Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адрозьніваецца Нью-Ёрк ад Бабруйску?


Зьміцер Бартосік, Бабруйск Новая перадача сэрыі “Падарожжы Свабоды”. (эфір 30 кастрычніка 2007)

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Пасьля сталіцы ў Бабруйску адчуваеш вострае жаданьне нясьпешна шпацыраваць. Гэты дзіўны горад, быццам і пазбаўлены адзінага архітэктурнага ансамблю, утварае цудоўную мазаіку з будынкаў розных стыляў і часоў. У Бабруйску ёсьць чым пацешыць вока.

Драўляныя дамкі з карункавымі шалёўкамі суседзяць з дыхтоўнымі камяніцамі, не пазбаўленымі фасаднага форсу. Будынак у прускім стылі побач з рамантычнай воданапорнай вежай, у якой разьмясьціўся рэстаран. Чырвоная цэгла былога гатэлю тут гарманічна дапаўняе мадэрновыя вокны суседняга даходнага дому.

Леташнія Дажынкі Бабруйск зусім не сапсавалі. Хутчэй наадварот. Расфарбаваны ў розныя колеры, гэты горад яшчэ больш выявіў сваю разнастайнасьць.

Але раптам сярод мноства архітэктурных дэталяў вока выхапіць адну, вельмі характэрную рысу — шасьціканцовая каменная зорка. Пасьля заўважыш парослы бур’янам мур з вокнамі ўсходняга ўзору. І захочацца пачуць спрадвечную мову Бабруйску — ідыш.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Мы шпацыруем з бабруйскім краязнаўцам, патрыётам свайго гораду Аляксандрам Чугуевым па адной з вуліцаў цэнтру, якой не закранулі Дажынкі. На былой вуліцы Інваліднай засталося ўсё так, як было сто гадоў таму — нават брук.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Аляксандар: “Месцамі тут захаваўся стары брук. Бабруйск — гэта габрэйскае мястэчка. Мне давялося вывучаць матэрыялы ў архіве, справаздачы ўпаўнаважанага ў рэлігійных культах, паваенныя дакумэнты, і там вельмі дакладна ў лічбах паказана, хто, колькі, у якіх адносінах і якія нацыянальнасьці ў Бабруйску жылі.

Уласна кажучы, працэнтаў семдзесят пяць было габрэйскага насельніцтва. А беларусы, яны жылі на хутарах. А цэнтар гораду і будаваўся на грошы габрэяў, і ўзьнік дзякуючы ім”.

Чамусьці старыя, пачарнелыя ад часу, але моцныя дамы стогадовай даўніны выглядаюць нашмат прывабнейшымі за шэрыя катэджы, якія ўжо там-сям зіхцяць мэталадахоўкай.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Аляксандар: “Вось, напрыклад, гэты драўляны дом. Чорны. Я магу даць гарантыю, што ён па вайне захаваўся, як ёсьць. І тут жыла нейкая габрэйская сям’я. І адсюль, з гэтай вуліцы пайшлі заснавальнікі прафсаюзнага руху, і Бунду. Цяпер мы ідзем па вельмі гістарычнай вуліцы”.

Карэспандэнт: “Ад гэтай эпохі што-небудзь засталося?”

Аляксандар: “Цяпер не. Гэта сапраўды была эпоха. Людзі старэйшага веку штораз адзначаюць, што з ад’ездам габрэяў зьнік нейкі калярыт. Зьнікла неперадавальная атмасфэра, якая панавала ў горадзе. Па шасьцідзясятых гадох сюды прыехалі былыя жыхары навакольных вёсак”.

Сярод старасьвецкіх пабудоваў заўважаю яркую ружовую пляму невялікай царквы — таксама хата, але з надбудаванай званіцай.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Аляксандар: “Называецца дакладна “древнеправославная старообрядческая церковь пресвятой Богородицы”. Гэта навабуд. Калі я не памыляюся, на гэтым месцы раней стаяла вінная крама. А цяпер царква.

Гэта вельмі па-бабруйску — што ў традыцыйным габрэйскім асяродку зьяўляюцца праваслаўныя цэрквы, дзе раней іх і ўявіць нельга было…

Вось, можаце пабачыць. Драўляны дамок і кветкі перад плотам. Вось вам Бабруйск”.

Карэспандэнт: “А ад часу старога Бабруйску засталіся хоць нейкія традыцыі?”

Аляксандар: “Напрыклад, традыцыя хадзіць на рынак. Заўжды гаспадыні хадзілі на рынак. І цяпер гэта працягваецца. Усіх, каго вы хочаце сустрэць, можна сустрэць на рынку”.

Да гаспадыні аднаго з дамоў, старой з сумнымі, як мне падалося, вачыма, я напрасіўся ў госьці. Надзея — пэнсіянэрка. У Бабруйск пераехала на пачатку шасьцідзясятых.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Надзея: “Чым адрозьніваецца Нью-Ёрк ад Бабруйску? У Нью-Ёрку чорныя на ўскраінах, а ў Бабруйску ўсярэдзіне. Гэта такі анэкдот хадзіў”.

Карэспандэнт: “Габрэяў многа было тады?”

Надзея: “Палавіна, напэўна. Гэта ж габрэйскі горад. Яны вельмі хітрыя. Што ў іх на душы, ніхто ня ведае, але зь імі было лёгка. Яны вельмі былі ветлівыя, культурныя. Мы ня чулі, як цяпер ідзеш... Мат на маце. Габрэі — гэта культурная нацыя. А мы халопамі былі, халопамі й засталіся”.

Карэспандэнт: “А ў чым выяўлялася гэтая культура?”

Надзея: “Яны былі ва ўсім культурнейшыя, і ў паводзінах асабліва. Зь імі было вельмі лёгка. Яны і дапамогуць заўжды. Нашы людзі, як у тым анэкдоце, калі ты з бочкі са смалой вылазіш, цябе заткнуць. Гэта нашы людзі. А яны выцягнуць любога. А калі іх ня стала...”

Калі іх ня стала, горад нібы згубіў свой непаўторны твар. Так лічыць бабруйскі навуковец, этнограф Аляксей Нянадавец.

Спадар Аляксей прыехаў у Бабруйск напачатку васьмідзясятых, калі спрадвечныя гаспадары гораду яшчэ жылі тут. Нянадавец вельмі ўдзячны лёсу, што пасьпеў іх пабачыць і пачуць.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Аляксей: “Зьнік цэлы пласт культуры. Мне было так цікава стаяць збоку ці ззаду й слухаць, як размаўляюць старыя габрэі. Гэта такі калярыт быў. Потым габрэйская архітэктура. Адзін дом не паўтараў другога.

Чырвоная розэнбэргаўская цэгла — які ўваходзіў у сындыкат усясьветных гандляроў. Цяпер адмываюць гэты чырвоны колер, глядзяць, як яна блішчыць. Ведаеце, такое пачуваньне вечнасьці. Настолькі трывала”.

Карэспандэнт: “А што-небудзь перадалося ад іх бабруйчанам? Насельніцтва негабрэйскае пераняло ад іх ці не?”

Аляксей: “Давайце я лепш скажу пра сябе — што я мог пераняць ад габрэяў, зь якімі быў знаёмы. Па-першае, пачуцьцё годнасьці. Па-другое, гэта імкненьне да прафэсіяналізму. І потым пачуцьцё гумару.

Я засьпеў славутага Зяму, які быў сябрам майго цесьця. Побач з базарам быў магазын “Паляўнічы”. Ён там... Гэта быў кладзезь прыказак і прымавак. Там хацеў ці не хацеў, а што-небудзь ды купляў. Там усе клаліся з рогату.

Ён тут жа за прылаўкам выпіваў з пакупніком. Тут жа кажа: “Абмылі? Абмылі. Ну, не купіў. Наступным разам цябе абмыем”. У сэнсе, ногі. Разумееце? Настолькі ў яго гэта было высока пастаўлена.

Я памятаю легендарнага Мадэста, у гатэлі “Бабруйск”, у рэстаране. Ён быў легендарны повар. І калі яны адзін да аднаго набліжаюць твары і пачынаюць крычаць на ўсю вуліцу. І потым адзін на аднаго гавораць: “Чаго ты крычыш?” “Я думаў, што ты ня чуеш”. “Каб ты так еў, як я ня чую”.

Кампазытарка Валянціна Сярых, аўтарка вядомай Данчыкавай песьні “Мы яшчэ сустрэнемся...”, карэнная бабруйчанка. У горад дзяцінства Валянціна прыехала, каб наталіць настальгію па страчаным.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Валянціна: “Пасьляваенны час быў цяжкі, але вельмі вясёлы. І ўспаміны пра яго прыемныя. Была нейкая дэмакратычнасьць, прастата ў адносінах. Хадзілі на госьці, хадзілі на хрэсьбіны, хадзілі на вясельлі.

Акрамя таго, што былі габрэйскія звычаі, яны пераклікаліся і зь беларускімі. Напрыклад, стравы. Фаршыраваная рыба. Бацька мой на Бярэзіне лавіў яе. Такім чынам выжывалі ў галодны час пасьля вайны.

І яны краўцы былі. Заўсёды ўсе імкнуліся трапіць пашыць новы касьцюм ці сукенку абавязкова да габрэйскага краўца. Ён лепей гэта зробіць. Жаночыя галаўныя ўборы таксама яны рабілі добра. З футра і са скуры, упрыгожвалі. Думаю, многае ў модзе пяцідзясятых, шасьцідзясятых пайшло з габрэйскага нацыянальнага стылю”.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

У Бабруйскім краязнаўчым музэі, зь вельмі багатай і густоўна зробленай экспазыцыяй, дзе ёсьць грунвальдзкі рыцар у дасьпехах, дзе ёсьць шыкоўны макет Бабруйскай крэпасьці (можа, найлепшы ў Беларусі ўзор такога кшталту), дзе ёсьць гусарскія ківеры напалеонаўскай вайны і аўтаматы вайны апошняй, у гэтым музэі зусім няма нават кутка, прысьвечанага бабруйскаму габрэйству.

На маё зьдзіўленьне, супрацоўніца адказала — маўляў, навошта вылучаць адну са шматлікіх нацыянальнасьцяў. Сама супрацоўніца прыехала з Архангельску. У той час, калі “прадстаўнікі адной з нацыянальнасьцяў”, якая будавала, фандавала, напаўняла гэты горад культурай і традыцыямі, ужо пакрысе ад’яжджалі.

Больш за ўсё я баўся, што так і не пачую ў сёньняшнім Бабруйску ідыш. Але ўсё ж на гэтай мове ў Бабруйску яшчэ ёсьць каму гаварыць.

Фаіна Пінхусоўна Айзэнштат, былая валейбалістка і выкладчыца расейскай мовы, сёньня адна з тых нешматлікіх, хто нікуды няе зьехаў. Прыгожая старая з выразным сэміцкім профілем і разумнымі вачыма частуе мяне каваю.

Бабруйск, кастрычнік 2007.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць з кім пагаварыць на ідыш сёньня?”

Фаіна: “Я магу з вамі пагаварыць на ідыш. (На ідыш.) Ёсьць пажылыя людзі. Нямнога ўжо, але размаўляюць на ідыш”.

Карэспандэнт: “Што Бабруйск згубіў з масавым ад’ездам?”

Фаіна: “Бабруйчане, якія прыяжджаюць, а прыяжджаюць жа пастаянна... Няма разынкі ў горадзе. Адзін прыклад, вельмі цікавы. Прадаюць жанчыны яйкі на рынку. Я праходжу міма. Паміж сабой жанчыны размаўляюць. “Няма жыдоў. Няма каму яйкі купляць”.

Карэспандэнт: “Я сёньня зайшоў у краязнаўчы музэй. Я думаў, што знайду там прынамсі...”

Фаіна: “Нічога няма”.

Карэспандэнт: “Бабруйскае габрэйства павінна быць...”

Фаіна: “Павінна. Я вам скажу больш. Калі плянаваўся новы будынак музэю, там плянавалася заля габрэйскай культуры. Але. Але...”

Карэспандэнт: “А чаму?”

Фаіна: “А хто нам кажа, чаму?”

Я папрасіў спадарыню Фаіну ў якасьці сувэніру падарыць мне колькі фразаў на ідыш.

Фаіна, на ідыш: “Добра, што вы да мяне прыйшлі. Я магу вам шмат чаго расказаць. Я помню людзей, якія жылі ў Бабруйску”.

Слухаючы гукі спрадвечнай мовы беларускага мястэчка, я часткова зразумеў, што страціў і Бабруйск, і ўся Беларусь з масавым ад’ездам габрэяў.

Гэта нельга растлумачыць словамі. Гэта тое, што ў крыві. Ва ўменьні трымаць галаву, ва ўменьні слухаць суразмоўцу, ва ўменьні трапным словам зьняць напругу, ва ўменьні пажартаваць зь сябе.

І гэтаму ўменьню, падобна на тое, навучыцца нельга. Прынамсі, пасьля пяцісот сумесна пражытых гадоў яны гэтае ўменьне звозяць назаўжды. Пакідаючы нам дамы й вуліцы. Дарэчы, чыстыя вуліцы...

Бабруйск, кастрычнік 2007.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG