Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бум інтэрнэт-тэлефаніі ў Чэхіі


Алена Струвэ, Прага Апошнім часам у чэскіх інтэрнэт-кавярнях, бібліятэках, цягніках, паўсюды, дзе падключаны ці можа быць падключаны інтэрнэт, можна назіраць наступную карціну – чалавек сядзіць за кампутарам і услых размаўляе зь нябачным суразмоўцам.

Такая сыстэма галасавой сувязі празь сеціва альбо інтэрнэт-тэлефанія перажывае ў Чэхіі сапраўдны бум, – сьведчыць чэскі журналіст Любамір Гомбаш. Праз кампутар можна размаўляць зь любым чалавекам ў любым кутку сьвету гэтак жа, як і па звычайным тэлефоне. Толькі каштуе гэта значна таньней, бо ня трэба аплачваць даволі дарагія каналы сувязі, пракладзеныя ў час, калі ніякага Інтэрнэту яшчэ не было.

У часе размовы зь Любамірам ўражвае беларуская мова. Як высьвятляецца, адмыслова мовы ён ніколі не вучыў. Засвоіў яе дзякуючы таму, што мае шмат сяброў у Беларусі і часта кантактуе зь імі. Асабліва па тэлефоне, дакладней празь інтэрнэт-тэлефон.

Гомбаш: “Напрыклад, калі тэлефанаваць звычайным тэлефонам праз чэскі Telecom у Беларусь, то гэта каштуе 12 крон альбо паўдалярa за хвіліну, а калі тэлефанаваць празь інтэрнэт-тэлефанію, то гэта каштуе толькі 6 крон. Гэта вельмі выгодна. У вас ёсьць тэлефонны нумар, вы можаце карыстацца ім у самых розных гарадах, можаце інсталяваць праграму на флэш-дыск і тэлефанаваць зь інтэрнэт-кафэ ці нейчага кампутара”.

Карыстальнікам інтэрнэт-тэлефаніі Любамір зьяўляецца з таго часу, як на чэскім інтэрнэт-рынку зьявіліся праграмы галасавых сецевых пратаколаў кшталту Skype.

Гомбаш: “У нас у Чэхіі, як і паўсюды, разьвіцьцё інтэрнэт-тэлефаніі зьвязанае з высокахуткасным інтэрнэтам. 7-8 гадоў таму сярод чэскай моладзі былі папулярныя праграмы кшталту Skype. Дзякуючы гэтым праграмам, маладыя людзі маглі тэлефанаваць бясплатна ці вельмі-вельмі танна. Дзесьці 5-6 гадоў таму інтэрнэт-тэлефаніяй пачалі займацца тэлекамунікацыі і бізнэсоўцы. Цяпер у Чэхіі дзейнічаюць дзесяткі апэратараў. У прынцыпе кошты ў іх аднолькавыя. Розьніца паміж звычайнымі апэратарамі і інтэрнэт-апэратарамі ў тым, што звычайныя патрабуюць перадаплату. У інтэрнэт-тэлефаніі вы плаціце толькі за канкрэтныя тэлефанаваньні. Тут, у Чэхіі, кошт інтэрнэт-тэлефаніі прыкладна 10 даляраў у месяц. Гэта вельмі танна”.

На пытаньне, дзякуючы чаму на яго радзіме адбываецца падобны бум інтэрнэт-тэлефаніі, Любамір Гомбаш адказвае:

Гомбаш: “Гэта зьвязана з тым, што прыватным апэратарам не патрэбная ліцэнзіі ад чэскага бюро тэлекамунікацыі. Яны маюць толькі падаць заяву. І могуць займацца гэтай бізнэс-справай і арганізаваць інтэрнэт-тэлефанію”.

• Якія пэрспэктывы ў Беларусі інтэрнэт-тэлефаніі?, 31.10.2007 • Чаму інтэрнэт “оптам” у манапаліста ў чатыры разы даражэйшы за “раздроб”?, 30.10.2007 • Дзяржаўныя хакеры “душаць” незалежны сэктар інтэрнэту колькасьцю , 30.10.2007 • Каб спаралізаваць інтэрнэт у краіне, досыць аднаго праграміста , 25.10.2007 • WiFi у Менску пакуль бясплатны, 28.09.2007
XS
SM
MD
LG