукар. Я адразу праверыў колы, каб усе гайкі былі прыкручаныя. На адным коле гайкі была аслабленыя. Гэта была такая агідная правакацыя ў вясковыя стылі, якія сёньня вельмі папулярныя сярод беларускіх спэцслужбаў.

У выніку я цэлы дзень займаўся аўтамабілем: яго разьбіралі, чысьцілі, здымалі бэнзабак. Замест таго, каб заняцца нечым карысным, прыйшлося правесьці дзень у аўтасэрвісе. Гэта такі вясковы стыль – дзярмом намазаць браму суседу, нейкую дрэнь наліць у малако. На жаль, гэты стыль цяпер папулярны ў беларускай палітыцы, у дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў. Замест таго, каб лавіць сапраўдных злачынцаў, як той у Горадні, які гадамі забіваў людзей, робяць такія правакацыі тым, хто крытыкуе гэтую ўладу. Але да гэтага трэба ставіцца спакойна. Мы выбралі пэўны шлях і павінны спакойна і годна яго прайсьці”.

Павал Шарамет.

Журналіст, супрацоўнік ОРТ, адзін з арганізатараў вэбсайту , аўтар (сумесна са Сьвятланай Калінкінай) кнігі "Случайный президент". Аўтар дакумэнтальных фільмаў “Чачэнскі дзёньнік”, “Дзікае паляваньне”, “1991 – апошні год імпэрыі”, “Апошняя вышыня генэрала Лебедзя”, “Карэйская пастка”, “Споведзь ката”, “СНІД. Сьмерць з адкрытай датай”.

Нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Скончыў тры курсы гістфаку БДУ. Затым паступіў на факультэт міжнародных адносінаў Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту. Дыплёмная праца – офшорны бізнэс. Свабодна валодае ангельскай мовай.

У 1994-1995 гадох быў аўтарам і вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы “Праспэкт” на Беларускім тэлебачаньні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлежурналіст Беларусі.

У жніўні 1995-жніўні 1996 – галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты”.

З верасьня 1996 – супрацоўнік тэлекампаніі ОРТ: кіраўнік Беларускага бюро ОРТ, шэф-рэдактар аддзелу карэспандэнцкай сеткі ОРТ, намесьнік дырэктара Дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. З ліпеня 1999 па сакавік 2000 быў вядоўцам аналітычнай праграмы "Время" ОРТ. У цяперашні час – кіраўнік аддзелу спэцыяльных праектаў Дырэкцыі дакумэнтальнага кіно расейскага Першага каналу.

У 1998 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага камітэту абароны журналістаў за ўнёсак ў разьвіцьцё свабоды слова.

Намінант прэміі ТЭФІ Акадэміі расейскага тэлебачаньня як “найлепшы рэпартэр” 1999 году, фіналіст ТЭФІ-2001 у намінацыі "Журналісцкае расьсьледаваньне" за фільм “Дзікае паляваньне”.

У 2002 годзе атрымаў прэмію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ “За журналістыку і дэмакратыю”.

У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на тэрмін два гады ўмоўна за рэпартаж зь беларуска-літоўскай мяжы.

Жанаты, двое дзяцей.
XS
SM
MD
LG