Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы ў Беларусі інтэрнэт-тэлефаніі?


Ігар Карней, Карней У сьвеце імкліва пашыраецца практыка карыстаньня паслугамі сувязі з дапамогай інтэрнэт-тэлефаніі. Такая сувязь значна таньнейшая за традыцыйныя тэлефонныя размовы і забясьпечвае высокі ўзровень канфідэнцыйнасьці. Але чаму пры мностве станоўчых фактараў гэтыя высокія тэхналёгіі не пашыраюцца ў Беларусі?

Першыя экспэрымэнты з кампутарнай тэлефаніяй датаваныя 1996 годам. Аб’ём рынка тады ацэньваўся ў 1,8 мільёна даляраў. За тры гады ён дасягнуў 560 мільёнаў даляраў і ахапіў 16 мільёнаў карыстальнікаў. У 2002-м абарот сродкаў на рынку інтэрнэт-тэлефаніі вырас да 20,5 мільярдаў даляраў і ўжо 11% усіх тэлефанаваньняў у сьвеце адбываюцца мэтадам IP-злучэньня. Некаторыя дасьледчыкі разьлічваюць, што да 2010 году палова ўсіх тэлефанаваньняў будзе ажыцьцяўляцца праз інтэрнэт.

Skype як флягман інтэрнэт-тэлефаніі

Віктар Парамонаў стала карыстаецца інтэрнэт-тэлефаніяй чатыры гады. Ягоныя ўражаньні станоўчыя:

Парамонаў: “Наколькі я магу меркаваць з досьведу выкарыстаньня падобных сыстэм і картаў (як з кампутарам, так і карыстаючыся звычайным тэлефонам) – гэта шырока распаўсюджана сярод тэлефонных кампаній за мяжой, у прыватнасьці, у ЗША. У Беларусі таксама ёсьць падобная паслуга, на сайце “Белтэлекаму” яна згадваецца як “паслуга на базе інтэлектуальнай плятформы з перадачай па IP-тэлефаніі”. Тарыфы больш нізкія, чым на званкі па звычайных тэлефонных каналах. Але, тым ня меней, яны досыць высокія ў параўнаньні з тарыфамі кампаній, якія займаюцца гэтым за мяжой”.

Карэспандэнт: “Які, на ваш погляд, спосаб злучэньня найбольш эфэктыўны?”

Парамонаў: “Найбольш даўняй сыстэмай інтэрнэт-тэлефаніі, якая ўжо перавярнула сьвет гэтых камунікацый, зьяўляецца Skype – кампанія, набытая амэрыканскай EBM за суму блізу 2,5 мільярда даляраў. І яна дазволіла рабіць званкі ня толькі паміж карыстальнікамі кампутараў (пры гэтым заяўляюць, што гэта заўсёды будзе бясплатна праз інтэрнэт), але і прапанавалі паслугу званкоў на тэлефоны стацыянарныя (дротавыя) і мабільныя па абсалютна разумных тарыфах. 27 краін было ў першапачатковым сьпісе на карыстаньне паслугай “скайп-аўт” і можна было званіць па тарыфу 1,7 эўрацэнта за хвіліну. Цяпер тарыфы крыху іншыя, дадалі плату за злучэньне, але ўсё роўна гэта на парадкі ніжэй за кошты клясычных тэлефонных званкоў”.

ІР-тэлефанію – на базу інтэлектуальнай плятформы

У групе інфармацыі і камунікацый прадпрыемства “Белтэлекам” кажуць, што беларускія карыстальнікі могуць далучыцца да некаторых відаў інтэрнэт-тэлефаніі. Але сыстэма Skaype па-за пералікам – Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ня лічыць яе выкарыстаньне ў Беларусі мэтазгоднай:

Парамонаў: “Ёсьць некалькі відаў ІР-тэлефаніі. Але ў любым выпадку гэта прадстаўленьне паслугаў тэлефоннай сувязі па інтэрнэт-каналах. Там, натуральна, і хуткасьці іншыя, і якасьць іншая бывае. Аднак у бальшыні выпадкаў гэта робіцца “кустарным” спосабам. Карыстаюцца Skype, які дазволены ў бальшыні краінаў сьвету. У нас пазыцыя Міністэрства сувязі з гэтай нагоды крыху іншая, яе ўсе цудоўна ведаюць і “Белтэлекам” да гэтага ніякіх адносінаў ня мае. У нас маюцца напрамкі ІР-тэлефаніі, якія рэалізуюцца на базе інтэлектуальнай плятформы. Сюды ўваходзяць сэрвісныя тэлефонныя карты. Прасьцей кажучы, яны дазваляюць вам тэлефанаваць з-за мяжы ці за мяжу па коштах, ніжэйшых звычайнага міжнароднага тэлефоннага злучэньня, і атрымліваць лепшую якасьць сувязі. Плюс да ўсяго, тэлефанаваць можна з таксафонаў. Гэта і называецца паслугамі інтэлектуальнай плятформы”.

За высокія тэхналёгіі – вялікія тэрміны

Віктар Парамонаў згадвае, што ў Беларусі створаны прэцэдэнт, які ніяк не спрыяе пераносу заходняга досьведу на беларускія рэаліі:

Парамонаў: “Дзесьці з год таму адна кампанія была асуджаная за незаконную дзейнасьць, сутнасьць якой была ў тым, што яна арандавала ў “Белтэлекаму” выдзеленую тэлефонную лінію добрай ёмістасьці і ўжо тут аказвала паслугі тэлефоннай сувязі для замежных апэратараў – танныя званкі ў Беларусь”.

Карэспандэнт: “Гэта якаясьці вядомая кампанія?”

Парамонаў: “Не, хтосьці за мяжой заснаваў беларускую кампанію, якая, не атрымліваючы ліцэнзію на гэтую справу, фактычна, стала аказваць паслугі тэлефоннай сувязі. Сутнасьць у чым: яны прымалі ўваходныя званкі праз інтэрнэт і тут трансьлявалі іх на дротавую сувязь. Але іх дзейнасьць была прызнаная незаконнай і адпаведна, яны атрымалі тэрміны зьняволеньня. Тэхналягічна тут ўсё досыць зразумела: праз інтэрнэт – уваходныя тэлефанаваньні, а ўжо тут некалькі ліній, каб абслужыць патокі па мясцовых тарыфах (беларускіх, лякальных ці міжгародніх) ператрансьлююцца на ўнутраную тэлефонную сетку. Эканамічна гэта досыць выгадна, але гэта аказалася непрымальна для існуючай сыстэмы сувязі. Адсачыць такія рэчы тэхнічна можна. Для таго, каб існаваць, кампанія павінна была рэкляму даваць, заключаць дамовы з гандлярамі тэлефонных паслугаў за мяжой. Думаю, менавіта такім чынам на гэтую кампанію выйшлі і спынілі яе дзейнасьць”.

Інтэрнэт-тэлефанію блякуюць “дротавыя” лябісты

Праграміст Сяргей Пратасаў колісь выношваў ідэю заснаваць фірму для прадстаўленьня паслугаў інтэрнэт-тэлефаніі. Аднак пераканаўся, што ў бліжэйшым час легалізаваць гэты кірунак у Беларусі амаль немагчыма:

Парамонаў: “У нас забараняецца, таму што гэта лічыцца атрыманьнем прыбытку – калі чалавек пачынае выкарыстоўваць інтэрнэт-тэлефанію і, адпаведна, прадстаўляць паслугі. Але з гледзішча спажыўца ва ўсім сьвеце прызнана: гэта станоўчая зьява, паколькі гэта нашмат таньней за звычайную дротавую тэлефонную сувязь. Апроч таго, што да Skype, то некаторыя заходнія апэратары ўжо пачалі выпускаць мабільныя тэлефоны, якія будуць падтрымліваць пратаколы, прадстаўленыя Skype, і можна будзе размаўляць нашмат дзешавей. Таму з пункту гледжаньня зручнасьці карыстальніка – гэта вялікі крок наперад. Адзінае, што супраць гэтага выступаюць апэратары традыцыйнай дротавай сувязі, якія лябіруюць свае інтарэсы. Але ў сэнсе таннасьці, дык інтэрнэт-тэлефанія нашмат таньнейшая. Адзінае, што ў нас каналы не настолькі добра разьвітыя, каб хутка перадаваць голас. Але людзі, якія карыстаюцца гэтым у сваіх мэтах, адзіныя ў высновах: гэта надзвычай зручна і танна. Прыкладам, з Канадай праз інтэрнэт пагаварыць – зусім ня тое, што праз тэлефон. Адчуваецца, што сувязь горшая, чым мабільная, але зразумець голас можна, ніякіх праблемаў”.

• Чаму інтэрнэт “оптам” у манапаліста ў чатыры разы даражэйшы за “раздроб”?, 30.10.2007 • Дзяржаўныя хакеры “душаць” незалежны сэктар інтэрнэту колькасьцю , 30.10.2007 • Каб спаралізаваць інтэрнэт у краіне, досыць аднаго праграміста , 25.10.2007 • WiFi у Менску пакуль бясплатны, 28.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG