Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ прадпрымальнікаў на ўказ прэзыдэнта – «мы пачалі размнажацца»


Віталь Цыганкоў, Менск 10 лістапада заканчваецца тэрмін магчымасьці льготнага пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы. Міністэрства эканомікі спадзявалася такім чынам заахвоціць індывідуальных прадпрымальнікаў ствараць унітарныя прадпрыемствы. Але, тым ня менш, на сёньняшні дзень, паводле розных дадзеных, толькі каля 10 тысячаў з 200 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў выказалі жаданьне стаць юрыдычнымі асобамі. Як можа разьвівацца сытуацыя? Гэтую тэму Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з актывістам прадпрымальніцкага руху, юрыстам Сяргеям Балыкіным.

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што большасьць індывідуальных прадпрымальнікаў ужо прынялі сваё рашэньне і не зьбіраюцца ствараць унітарныя прадпрыемствы?”

Балыкін: “Большасьць сапраўды рэгістравацца ня будзе. Можа, некаторая частка створыць нейкія іншыя юрыдычныя асобы, напрыклад, гаспадарчыя таварыствы. Але ж гэта тысяча-дзьве, - у межах статыстычнай пагрэшнасьці. Астатнія будуць імкнуцца выжываць, хто як. Заўважце, зараз рэзка павялічылася колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў. Бо многія “зрабілі прадпрымальнікамі” сваіх сваякоў і наёмных працаўнікоў. Падаецца, менавіта такі адказ прадпрымальнікаў на прэзыдэнцкі ўказ – мы пачалі размнажацца”.

Цыганкоў: “Калі адказ сапраўды выглядае такім чынам, то ці можна сказаць, што ідэя пераводу індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы правалілася?”

Балыкін: “Так, гэты Ўказ праваліўся, і гэта было відавочна яшчэ тады, калі яго напісалі. Цяпер іпэшнікі проста ціха страйкуюць. Яны можа не ідуць на нейкія шумныя акцыі, а пратэстуюць па-беларуску, не выконваюць прэзыдэнцкі ўказ і ўсё”.

Цыганкоў: “Раней заўсёды ў канфліктных сытуацыях паміж дробнымі прадпрымальнікамі і дзяржавай у выніку знаходзілі нейкі кампраміс, і бакі вярталіся да пэўнага статус-кво. Што зараз можа адбыцца, ці можа быць знойдзены кампраміс?”

Балыкін: “Па-першае улада можа працягнуць тэрмін пераходу ў юрыдычныя асобы да 1 студзеня 2009 году, і гэта было б лягічна...”

Цыганкоў: “А зусім адмяніць гэтую ідэю?”

Балыкін: “Зараз улада на гэта ні за што ня пойдзе. Для яе гэта азначала б прызнаць сваю паразу. Таму верагодна, што будзе працягнуты гэты тэрмін, а потым, магчыма, будзе прынятае нейкае іншае рашэньне.

Калі ўлада хоча прадухіліць сацыяльны выбух, яна мусіць спачатку працягнуць тэрмін рэгістрацыі, а потым знайсьці рашэньне, не балючае для прадпрымальнікаў, і каб улада магла не згубіць свой твар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG