Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: яшчэ двух актывістаў аштрафавалі за адзначэньне Дзядоў


Радыё Свабода, Віцебск Паводле пастановаў суду Віцебскага раёну, Сяргей Каваленка і Сяргей Белазека пакараныя штрафамі на 620 тысяч рублёў кожны.

Справу Сяргея Каваленкі суддзя Міхаіл Зубеня разьбіраў два дні запар. Паглядзеўшы відэазапіс, зроблены міліцыянтамі ўчора падчас жалобнай імпрэзы каля вёскі Паляі, ён прызнаў актывіста вінаватым за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Падставай для абвінавачаньня сталася тое, што Сяргей Каваленка трымаў бел-чырвона-белы сьцяг.

Паколькі хлопец сёлета ўжо двойчы быў затрыманы са сьцягам у руках, за паўторны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі судзьдзя прызначыў яму пакараньне памерам 20 базавых велічынь.

Такі самы штраф судзьдзя Тацяна Дзегцярова прысудзіла Сяргею Белазеку, справу якога яна мелася разглядаць толькі 6-га лістапада.

Сяргей Белазека прыйшоў у суд, каб падтрымаць Сяргея Каваленку. Але судзьдзя, сустрэўшы яго ў калідоры, заявіла, што "якраз мае вольную гадзінку". За гэты час яна й пасьпела аштрафаваць хлопца на тыя самыя 20 базавых велічыняў, таксама абвінаваціўшы яго на падставе прагледжанага апэратыўнага відэазапісу.

Міліцыянты здымалі, як група жыхароў Віцебска прыехала ў вёску Паляі, каб усталяваць крыж памяці расстраляных тут ахвяр сталінізму. На аўтастаянцы пяцёра мясцовых актывістаў разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, каб прайсьці пад імі некалькі дзесяткаў мэтраў да месца трагедыі. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўсіх прысутных, у тым ліку траіх журналістаў, заявіўшы, што усе яны – удзельнікі несанкцыянаванай акцыі.

У пастарунку міліцыянты перапісалі асабістыя дадзеныя кожнага затрыманага, а пяцёх актывістаў, якія несьлі сьцягі, завезьлі ў суд. Учора Барысу Хамайду, Яну Таўпыгу, а сёньня Сяргею Каваленку і Сяргею Белазеку прысудзілі па 620 тысяч штрафу. Зьміцер Якаўлеў атрымаў 31 тысячу штрафу – толькі за тое, што міліцыянты засьведчылі ягоную вінаватасьць у пратаколе, бо на відаэзапісе не відаць, каб ён трымаў бел-чырвона-белы сьцяг.

• Віцебск: Дзяды адзначылі ў пастарунку і ў судзе , 30.10.2007 • Віцебскія актывісты ўсклалі кветкі на месцы масавых расстрэлаў , 28.10.2007
XS
SM
MD
LG