Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сацыяльнага маршу — два маршруты


Ганна Соўсь, Менск У рамках Сацыяльнага маршу ў нядзелю 4 лістапада пройдуць дзьве акцыі. Адна — дазволеным уладамі маршрутам ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. За гэта прагаласавала бальшыня сяброў аргкамітэту Сацыяльнага маршу. А прадстаўнікі шэрагу моладзевых арганізацыяў вырашылі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, як і плянавалася ад пачатку.

Сябра аргкамітэту Сацыяльнага маршу лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што сёньняшняе паседжаньне аргкамітэту было даволі бурным.

“Тэмпэратура была не мінусавая, скажам так. Большасьцю галасоў сябры аргкамітэту выказаліся за тое, каб ісьці маршрутам, вызначаным Менгарвыканкамам.

Разам з тым (адзначаю гэта як пазытыў) усё ж з паразуменьнем паставіліся да жаданьня й настрою прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў, а таксама прадпрымальнікаў і проста партыйных актывістаў, што Бангалор — усё ж месца непрымальнае.

І яны маюць права выкарыстаць той маршрут, які быў папярэдне пададзены ў заяўцы, якую падавалі ў Менгарвыканкам”, — лічыць лідэр АГП.

“Моладзь на Бангалор ня пойдзе ў любым выпадку”

Адзін з заяўнікаў Сацыяльнага маршу лідэр арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Міхась Пашкевіч тлумачыць пазыцыю шэрагу моладзевых арганізацыяў і абяцае сюрпрызы на акцыі.

“Аргкамітэт вырашыў, што бальшыня чальцоў аргкамітэту пачынае мерапрыемства а 12-й гадзіне ля Акадэміі навук й ідзе на Бангалор. Моладзь адпаведна зьбіраецца, як было першапачаткова анансавана, а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.

Іншая рэч, што нас усё роўна запрашаюць прыйсьці на Бангалор (хаця раскол з-за Бангалору і адбыўся), таму моладзь на Бангалор ня пойдзе ў любым выпадку. Фактычна будзе дзьве акцыі”.

Карэспандэнтка: “І вы пойдзеце да Нацыянальнай бібліятэкі?”

Пашкевіч: “Наконт маршруту... Мы ж ня ведаем, як будзе складвацца сытуацыя на Кастрычніцкай плошчы. Мы ня ведаем адпаведна — колькі людзей прыйдзе.

Насамрэч, калі прыйдзе каля ста чалавек, то я не лічу мэтазгодным весьці іх да бібліятэкі наагул, бо гэта будзе проста прафанацыя. Іншая рэч, я скажу, што ўсё ж некалькі сюрпрызаў на нас ёсьць”.

Дэпутатка Вольга Абрамава ня выступіць на Сацыяльным маршы

Сёньня ж дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, якая адзіная ў парлямэнце прагаласавала супраць закону аб скасаваньні льготаў, адмовілася выступіць перад удзельнікамі Сацыяльнага маршу. Пра гэта яна паведаміла старшыню аргкамітэту акцыі Валеру Ўхналёву.

Вольга Абрамава патлумачыла сваё рашэньне тым, што ня бачыць сэнсу ў правядзеньні Сацыяльнага маршу цяпер, калі закон ужо прыняты.

Паводле дэпутаткі, пратэставаць варта было раней, а цяпер гэта хутчэй нагадвае перавыбарчую кампанію, якую праводзяць напярэдадні парлямэнцкіх выбараў некаторыя палітычныя партыі.

Раней запрашэньні на Сацыяльны марш арганізатары дасылалі кіраўніку ўраду Сяргею Сідорскаму, намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч, сьпікеру Палаты прадстаўнікоў Вадзіму Папову ды іншым урадоўцам.

Ніхто зь іх не пагадзіўся выступіць на Сацыяльным маршы.

• За “Сацыяльным маршам” будуць назіраць дыпляматы, 30.10.2007 • Сканфіскавалі 5 тысяч налепак з абвесткамі пра “Сацыяльны марш”, 30.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG