Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>П.Якубовіч: “Гэта былі вельмі пазытыўныя сустрэчы”</B>


Радыё Свабода Ізраільскі бок лічыць інцыдэнт вакол выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі вычарпаным. Пра гэта падчас сустрэчы з рэдактарам газэты "Советская Белоруссия" Паўлам Якубовічам заявіў намесьнік кіраўніка аддзелу Цэнтральнай Эўропе і Эўразіі Міністэрства замежных спраў Ізраілю Піні Авіві, паведамляе ізраільскае выданьне "Haaretz".

Амаль тыдзень галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч знаходзіцца ў Ізраілі. На сустрэчы ў МЗС гэтай краіны ён заявіў, што словы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб габрэйскім народзе варта разглядаць як "жартаўлівыя, несур''ёзныя", яны "не адлюстроўваюць сапраўднай пазыцыі ў адносінах да яўрэяў", піша "Haaretz". Заявы гэтыя "можна расцэньваць па-рознаму, але ня як антысэміцкія".

Сёньня ўвечары Павал Якубовіч, які знаходзіцца ў Тэль-Авіве, распавёў Радыё Свабода:

“У мяне былі сустрэчы з грамадзкімі арганізацыямі, у тым ліку, і з Аб’яднаньнем беларускіх габрэяў у Ізраілі. Былі сустрэчы ў Кнэсэце, Міністэрстве замежных спраў – з кіраўніцтвам Міністэрства. Міністар замежных спраў Ізраілю Цыпі Ліўні ў дзень майго прыезду зьехала з візытам у Кітай, таму я сустракаўся зь яе намесьнікам. Былі перамовы з віцэ-прэм’ерам спадаром Лібэрманам. Гэта былі вельмі пазытыўныя сустрэчы, і, як мне падаецца, вельмі пазытыўныя”.

Павал Якубовіч і амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня ў Кнэсэце сустрэліся са старшынёй парламэнцкай камісіі па зваротах грамадзян Софай Ландвер. Павал Якубовіч ўдзельнічаў таксама ў “прамых лініях” у некалькіх расейскамоўных выданьнях, быў госьцем 9 каналу ізраільскага тэлебачаньня.

Галоўны рэдактар “Советской Белорусии” прабудзе ў Ізраілі яшчэ тры дні.

• Эліягу Валк: “Якубовіч няправільна выконваў сваю місію”, 31.10.2007 • П.Якубовіч: словы Лукашэнкі пра габрэяў – жартаўлівыя, 31.10.2007
XS
SM
MD
LG