Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вы, таварыш Яжоў, блізкі сэрцу беларускага народа"


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускіх газэтаў розных гадоў.

“У Парыжы праз 2 тыдні цягнуўся судовы працэс над забойцам ведамага ўкраінскага атамана Петлюры, — паведамляе на гэтым тыдні 1927 году “Беларуская крыніца”. — Петлюра быў забіты ў Парыжы вясной 1926 году. Забіў яго жыд Шварцбард, які гэтым хацеў адамсьціцца за жыдоўскія пагромы на Украіне ў тыя часы, калі Петлюра стаяў на чале ўкраінскіх войскаў. Суд дапрасіў вялікі лік сьведкаў, каб сьцвердзіць, ці Петлюра запраўды быў вінават за пагромы, ці не. Суд Шварцбарда апраўдаў”.

“ЛіМ” на гэтым тыдні 1937 году друкуе ліст наркаму ўнутраных справаў Яжову: “Вы, таварыш Яжоў, адзін з любімейшых сыноў вялікай совецкай краіны, блізкі сэрцу беларускага народа. Жалезнай рукой вы грамілі і громіце змяіныя гнёзды трацкісцкай, бухарынскай і нацыянал-фашыскай контррэвалюцыі... Пад Вашым кіраўніцтвам совецкая зямля, у тым ліку і Совецкая Беларусь, з поспехам ачышчаецца ад германа-японскіх і польскіх шпіёнаў і дыверсантаў... Вылучаючы Вас, таварыш Яжоў, кандыдатам у Вярхоўны Совет СССР, мы просім даць сваю згоду балатыравацца па Менскай выбарчай акрузе. Па даручэньню агульнага схода — народны паэт рэспублікі Янка Купала”.

На старонках таго ж “ЛіМу”, але ў 1947 годзе, Максім Лужанін піша: “Мы ніколі не хацелі вайны, хоць у нас было многа франтоў. Не паспеўшы сыйсці з аднаго, мы пераходзілі на іншы. Пасля франтоў грамадзянскай вайны пачаўся фронт аднаўлення, індустрыалізацыі, калектывізацыі, фронт будаўніцтва культуры. І ўсе яны, як і фронт Вялікай Айчыннай вайны, гэты фронт нечуванай доблесці і перамог совецкага народа, былі для нас тым фронтам, на якім мы заўсёды стаялі, стаім і будзем стаяць — фронтам міру і працы”.
XS
SM
MD
LG