Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эліягу Валк: “Якубовіч няправільна выконваў сваю місію”


Радыё Свабода Паведамленьне пра тое, што Ізраіль лічыць вычарпаным інцыдэнт зь вядомымі выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі пра габрэяў, мы папрасілі пракамэнтаваць першага пасла Ізраіля ў Беларусі Эліягу Валка.

Валк: "Трэба, па-першае, адзначыць той факт, што зь Беларусі быў накіраваны спадар Якубовіч, як асабісты прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі. Ён быў ня толькі ў МЗС, але і ў іншых месцах.

Наконт заявы, што Ізраіль лічыць інцыдэнт вычарпаным. Ведаеце, з пункту гледжаньня міждзяржаўных адносінаў інцыдэнту амаль не было.

Лукашэнка ніяк дзяржаву Ізраіль не закрануў. Але варта ўлічыць, што дзяржава была створаная ў значнай ступені зь Беларусі, прынамсі, з Бабруйску. Таму абвінавачваньне габрэяў у неахайнасьці не магло пакінуць нашу краіну абыякавай.

Наконт таго, ці зьяўляецца Лукашэнка антысэмітам, то я гатовы часткова прыняць заявы Паўла Якубовіча, які неафіцыйна тут казаў, што Лукашэнка ня большы антысэміт, чым любы іншы беларус. Зьедлівае стаўленьне да габрэяў – частка беларускай, славянскай псыхалёгіі і нават фальклёру. Так што я згодны, што Лукашэнка ня большы антысэміт, чым многія кіраўнікі, скажам, Украіны ці Расеі.

Што ж тычыцца Якубовіча, то самы факт, што яго накіравалі для тлумачэньняў, сьведчыць, што разумныя людзі там зразумелі, што адбылася вялікая накладка і трэба гэта неяк урэгуляваць.

Што да самой місіі Якубовіча, то я лічу, што ён выконваў яе няправільна. Прыехаць у краіну, дзе свабодныя СМІ, дзе ўсе ведаюць пра зьнікненьні іншадумцаў, і пра расправы з дэманстрантамі, пра тое, як там праводзяць выбары... І выступіць перад натоўпам, які сабраўся каля помніку ахвярам менскага гета, і заявіць, што Лукашэнка – вялікі сябар габрэяў, што ён быў першым кіраўніком краіны, які прыйшоў на Яму. Гэта – проста кепскі прафэсіяналізм".



Мэмарыял “Яма” – адно з месцаў масавых распраў нацыстаў над вязьнямі менскага гета ў гады Другой сусьветнай вайны. Знаходзіцца ў раёне вуліцы Мельнікайтэ (былой Ратамскай).



• П.Якубовіч: словы Лукашэнкі пра габрэяў -- жартаўлівыя, 31.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG