Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вычарпаны канфлікт вакол антысэміцкіх выказваньняў Лукашэнкі?


Іна Студзінская, Менск Амаль тры тыдні працягваюцца жарсьці вакол выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі наконт Бабруйску і адносінаў габрэяў да месца, дзе яны жывуць. Пасол Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар''е ўжо зьезьдзіў на тыдзень у Тэль-Авіў і вярнуўся ў Менск. Паводле інфармацыі ізраільскага боку, пасол быў у адпачынку. Амаль тыдзень у Ізраілі знаходзіцца галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч, які паехаў туды, каб улагодзіць беларуска-ізраільскія стасункі.

Паводле газэты "Haaretz", ізраільскі бок лічыць інцыдэнт вакол выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі вычарпаным. Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка аддзелу па Цэнтральнай Эўропе і Эўразіі МЗС Ізраіля Піні Авіві пасьля сустрэчы з Паўлам Якубовічам. Спадар Якубовіч заявіў у МЗС, што словы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб габрэйскім народзе варта разглядаць як "жартаўлівыя, несур''ёзныя", яны "не адлюстроўваюць сапраўднай пазыцыі ў адносінах да габрэяў", піша “Haaretz”.

Павал Якубовіч, які знаходзіцца ў Тэль-Авіве, апавёў Радыё Свабода:

“У мяне былі сустрэчы з грамадзкімі арганізацыямі, у тым ліку, і з Аб’яднаньнем беларускіх габрэяў у Ізраілі. Былі сустрэчы ў Кнэсэце, Міністэрстве замежных справаў - зь кіраўніцтвам Міністэрства. Міністар замежных спраў Ізраілю Цыпі Ліўні ў дзень майго прыезду зьехала з візытам у Кітай, таму я сустракаўся зь яе намесьнікам. Былі перамовы з віцэ-прэм’ерам спадаром Лібэрманам. Гэта былі вельмі пазытыўныя сустрэчы, і як мне падаецца, вельмі выніковыя”.

Супрацоўнік Цэнтра расейскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту, доктар гістарычных навук Барыс Марозаў, што да выказваньняў Лукашэнкі і міратворчай ролі Паўла Якубовіча, выказаў такое меркаваньне:

“Выказваньне па сутнасьці вельмі рэзкае, і як праява побытавага антысэмітызму яно вельмі крыўднае. Ігнараваць яго таксама нельга. Пазыцыя спадара Якубовіча таксама надзвычай складаная. Ён ня можа сказаць, што гэтага не было. Пасланьня прэзыдэнта, выбачайце, ён з сабой не вязе. Калі Якубовіч што і прывёз, то яно настолькі мікраскапічнае і няўлоўнае. Наагул, ягоная прысутнасьць у Ізраілі ня моцна асьвятляецца”.

Павал Якубовіч сустракаўся з расейскамоўнай грамадзкасьцю, удзельнічаў у “прамых лініях” расейскамоўных выданьняў, у прыватнасьці, інфармацыйнай агенцыі “Курсор”, быў госьцем 9-га расейскамоўнага каналу ізраільскага тэлебачаньня, дзе даносіў, паводле ягоных словаў, пазыцыю Беларусі. Ізраільская прэса візыт спадара Якубовіча практычна не асьвятляла.

Супрацоўнік Цэнтра расейскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту Барыс Марозаў выказаў меркаваньне, што спадар Якубовіч шчыльна працаваў з амбасадай Беларусі ў Ізраілі, якая і ўлагоджвала канфлікт, даносіла пазыцыю краіны:

“Я ня думаю, што Якубовіч яе даносіў. Паколькі ўсё ішло на ўзроўні абмену нотамі, я думаю, што беларускі пасол зрабіў нейкую заяву ў адказ. Паколькі ізраільскі пасол вярнуўся ў Менск, хутчэй за ўсё, беларускі бок прынёс нейкія прабачэньні. Але ня прамым тэкстам (бо, як вядома, Бацька ніколі ня просіць прабачэньня), а патлумачыўшы, што яго няправільна зразумелі. Ізраілю на сёньняшні дзень, калі амбасадар вярнуўся, відаць, гэтага дастаткова. Але нідзе пра гэта ў Ізраілі ня пішуць”.

Што да міратворчай місіі пасланьніка беларускага прэзыдэнта Паўла Якубовіча, то...

“Усё яшчэ працягваецца. Мяркую, што на дні чатыры я яшчэ тут затрымаюся. Вельмі ахвотна прымаюць і палітыкі, і грамадзкія арганізацыі, і калегі. Кожны дзень паступаюць прапановы аб сустрэчах, так што працы хапае. Прычым, вельмі прыемнай працы, хаця і нялёгкай”.
XS
SM
MD
LG