Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Яўгену Куліку споўнілася б 70


Валянціна Аксак, Менск Сябры, родныя і блізкія Яўгена Куліка прыйшлі сёньня пад вечар на Кальварыйскія могілкі Менску, каб ушанаваць памяць знакамітага мастака і грамадзкага дзеяча.

Постаць Яўгена Куліка зрабіла на беларускіх адраджэнцаў апошніх сарака гадоў надзвычайны ўплыў. Ягоная майстэрня, якую сябры назвалі нефармальным клюбам “На паддашку”, бо яна месьцілася на гарышчы дома на галоўным сталічным праспэкце якраз насупраць будынку Камітэту дзяржбясьпекі, ад шасьцідзесятых гадоў была месцам сустрэчаў нацыянальнай творчай эліты. Прыгадвае мастак Аляксей Марачкін:

“Гэта быў незвычайны чалавек, гэта быў беларус у першую чаргу. Усё жыцьцё сваё ён прысьвяціў служэньню Беларусі, вольнай незалежнай Беларусі. Ён так хацеў дачакацца гэтага...”

Сябры гаварылі пра тое, як не хапае ім шчырых парадаў спадара Куліка, ягоных дакладных і мудрых высноваў пра культурны і грамадзкі стан сучаснай Беларусі.

Мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская:

“Мы вельмі даражым гэтымі днямі, гадамі сяброўства, яны нам далі моцны запал. Гэта быў камэртон на ўсё астатняе жыцьцё”.

Яўген Кулік сваім мастацтвам і эрудыцыяй вучыў любіць і шанаваць нацыянальную гісторыю. Ягоныя графічныя рэканструкцыі замкаў увайшлі ў залатую скарбонку айчыннага мастацтва, а сьмелыя ўчынкі па азначэньні памятных дат мінуўшчыны вучылі калег і сяброў быць праўдзівымі. Як, да прыкладу, стварэньне ў 1980-м годзе паштоўкі з нагоды 1000-годзьзя Беларусі (даты афіцыйна не прызнаванай тады ўладамі). Гэтую паштоўку ён здолеў перадаць на Захад, і там яна мела шырокі розгалас. Натуральна, аўтара тут адразу ж сталі перасьледаваць. Пра ўсё гэта нагадаў прысутным Мікола Купава, кіраўнік творчае суполкі “Пагоня”, ля вытокаў стварэньня якое стаяў таксама Яўген Кулік:

“Гэта быў ягоны подзьвіг. І гэта сьведчыць пра веліч гэтай постаці і ягоную неўміручасьць”.

Ушанаваньне памяці Яўгена Куліка ў дзень ягонага сямідзесяцігодзьдзя скончылася сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.
XS
SM
MD
LG